Тры тэмы для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста.
Дракахруст: Сёньня каля Дому ўраду ў цэнтры Менску адбылася акцыя індывідуальных прадпрымальнікаў. Нагадаю, што старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка і палітык Мікола Статкевіч пэўны час таму падалі заяўку на 14 сакавіка на марш прадпрымальнікаў ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў, а таксама на мітынг у парку. І атрымалі адмову і на адно, і на іншае. Тады заяўнікі заклікалі індывідуальных прадпрымальнікаў забрацца 14 сакавіка каля будынку Міністэрства падаткаў і збораў у цэнтры Менску і масава падаць заявы з патрабаваньнем скасаваць указ № 222.
Напярэдадні акцыі ўрадоўцы выступілі з заявамі пра пэўныя палёгкі прадпрымальнікам, паведамілі пра зьмяншэньне памераў штрафаў, прадугледжаных гэтым указам.
Сёньня на акцыю сабралася некалькі соцень чалавек — прыкладна столькі ж, колькі прыходзіла на акцыі на заклік Аляксандра Макаева на Кастрычніцкую плошчу 15, 22 і 28 лютага. Сёньня выглядае, што было больш прадпрымальнікаў, менш грамадзянскіх актывістаў.
Як і мінулыя разы, міліцыя акцыю не разганяла, але пры гэтым была сытуацыя, калі міліцыянэр складаў пратакол на мітынгоўца — свайго аднавяскоўца. І словы таго мітынгоўца пра міліцыянэра: «Ён добры хлопец, але лёс разьвёў нас па розныя бакі барыкадаў».
Відаць, дзякуючы пазыцыі Анатоля Шумчанкі, лёзунгаў і сьцягоў было няшмат, аднаго ўдзельніка Шумчанка нават папрасіў прыбраць сьцяг і лёзунг і сказаў начальніку менскай міліцыі: «Рэвалюцыі сёньня ня будзе».
Варта адзначыць станоўчую рэакцыю ўдзельнікаў акцыі на выступ Статкевіча.
Варта адзначыць станоўчую рэакцыю ўдзельнікаў акцыі на выступ Статкевіча — палітык сёньня гаварыў ня так, як гаворыць звычайна на мітынгах, і гэта знайшло водгук у людзей — ня сталых ўдзельнікаў падобных акцыяў.
Даволі ўдалай падалася новая форма — збор на мітынг дзеля падачы пэтыцыяў. Якая ад іх будзе карысьць — гэта пытаньне спрэчнае, у Беларусі шмат пад якімі пэтыцыямі подпісы зьбіралі і толку ад таго было няшмат, але тут справа ў супольным дзеяньні як такім. Вынік ад збору адно для паўтарэньня патрабаваньняў і праклёнаў таксама невідавочны.
Колькасьць людзей, якія прыйшлі да міністэрства, прымушае пагадзіцца з думкай, выказанай у адной з нашых перадач Валерам: 300-800 чалавек на плошчы ў цяперашні час — гэта нейкая канстанта. Прынамсі, на недазволеную акцыю, але якую не разганяюць. Пасьля заяваў кіраўніка МУС Ігара Шуневіча зразумела, што пэўны час і ня будуць. Кліча на плошчу Макаеў, Шумчанка ці Статкевіч — прыходзіць у прынцыпе аднолькавая колькасьць. У адным выпадку больш актывістаў, у іншым — ІП, але балянс прыкладна аднолькавы.
Магчыма, падобныя акцыі без разгонаў раскартухаюць грамадзтва, разьвеюць страх. Як напачатку 90-х акцыі БНФ бывалі і нешматлюднымі, а потым каталізавалі масавы пратэст у красавіку 1991 году. Тады рабочыя пайшлі па шляху, «пратаптаным» БНФ. Але пакуль — некалькі сотняў.
Карбалевіч: Галоўная характарыстыка — акцыя нешматлікая. Хоць былі спадзевы, што калі кіраўнік «Пэрспэктывы» Шумчанка арганізуе акцыю, то ІП актыўна падтрымаюць яго. Бо дасюль «Пэрспэктыва» праводзіла масавыя форумы, на якіх зьбіралася да 2 тысячаў чалавек, нават стаялі ў калідорах. І ўвогуле гэта самая масавая арганізацыя ІП.
Ранейшыя выхады на плошчу арганізоўваў Алесь Макаеў і іншыя найбольш рашуча настроеныя прадпрымальнікі. І вось думалася, што калі «Пэрспэктыва» закліча людзей выйсьці на вуліцу, то прыйдзе некалькі тысячаў. Тым больш, што напярэдадні гэтай сустрэчы ўзьніклі спрэчкі, жарты, нават канфлікты, якія па лёгіцы павінны былі б падаграваць цікавасьць да акцыі. Насамрэч выйшла 250-300 чалавек.
Сапраўды, шмат ІП ужо выйшла на працу, бо чакаць два з паловай месяцы людзі ня могуць.
Шумчанка кажа, што падасьць заяўку на марш тады, калі пачнуцца канфіскацыі.
Што далей? Усё няпэўна. Шумчанка кажа, што падасьць заяўку на марш тады, калі пачнуцца канфіскацыі. Бо цяпер ІП працуюць незаконна, без сэртыфікатаў якасьці. Але, думаю, ўлады, ведаючы пра гэта, будуць трымаць паўзу, і не правакаваць ІП, пакуль жарсьці не ўлягуцца. А потым як звычайна, беларусы адаптуюцца.
Для ўладаў цяпер галоўнае цягнуць час, пакуль пратэстны патэнцыял не расьцярушыцца. Час працуе на ўладу.
Цыганкоў: З кожнай акцыяй робіцца ўсё больш відавочна, што акцыі прадпрымальнікаў на сёньня ня ў стане ахапіць вялікую колькасьць удзельнікаў далей за згаданую канстанту. Іх пратэст усё больш пераўтвараецца ў своеасаблівы Гайд-парк — дзе можна ўсё казаць, але на які мала хто зьвяртае ўвагі.
У значнай ступені клопаты і праблемы прадпрымальнікаў застаюцца клопатамі дастаткова вузкай групы насельніцтва.
Гэтую тэму актыўна абмяркоўваюць на дзяржаўных каналах, і цікава, што там галоўны апанэнт прадпрымальнікаў — гэта хутчэй не чыноўнікі, а прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Бачыў тэлешоў, дзе найбольш агрэсіўна ІП атакаваў прадстаўнік віцебскага швачнага прадпрыемства, які даказваў, што любая краўчыха зь ягонага прадпрыемства плаціць падаткаў больш чым ІП. І, маўляў, ІП маюць меншыя цэны толькі з-за таго, што плацяць менш падаткаў у бюджэт.
Таму я паўтаруся, у значнай ступені клопаты і праблемы прадпрымальнікаў застаюцца клопатамі дастаткова вузкай групы насельніцтва. Тыя людзі, якія зьяўляюцца іх спажыўцамі, пакуль неяк не запальваюцца ідэямі салідарнасьці з ІП, бо ня бачаць, каб гэтая праблемы неяк крытычна ўплывала на іхняе жыцьцё.
Падсумоўваючы, можна сказаць — гісторыя Беларусі паказвае, што нейкія вялікія ўзрушэньні, сапраўды масавыя акцыі можа выклікаць тэма, якая важная для большасьці жыхароў краіны, а не для нейкай адной сацыяльнай ці прафэсійнай групы. Гэта ці пагроза незалежнасьці, ці магчымасьць зьмены ўлады.