Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША вызначылі найбольш эфэктыўныя дыеты для страты вагі


Дыеты прыходзяць і сыходзяць, дражнячы і спакушаючы нас марамі пра дасканае цела: Ежце тое, што вы хочаце! Кіляграмы растаюць на працягу ночы! Рэальнасьць, добра вядомая расчараваным асобам: большасьць дыет не працуюць. Некаторыя зь іх могуць нават пагражаць вашаму здароўю.

Сёньня я распавяду пра пяць найбольш эфэктыўных дыет для страты вагі па вэрсіі Рэйтынга лепшых дыет Амэрыканскага News and World Report. Рэйтынг параўноўвае 38 самых папулярных дыет. Экспэрты прымаюць да ўвагі розныя аспэкты дыет, ад іх бясьпекі да кароткатэрміновага і доўгатэрміновага эфэкту на страту вагі. Адзнакі выстаўляюцца па пяцібальнай шкале.

Першае месца. Дыета Weight Watchers

Адзнака 3.8/5

Абяцаньне:

Страта да 1 кг за тыдзень.

Тэорыя:

Страта вагі — гэта больш, чым падлік калёрый. Калі вы будзеце аддаваць перавагу больш здаровым прадуктам, якія добра насычаюць, вы натуральным чынам будзеце менш есьці. Новы мэтад Weight Watchers («наглядчыкі вагі»), запушчаны ў канцы 2015 году, прызначае кожнаму прадукту так званыя смарт-балы. Балы даюцца сыходзячы з харчовай каштоўнасьці прадуктаў. Больш высокая колькасьць насычаных тлушчаў і цукру павялічваюць колькасьць балаў; больш высокая колькасьць бялку, як правіла, азначае больш нізкі бал. Пажыўна-шчыльная ежа каштуе таксама менш, чым"пустыя" калёрыі. Так што калі вы вагаецеся паміж 200-калярыйным кактэйлям з садавіны і 200-калярыйнай ледзяной кавай, дык кактэйль зьяўляецца больш разумным выбарам. Вялікім плюсам пляну зьяўляецца магчымасьць зьвярнуцца па падтрымку да людзей, якія страцілі вагу з дапамогай Weight Watchers і ў якіх атрымалася захаваць вагу на стабільна-нізкім узроўні.

Другое месца. Праграма HMR (Health Management Resources, Кіраваньне аховай здароўя)

Адзнака 3.6/5

Абяцаньне:

Праграма кіраваньня аховай здароўя падтрымлівае значную страту вагі з дапамогай выкарыстаньня заменьнікаў ежы альбо пад мэдыцынскім наглядам, або ў хатніх умовах.

Тэорыя:

Экспэрты кажуць, што страта вагі пры дапамозе заменьнікаў ежы ў тры разы большая ў параўнанні з традыцыйнымі дыетамі. У рамках HMR заменьнікі ежы — гэта нізкакалярыйныя кактэйлі, батончыкі і гарачыя цэльназерневыя кашы. Вы ўжываеце выключна іх, а з нармальнай ежы дазваляюцца садавіна і гародніна, якія, натуральна, утрымліваюць мала калёрый. Фізычная актыўнасьць зьяўляецца неабходнай умовай для пасьпяховага доўгатэрміновага кіраваньня вагой. Практыкаваньні — усяго 10-20 хвілін на дзень — дапамогуць дасягнуць страты вагі.

Трэцяе месца падзялілі дыета Biggest Loser, дыета Jenny Craig і сыраядзеньне.

Усе яны атрымалі адзнаку 3.5

Дыета Biggest Loser

Абяцаньне:

Шэсьць тыдняў здаровай ежы і рэгулярных фізычных практыкаваньняў — гэта ня толькі выдатны старт да страты вагі. Яны таксама дапамогуць прадухіліць або нават прыпыніць разьвіцьцё дыябэту (другога тыпу); скараціць рызыку раку, дэменцыі і хваробы Альцгеймера; палепшыць здароўе сэрца.

Тэорыя:

Мы ямо занадта шмат няправільных прадуктаў і занадта мала правільных, мы рухаемся недастаткова. Адсюль усе праблемы з вагой. Гэта дыета базуецца на здаровым сэнсе: ежце рэгулярна, спажывайце штодзённа прадукты, якія добра насычаюць, але пры гэтым маюць нямнога калёрый (садавіну, гародніну, бялковыя прадукты і цальное зерне) сачыце за порцыямі, вядзіце дзённік харчаваннья, часьцей уставайце з канапы.

Дыета Jenny Craig

Абяцаньне:

Страта да 1 кг за тыдзень.

Тэорыя:

Страта вагі — гэта вынік абмежаваньня калёрый, тлушчу і порцый. Гэтая мэтода, аднак, беларусам (ва ўсялякім выпадку тым, хто жыве ў Беларусі) не падыходзіць. Вы можаце есьці толькі тое, што гатуе і пастаўляе кампанія Джэні Крэйг. Дыета абыходзіцца дорага. Акрамя таго, вы ня можаце есьці абсалютна нічога хатняга прыгатаваньня. Шмат амэрыканцаў называюць гэту дыету пасьпяховай.

Сыраядзеньне

Абяцаньне:

Сырая ежа ўтрымлівае вялікую колькасьць натуральных фэрмэнтаў і пажыўных рэчываў, якія дапамагаюць арганізму дасягнуць аптымальнага здароўя. Кіляграмы будуць таяць самі па сабе.

Тэорыя:

Сыраядзеньне пачалося у канцы 1800-х гадоў, калі лекар Максымільян Бірхэр-Бэнэр выявіў, што ён вылечыў сваю жаўтуху дзякуючы ўжываньню сырых яблыкаў. Так пачалася сэрыя экспэрымэнтаў тэставаньня эфэктаў сырой ежы на здароўе чалавека, і сыраядзеньне пачало разьвівацца. Сырая ежа — гэта тая, што не падвяргаецца цеплавой апрацоўцы вышэй за 42 градусы, пры прыгатаваньні якой не ўжываецца мікрахвалеўка, апраменьваньне, генная інжынэрыя. Яна ўключае сьвежую садавіну, гародніну, ягады, арэхі, семкі і травы. Прыхільнікі сыраядзеньня кажуць, што працэс гатаваньня зьнішчае ў ежы большасьць вітамінаў і амаль усе імунастымулюючыя пажыўныя рэчывы (хаця навуковых доказаў у падтрымку гэтых заяў бракуе). Большасьць тых, хто прытрымлівацца сыраядзеньня, спажываюць у сярэднім толькі палову калёрый ад колькасьці, што яны спажывалі да дыеты.

Маё прафэсійнае меркаваньне

Практычна любая дыета (і абсалютна дакладна ўсё вышэйапісаныя) дапамогуць вам скінуць вагу. Але праблема ўсіх дыет у тым, што іх немагчыма прытрымлівацца ўсё жыцьцё. Падтрыманьне здаровай вагі гарантуе толькі ўсьвядомленае стаўленьне да ежы. Разуменьне (хоць бы ў агульных рысах), якія звычкі харчаваньня карысныя, а якія шкодныя — вось сапраўдны ключ да здаровай вагі і добрага самаадчування. Пры ўмове, вядома, што вы прытрымліваецеся прынцыпаў здаровага харчаваньня, калі не заўсёды, то амаль заўсёды.

Мая агульная парада тым, хто хоча схуднець: не садзіцеся на дзіўныя дыеты, а паволі мяняйце ўласны стыль харчаваньня ў лепшы бок. Стаўце перад сабой рэалістычныя мэты і ідзіце да іх павольнымі, але ўпэўненымі крокамі. У гэтым маім артыкуле вы можаце даведацца пра агульную стратэгію, якая дапаможа вам схуднець. Посьпехаў!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG