9 сакавіка а 11-й Надзея Саўчанка мае выступіць у Данецкім гарадзкім судзе Растоўскай вобласьці з апошнім словам.
Саўчанка ўжо шосты дзень трымае сухую галадоўку. Раней адвакаты выказвалі асьцярогі, што з-за сухой галадоўкі яна фізычна ня зможа выступіць у судзе.
Тэкст апошняга слова Надзеі Саўчанкі быў апублікаваны ў інтэрнэце 3 сакавіка — адразу пасьля таго, як суд, ня даўшы ёй магчымасьці выступіць, перанёс паседжаньне на 9 сакавіка.
У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў пад Луганскам: яна нібыта вяла карэкціроўку артылерыйскага агню, калі яны былі забітыя разам зь некалькімі мірнымі мясцовымі жыхарамі. Пасьля абстрэлу Саўчанка без дакумэнтаў пад выглядам уцякачкі нібыта перасекла мяжу Расеі, дзе і была затрыманая.
Саўчанка гэтыя абвінавачваньні абвяргае і сьцьвярджае, што ў той час, калі загінулі журналісты, яна ўжо была захопленая сэпаратыстамі «ЛНР», якія потым пераправілі яе ў Расею.
З 7 сакавіка ў гарадах Украіны і Расеі, а таксама ў Менску і ў іншых краінах праходзяць акцыі з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Надзею Саўчанку.