Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў «бутэлечку»


Чэская рэжысэрка Яна Свобадава, швэйцарскі рэжысёр Філіп Шэнкер зь беларускімі ўдзельнікамі спэктаклю Яўгенам і Ганнай. Фота Крысьціны Шыянок.
Чэская рэжысэрка Яна Свобадава, швэйцарскі рэжысёр Філіп Шэнкер зь беларускімі ўдзельнікамі спэктаклю Яўгенам і Ганнай. Фота Крысьціны Шыянок.

Беларускія ўцекачы расказваюць сваю гісторыю ў спэктаклі чэскага і швэйцарскага рэжысэраў.

Яўген С. і Ганна Ш. былі сярод тых маладых людзей, хто заклікáў у Беларусь перамены аплядысмэнтамі. Яны патрапілі ў міліцыю, потым Яўгена выключылі з геафаку БДУ. Маладая пара вырашыла, што пэрспэктыў дома, акрамя перасьледу ня будзе, і зьвярнулася па чэскую візу. У Прагу яны выехалі нібыта ў вясельнае падарожжа. У аэрапорце, ня ведаючы мовы, напісалі на лісьце паперы «We look for alysum» (замест анг. asylum : «Мы шукаем прытулку»). Чэскія паліцэйскія ўрэшце парадзілі, як дабрацца ў лягер для ўцекачоў. Так маладыя апынуліся ў чэскім мястэчку Костэлэц над Орліцы (Kostelec nad Orlicí).

Чэская рэжысэрка Яна Свобадава (Jana Svobodová) і яе швэйцарскі калега Філіп Шэнкер (Phillip Schenker) выбралі Костэлэц як узор чэскага правінцыйнага гарадка для свайго экспэрымэнту. Паставілі на галоўнай плошчы палатку, дзе прапаноўвалі мінакам каву або цыгарэту за «сюжэт», або жыцьцёвую гісторыю. Як высьветлілася, горад жыў у трох людзкіх вымярэньнях, трох супольнасьцях, якія амаль не перасякаліся: мясцовыя тубыльцы-чэхі, мясцовыя цыганы ды інтэрнацыянальныя ўцекачы ў тутэйшым лягеры.

Пажылая цыганка расказвае гісторыю, як яе суродзіча адмовіліся абслужыць у мясцовым рэстаране. Яўгену прыпякло, калі чэх на яго просьбу падказаць дарогу паслаў не туды, бо палічыў яго рускім. Ані было брыдка прыбіраць лягерную кухню ад крыві пасьля таго, як мусульманскія ўцекачы сьвежавалі там барана...

Каб зьмяшаць гэтыя пласты, рэжысэры прапанавалі ахвотным зайграць у гульню Vadí-nevadí, нешта як варыянт фантаў, ці раскруткі бутэлькі, калі ўдзельнікі атрымліваюць пытаньне ў лоб і адказваюць на яго варыянтам мне усё роўна ці не ўсё роўна (па-чэску nevadí або vadí). На сцэне праскага тэатру Archa 29 лютага паказалі аднайменны спэктакль Vadí-nevadí, дзе зайгралі ўсе самадзейныя акторы, уключна зь беларускай парай.

Кожны нёс сваю навуку ці крыўду, чым сёньня абарочваецца суіснаваньне сваіх і чужых, «нармальных» і іншых, большасьці і меншасьці. Пажылая цыганка расказвае гісторыю, як яе суродзіча адмовіліся абслужыць у мясцовым рэстаране. Яўгену прыпякло, калі чэх на яго просьбу падказаць дарогу паслаў не туды, бо палічыў яго рускім. Ані было брыдка прыбіраць лягерную кухню ад крыві пасьля таго, як мусульманскія ўцекачы сьвежавалі там барана...

Тэатр вынес свой дакумэнт на ацэнку чэскай публікі ў часе, калі міграцыйны крызыс у Эўропе зацьміў вастрыню мясцовай цыганскай праблемы. Прытым, паводле статыстыкі, колькасьць уцекачоў, што шукаюць прытулку ў Чэхіі апошнімі гадамі значна зьмяншаецца: у 2001-м у краіне было пададзена 18 000 просьбаў, летась — ужо 1 525. Ня ўсе атрымліваюць станоўчы адказ, але беларусы Яўген і Ганна атрымалі тут статус міжнароднай аховы на 10 гадоў. Яны выйшлі зь лягеру і перабраліся ў Прагу, дзе знайшлі працу. Іх аповед сьведчыць, што ўцякацкі лягер сам па сабе стаў ці не найбольшым выпрабаваньнем зь перажытага.

Сцэна са спэктаклю. Яўген і Ганна ў праскім аэрапорце з памылковым плякатам. Фота Крысьціны Шыянок.
Сцэна са спэктаклю. Яўген і Ганна ў праскім аэрапорце з памылковым плякатам. Фота Крысьціны Шыянок.

Паводле задумы рэжысэраў Яўген і Ганна вучаць чэскіх школьнікаў з Костэлца пляскаць у ладкі перад партрэтам Лукашэнкі. Вясёлая забава заканчваецца пытаньнем у лоб: а што б вас вымусіла ўцякаць з радзімы? Кожны знайшоў свой адказ, улучна з варыянтам «я б нікуды не ўцякаў».

Як мяркуецца, тэатар Archa будзе мець яшчэ пару паказаў спэктаклю ў Празе і Браціславе. Адметна, што ў самім Костэлцы спэктакль ня надта віталі, чэскія бацькі адклікалі з праекту некаторых вучняў, бо «няма чаго рабіць разам з цыганамі і ўцекачамі».

Сымбалічная бутэлька на сцэне паварочваецца рыльцам да публікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG