Калісьці, рэагуючы на выхад у альманаху «Беларус» аповесьці Макса Шчура «Мінор», я пісаў, што аўтар відавочна пачынае адыходзіць ад празаічнага экспэрымэнту сваёй першай і на той час адзінай празаічнай кніжкі «Ліст, знойдзены на папялішчы».
Я пісаў, што «аповед пра адну паездку ў Мюнхэн, да старога сябры, ператвараецца для аўтара ў найважнейшы эпізод духоўнай біяграфіі, які стаецца падзелам жыцьця: з экзальтаванага й легкадумнага эўрапэйца-прыежджага-нэафіта ён робіцца ўласна эмігрантам, будучыня якога стаецца цьмянай, і толькі мінулае асьвятляе і разьвейвае гэтую цьмянасьць. Аўтабіяграфічны міт, які ствараецца ў аповесьці пісьменьнікам (у тым ліку ў выніку ўнутранага маналёгу апавядальніка, які асэнсоўвае сам працэс, характар і тэматыку пісьма), выходзіць з вузкіх асобасных межаў і кранае больш тонкія матэрыі — такія, як „вечнае вяртаньне“». Усё гэта мне згадвалася і пры чытаньні новага раману Макса Шчура «Завяршыць гештальт», выдадзенага ва ўкраінскім Тэрнопалі прамоўтарам беларускай кнігі Юрком Завадзкім. Такім чынам, у Шчура ўжо дзьве кнігі прозы. Хоць напісанага паміж «Лістом...» і «Гештальтам...», наколькі мне вядома, хапіла б яшчэ на тры-чатыры...
«Завяршыць гештальт» (як і «Мінор») практычна вырашаны ў жанры травэлёгу, адно што арыентуецца ён не на беларускія ўзоры найноўшага часу, а хутчэй на сярэднявечныя хаджэньні ігуменаў, ігуменьняў і іншых манахаў. То бок самая «ўлісэя» тут хутчэй нагадвае духоўны пошук, праз што актывізуецца рэфлексія, а навакольнае асяродзьдзе пачынае дэталізавацца й «фатаграфавацца» выключна ў тым выпадку, калі гэта конча неабходна для той самай рэфлексіі. Раман Шчура, даволі аб’ёмны як на сёньняшнія меркі, такім парадкам пастаянна адыходзіць ад сюжэтнасьці і ўвесь час балянсуе на мяжы раманнай формы (а дзе яна цяпер, тая мяжа?).
Адпаведна, і чытач, які сядзе ці ляжа, каб «Завяршыць гештальт» разам з аўтарам, рызыкуе шточас адкладаць кніжку, абы знайсьці сабе месца ад узьніклых думак, інсьпіраваных шчуроўскай рэфлексіяй: пра «Эўропу» як панятак, час і месца; пра нечаканы росквіт этнічнага фактару; пра ўцекачоў — сырыйскіх, альжырскіх, украінскіх, беларускіх; пра Карла Маркса і ягоных праціўнікаў-адэптаў, левых і правых; канечне ж (і найбольш!), пра расейцаў — куды ад іх падзецца ў 2010-я?; пра крызыс сярэдняга ўзросту і доўгую дарогу да Амстэрдаму.
Бо менавіта ў Нідэрлянды выпраўляецца наш Уліс (гісторый усяго чатыры), праскі жыхар, выкінуты з працы незадоўга да саракагодзьдзя. Не маючы ніякага інтарэсу й мэты, акрамя як узнаўленьня й вэрыфікацыі ўспамінаў дваццацігадовай даўніны, ён едзе, мяняючы машыны, суразмоўцаў, гісторыі, гарады і краіны, ставячыся да ўсяго з невычэрпным скепсісам ды іроніяй. Шэнгенская бязьмежнасьць Эўропы, выглядае, нічога ня вартая ў параўнаньні з аблытанасьцю кожнага эўрапэйца рознага кшталту структурамі, сыстэмамі і ланцугамі. Адной з такіх сыстэмаў зьяўляецца кантрактная дамова па часовым абмене жытлом: Дамбартэр. Другой — сыстэма падарожжа Балбатранс, дзе цябе падкідаюць да пэўнага месца, а ў прызначаны час падбіраюць і вязуць далей: значна больш надзейна за аўтаспын і значна таньней, чым афіцыйны квіток.
Гэтыя тры лініі і трымаюць у зьвязцы ўсю кнігу, пастаянна чаргуючыся: рэфлексія, аўтападарожжа ў Галяндыю і размова з галяндзкімі адэптамі Дамбартэру. Першае месца тут правамерна займае рэфлексія, бо ж яна і найбольшая ў аб’ёме і ў пэўным сэнсе адцэнтроўвае дзьве «сыстэмы» — руху і домаабмену па дамоўленасьці. Цікава, пішучы гэты артыкул у 94-ую гадавіну дня нараджэньня Джэка Керуака, гаварыць пра падарожжа згодна дамоўленасьці. Кніжка Шчура, улучна з скепсісам, апавядае яшчэ й пра мутацыі ідэй вызваленага пакаленьня 60-х і пра тое, ува што ператварылася самая генэрацыя бітнікаў, гіпі, леварадыкалаў і іншых рэвалюцыянэраў, якія паўплывалі на сучасную «эўрапарадыгму» больш, чым хто яшчэ.
Я не скажу, што чытаньне кнігі Шчура ёсьць досьведам забавы ці адпачынку: дабіўшы яе, я нібы загарнуў філязофскі трактат Гегеля ці Кіркегара — таму для прыхільнікаў эстэцтва, сюжэтнасьці, вобразнасьці і г.д. гэты раман-травэлёг можа стаць расчараваньнем. Не для аматараў папкорну ён пісаўся, відавочна. Аднак што вабіць асабіста мяне ў дадзеным выпадку — абсалютная нефарматнасьць што да традыцыі беларускай прозы (калі не лічыць згаданыя «хаджэньні»). То бок гэта раман не пра Беларусь, а пра Эўропу — але на беларускай мове. Як на маё гледзішча, было б здорава мець у нашай літаратуры зь дзясятак такіх кніжак. Проста мусяць яны быць, бо іначай гермэтычныя штудыі канчаткова прыдушаць наш кіслотна-шчолачны балянс.