Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канвэер перасьледу журналістаў-фрылянсэраў спыніўся ў судзе Савецкага раёну Гомеля


Ларыса Шчыракова з судовым пратаколам
Ларыса Шчыракова з судовым пратаколам

Cудзьдзя Савецкага раёну Гомеля Алена Шайн 4 лютага спыніла адміністрацыйны працэс у дачыненьні да журналісткі-фрылянсэра, сябра «БАЖ» Ларысы Шчыраковай паводле часткі 2, артыкулу 22.9 КоАП — незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала «Белсат» (Польша).

Гаворка ідзе пра відэасюжэт з дома № 8 па вуліцы Касьмічнай пад назваю «Пакутнае жыцьцё ў бараках», паказаны у эфіры «Белсату» 14 сьнежня 2015 году.

Cуд прыйшоў да высновы, што не было падзеі адміністрацыйнага правапарушэньня ні 7 сьнежня, як гэта запісана ў пратаколе міліцыі Савецкага раёну, ні 9 сьнежня 2015 году, як гэта пазначана ў рапарце старшага інспэктара ўправы аховы грамадзкага парадку УУС Гомельскага аблвыканкаму В. Лазоўскага.

Суд Савецкага раёну Гомеля
Суд Савецкага раёну Гомеля

Апрача таго, адказчыца Ларыса Шчыракова патлумачыла ў судзе, што частка 2 артыкулу 22.9 КоАП не ўтрымлівае такой нормы адказнасьці, як праца журналіста без акрэдытацыі. Яна не зьяўляецца таксама штатным супрацоўнікам замежнага СМІ і ня мае быць акрэдытаваная ў МЗС. У беларускім заканадаўстве дзейнасьць журналістаў-фрылянсэраў наагул ніякім чынам не рэгулюецца — гэтая катэгорыя творчых людзей наагул нібыта і не існуе ў грамадзтве.

Відэаматэрыял пра гаротнае жыцьцё ў бараку Шчыракова зьмясьціла на сваёй старонцы ў «YouTube». Канстытуцыя і міжнародныя пагадненьні ў галіне свабоды слова, ратыфікаваныя Беларусьсю, даюць права любому грамадзяніну на збор і распаўсюд інфармацыі. Міліцыя ж пры складаньні пратаколу не высьвятляла, якім чынам відэаматэрыял пра жыцьцё гамельчукоў у бараку патрапіў у скарочаным выглядзе на тэлеканал «Белсат».

Як лічыць журналістка, да яе як фізычнай асобы ня можа прымяняцца і норма заканадаўства аб СМІ пра распаўсюд інфармацыі, бо яна рэгулюе дзейнасьць рэдакцыяў, гэта значыць, юрыдычных асобаў.

У пастанове суду падрабязнае абгрунтаваньне пазыцыі адказчыцы не пазначанае. Сказана толькі, што 7 сьнежня 2015 году «адсутнічала падзея адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжаная часткай 2, артыкулу 22.9 КоАП Рэспублікі Беларусь».

Атрымаўшы пастанову, Ларыса Шчыракова не хавала задавальненьня:

Думаю, што для судзьдзі агульныя патрабаваньні быць незалежнымі, аб’ектыўнымі — не пусты гук.

«Думаю, што для судзьдзі агульныя патрабаваньні быць незалежнымі, аб’ектыўнымі — не пусты гук. Раней былі прэцэдэнты, калі ў пратаколе ўтрымліваліся нейкія недарэчнасьці. Іх накіроўвалі на дапрацоўку і пасьля ўжо штрафавалі. А вось каб спынялі адміністрацыйную справу, такога не было. Магу дапусьціць таксама, што на судовыя рашэньні нейкім чынам уплывае і тое, што міжнародныя структуры цяпер заклапочаныя перасьледам у Беларусі журналістаў-фрылянсэраў».

Прысутны на судзе сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка, якога судзьдзя не дапусьціла да разгляду справы па даверанасьці ў якасьці прадстаўніка Шчыраковай, лічыць добрай навіной спыненьне справы ў дачыненьні да фрылянсэра:

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Пастанова судзьдзі, канечне, абгрунтаваная, бо міліцыя апошнім часам па шаблёну складае такія пратаколы супраць журналістаў-фрылянсэраў, не зважаючы ні на абгрунтаваньні правапарушэньня, ні іншым разам нават на даты.

Я толькі вярнуўся з Буда-Кашалёва, дзе старшыня суду Ўладзімер Пракапенка па аналягічнай справе і доказах прысудзіў іншаму журналісту-фрылянсэру, Кастусю Жукоўскаму, штраф у памеры сарака базавых велічынь. Таму трэба будзе глядзець, як будуць надалей разьвівацца падзеі. Калі ў бліжэйшыя дні пастанову ў адміністрацыйнай справе Шчыраковай не адменяць, то можна будзе казаць, што беларускія ўлады сталі больш уважліва ставіцца да канстытуцыйных правоў грамадзянаў ды іхніх міжнародных гарантыяў.

Калі ж пастанова судзьдзі Шайн будзе адмененая, то я проста здыму перад яе прафэсійным учынкам капялюш, нават нягледзячы на тое, што яна не дазволіла мне па даверанасьці прадстаўляць інтарэсы Шчыраковай у гэтай адміністрацыйнай справе».

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка, які таксама назіраў за разглядам адміністрацыйнай справы Ларысы Шчыраковай, таксама ўражаны рашэньнем суду:

Віктар Адзіночанка
Віктар Адзіночанка

«Чакалася, што судзьдзя вынесе прысуд у выглядзе штрафу. Магчыма, судзьдзю абурыла тое, што міліцыянты безадказна паставіліся да складаньня пратаколу. Можа, нейкія іншыя фактары паўплывалі, але рашэньне было сапраўды нечаканым.

Аднак, прынята яно па фармальных падставах — міліцыянты паблыталі даты. Пастанова судзьдзі Шайн, як мне падаецца, не азначае, што за аналягічныя выпадкі іншых журналістаў і саму Ларысу Шчыракову ня будуць прыцягваць да адказнасьці».

5 лютага яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 22.9 у дачыненьні да Ларысы Шчыраковай мае разглядацца ў Сьветлагорскім раённым судзе. У гэтым райцэнтры Шчыракова здымала дзяўчыну-інваліда, якая апынулася ў складанай сытуацыі. Відэа таксама абляцела інтэрнэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG