Ганна Соўсь: Вы распавядалі ў адным з інтэрвію, як яшчэ студэнтам упершыню ўбачылі мора ў Крыме, калі ён яшчэ належаў РСФСР, а не Ўкраіне, і якое вы там пабачылі запусьценьне, наколькі адрозьніваўся Крым тады ад Украіны па ўзроўні разьвіцьця эканомікі і сацыяльнай інфраструктуры. Як вы лічыце, Расея аддасьць Крым?
Леанід Краўчук: Яна ніколі не пагодзіцца аддаць Крым. Гэта выключаецца, каб Расея добраахвотна пагадзілася аддаць Крым. Крым можа сысьці сам або апынуцца ў такім становішчы, што выйсьця іншага ня будзе. Гэта адбудзецца тады, калі Расеі стане не да Крыма. Калі Расея сама пачне развальвацца як шматнацыянальная дзяржава розных нацыянальных напрамкаў і розных нацыянальных інтарэсаў, розных рэлігій, і калі эканамічна і палітычна перад Расеяй ўстануць пытаньні адзінства і захаваньня самой Расеі, Крым ня стане для іх галоўным пытаньнем.
Крым сёньня для Расеі — гэта ўзяць на плечы нейкую тэрыторыю, нейкі народ і дапамагчы яму жыць, выжываць. Гэта зрабіла ў свой час Украіна. Я расказваў пра тое, што, калі Хрушчоў і Аджубей прыехалі ў Крым паглядзець, як жывуць там людзі, насустрач выйшлі сотні жанчын, апухлых ад укусаў маскітаў. Яны ж курскія, тамбоўскія, яны ня ведалі, што такое маскіты, і ня ведалі, як разьвіваць там сельскую гаспадарку. Яны казалі Хрушчову, што тут бульба не расьце. І «забярыце нас адсюль» было галоўнай просьбай. Гэта піша ў сваіх успамінах сам Аджубей.
І тады Хрушчоў, не спыняючыся ў Сімфэропалі, садзіцца на цягнік і едзе не ў Маскву, а ў Кіеў. Быў першым сакратаром тады Кірычэнка, Хрушчоў прыехаў наўпрост да яго і сказаў, што Ўкраіна павінна ўзяць Крым, таму што там такое! Толькі Ўкраіна, кажа, можа дапамагчы Крыму, таму што вы побач, у вас ёсьць магчымасьці, ёсьць сілы. Кірычэнка запратэставаў. Ён разумеў, што такое ўзяць запушчаную тэрыторыю... Хрушчоў патрабуе, каб ён сеў у цягнік і яны разам паехалі ў Маскву. І на Палітбюро ЦК КПСС Кірычэнку фактычна прымусілі, каб Украіна ўзяла Крым.
Гэта я адказваю тым, хто кажа, што Крым падарылі Ўкраіне, што Украіна так была шчасьлівая... Сотні мільярдаў было ўкладзена ў Крым, сотні мільярдаў. Ані дарогаў, ані крамаў, ані курортаў — нічога ж не было, усё было адноўлена і пабудавана. А цяпер гэта ўсё зноў руйнуецца, на жаль. І хочуць ператварыць Крым у ваенную базу расейскай дзяржавы. Гэта азначае шлях у нікуды.