Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктоўкі, сьпевы, квэсты: куды схадзіць на Дзень роднай мовы


І 21 лютага, і цэлы тыдзень да таго беларусы ў краіне і за яе межамі ладзяць імпрэзы, прысьвечаныя беларускай мове.

Сьвет адзначае 21 лютага Дзень роднай мовы ў памяць аб барацьбітах за бэнгальскую мову, забітых пакістанскай паліцыяй у 1952 годзе. Традыцыйна Дзень роднай мовы шырока адзначаецца па ўсёй Беларусі.

Сёлета простую, але маштабную віртуальную акцыю па папулярызацыі беларускай мовы «Перапіс беларускамоўнага насельніцтва» падрыхтавалі курсы «Мова Нанова». Па словах стваральніка курсаў Глеба Лабадзенкі, у ёй узялі ўдзел каля тысячы чалавек. Удзельнікаў акцыі цяпер будуць заахвочваць браць удзел у курсах ды гутарыць з журналістамі.

Агульнанацыянальная дыктоўка

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«На Дзень роднай мовы па ўсёй Беларусі праводзіцца першы этап дзявятай па ліку Агульнанацыянальнай дыктоўкі, — распавядае Свабодзе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. — У нас у менскай сядзібе пачатак будзе аб 11-й, прыходзьце, падарунак атрымаеце! У іншых гарадах дыктоўка таксама адбудзецца, па часе — хто як дамаўляецца. Магчыма, і за межамі будзе дыктоўка.

Тэксты дыктовак можна ўзяць на партале ТБМ ці прачытаць у „Нашым слове“, 21-га дыктоўка будзе па тэкстах Янкі Сіпакова, Максіма Багдановіча і Макара Краўцова. Дыктоўку, як заўжды, праводзім у тры этапы, наступны этап будзе 15 сакавіка, потым 25-га. Удзельнікаў мы ня лічым, але мінулым годам былі тысячы людзей, у адным Лідзкім раёне пісалі каля тысячы, на Магілёўшчыне многія пішуць, на Гарадзеншчыне.

Мы накіроўвалі ўраду Беларусі прапанову правесьці Агульнанацыянальную дыктоўку ва ўсіх установах адукацыі і культуры, а ўрад загадаў Мінкульту адказаць і за сябе, і за Мінадукацыі. Адказ вельмі сьмешны: ня могуць правесьці, бо ў нядзелю не працуюць. Тым ня менш я ведаю, што шмат у якіх бібліятэках дыктоўка адбудзецца».

Гульні і сьпевы з «Арт-сядзібай»

Вялікае сьвята, прысьвечанае Дню роднай мовы, ладзіць 19 лютага менская «Арт-сядзіба» ў прасторы «Мёд» (вул. Талбухіна, 4, 3 паверх, каля бару «ДК»). Уваход вольны.

Алесь Сьнег
Алесь Сьнег

«Сьвята роднай мовы мы пачнём 19 лютага, — кажа Свабодзе прэс-сакратар „Арт-сядзібы“ Алесь Сьнег. — У нас у праграме ад 17 гадзіны вялікая гульнятэка, зь якой пачнём сьвята. У нас ёсьць некалькі беларускамоўных гульняў, як новая гульня „Мова“, „Разам“, „Яшчарка“, „Казачнік“, „1514“ і іншыя. Кожны зможа пагуляць, а таксама прыйдуць аўтары гэтых гульняў, якія распавядуць пра гэтыя і наступныя праекты, зьвязаныя зь беларускамоўнымі гульнямі.

Затым будзе паэтычны арт-джэм, дзе будуць выступаць розныя беларускія паэты, потым гэта пяройдзе ў музычную частку, дзе выступяць Martin S., Сяргей Башлыкевіч, Пётар Клюеў. Скончыцца ўсё сьпеўным сходам — такім праектам, дзе кожны прысутны з публікі выконвае песьню, якая задаецца камандай сьпеўнага сходу. Ня важна, ведаеш ты тэкст ці не, сьпяваць там дапамогуць, атрымаецца вялікі сьпеў.

21-га будзе спэктакль „Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў“, першы спэктакль, які паставіла „Арт-сядзіба“. Калі шчыра, усе месцы ўжо занятыя, і занятыя ўжо тыдзень. Людзей будзе больш за сто, бо хоць спэктакль паказваецца не ўпершыню, але быў невялічкі перапынак, таму зацікаўленасьць у ім ёсьць».

Кіно і квэсты з Моладзьдзю БНФ

Моладзь БНФ ладзіць цэлы Тыдзень беларускай мовы, у праграме якога — настольныя гульні, дыскусіі, пастаноўка форум-тэатру «Мова», кінапрагляды беларускіх і ўкраінскіх фільмаў, гарадзкі квэст у цэнтры Менску і сьвяточны канцэрт. Усе мерапрыемствы пачынаюцца ў Менску па адрасе вул.Чарнышэўскага, д.3, уваход вольны, падрабязная праграма тут.

Па ўсёй Беларусі і за межамі

На Дзень роднай мовы імпрэзы ладзяцца па шмат якіх навучальных і культурніцкіх установах ці ня ў кожным горадзе. Напрыклад, журфак БДУ ладзіць 19 лютага прагляд перакладзеных сваімі сіламі эпізодаў сэрыялу «Сябры» («Friends»); суполка «Навуковыя падарожжы» плянуе на 21 лютага экскурсію «Радзіма радзімічаў» ад Менску праз Бабруйск, Сьветлагорск і Рэчыцу да Гомеля; немалую афішу на выходныя сабраў берасьцейскі культурны цэнтар «Грунтоўня»; 20 лютага Англа-беларускае таварыства ладзіць сьвята зь вершамі для дзяцей і дарослых у Лёндане; Асацыяцыя беларусаў у Швайцарыі — беларускамоўную вечарыну ў Цюрыху.

Афіша будзе абнаўляцца. Калі хочаце паведаміць пра іншыя мерапрыемствы на Дзень роднай мовы, пішыце пра іх у камэнтарах альбо лістуйце на radiosvaboda@gmail.com !

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG