У кнізе распавядаецца пра падзеі прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, Плошчу і турму, у якой апынуўся аўтар у межах справы «аб масавых беспарадках». Кніга выдадзена на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.
Як распавёў Свабодзе Андрэй Саньнікаў, ён пачаў пісаць гэтую кнігу прыкладна праз паўтара года пасьля таго, як у красавіку 2012 году выйшаў з турмы.
«Я лічу, што той пэрыяд быў вельмі важны і для гісторыі Беларусі, і асабіста для мяне, таму я вырашыў напісаць пра тое, што адбывалася ў 2010 годзе і што адбывалася пасьля так званых выбараў», — сказаў ён.
Саньнікаў лічыць, што ў кнізе можна знайсьці невядомыя дагэтуль факты пра падзеі таго часу.
Палітык паабяцаў, што ягоная кніга абавязкова зьявіцца ў Беларусі:
«Кніга толькі-толькі выйшла. Цяпер вырашаюцца тэхнічныя пытаньні. Яна ўжо зьявілася ва Ўкраіне на расейскай мове, там можна яе набыць у крамах. І ў Беларусі абавязкова зьявіцца», — заявіў ён.
Скасаваньне эўрапейскіх санкцыяў супраць афіцыйнага Менску, якія былі ўведзены якраз з нагоды падзей, апісаных у кнізе, Саньнікаў назваў «маральнай паразай Эўразьвязу».