Расейская тэнісістка Марыя Шарапава прызналася, што ў студзені праваліла тэст на допінг падчас турніру Вялікага Шлема ў Аўстраліі.
У часе экстранай прэс-канферэнцыі, трансьляцыя якой вялася на сайце спарцмэнкі, Шарапава заявіла, што на працягу дзесяці гадоў прымала лек мільдранат, прапісаны яе сямейным лекарам, якога не было ў сьпісе забароненых прэпаратаў.
Паводле яе, зь нядаўна атрыманага ліста ад Міжнароднай фэдэрацыі тэнісу яна даведалася, што гэтыя лекі з пачатку 2016 году ўнесеныя ў сьпіс забароненых прэпаратаў. У выніку яе допінг-тэст даў станоўчы вынік.
Шарапава адзначыла, што прызнае сваю памылку і гатовая супрацоўнічаць з антыдопінгавымі ўладамі.
«Я зрабіла вялікую памылку. Я падвяла заўзятараў, я падвяла спорт», — сказала Марыя Шарапава на прэс-канфэрэнцыі ў Лос-Анджэлесе.