Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейская дысыдэнтка хавалася ад Пуціна ў беларускіх сьнягах


Ірына Калмыкова
Ірына Калмыкова

«Я вельмі ўдзячная беларусам, якія дапамаглі мне і майму сыну. Я тры месяцы пражыла ў Беларусі. Ня буду называць прозьвішчы, бо не хачу падстаўляць людзей, але я ўдзячная беларусам: яны дапамагалі мне з усіх бакоў, і я выжыла», — кажа 55-гадовая актывістка з Расеі, удзельніца шэрагу пратэстных акцыяў у Маскве Ірына Калмыкова.

Ірына Калмыкова з сынам у Менску
Ірына Калмыкова з сынам у Менску

Ірына Калмыкова — вядомая ў Маскве актывістка. Толькі цягам 2015 году яна ладзіла адзіночныя пікетаваньні ў цэнтры Масквы з плякатамі: «Жизнь и свобода Надежды Савченко — личная ответственность Путина», «Отдадим последнее, но спасём Асада», «Путин — друг Сирии и враг России», «Путин, жуй сопли, а не оппозицию», «Асад — убийца, эта война — позор России», «Кремлёвские лжепатриоты! Прекратите воевать с едой, в стране миллионы малоимущих! Сжигайте свои авто», «Политика в России: воруй — миллионы, не можешь — молчи, говоришь — в тюрьму».

Тут і далей - пікеты Ірыны Калмыковай у Маскве побач з Крамлём
Тут і далей - пікеты Ірыны Калмыковай у Маскве побач з Крамлём

У жанчыны трое дзяцей, малодшы сын Руслан — вучань 7 клясы. У канцы 2015 году над Ірынай Калмыковай павісла пагроза арышту на 5 год, і тады стала зразумела, што заставацца ў Расеі далей немагчыма. Аднак зьехаць не атрымлівалася — Руслану споўнілася 14 год, і пакінуць сваю краіну легальна ён ня мог, таму што ня меў пашпарта. Каб атрымаць дакумэнт, Ірыне з сынам трэба было ехаць у Ханты-Мансійскую акругу, у Кагалым. Зрабіць гэта было немагчыма, паколькі Ірына не магла пакінуць Маскву, знаходзілася пад падпіскай пра нявыезд.

У Расеі на Ірыну ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу 212, частка 1 Крымінальнага кодэксу РФ — арганізацыя несанкцыянаваных мітынгаў і сходаў. Жанчыне пагражае арышт да 5 год.

Калі ўлады Расеі паспрабавалі зьмяніць меру стрыманьня з падпіскі пра нявыезд на арышт, Ірына разам з сынам выехала з Расеі ў Беларусь — кантролю на мяжы няма, і Руслан змог перасекчы мяжу бяз пашпарта.

«Мы дабіраліся толькі папутнымі машынамі, не набывалі ніякіх квіткоў, каб ніхто ня мог нас вылічыць. Я зьбегла не таму, што баюся арышту, а таму, што не хачу пакідаць сваё дзіця, якое зь верагоднасьцю ў 100 % трапіла б у дзіцячы дом. Ды і ўвогуле я не хачу, каб мой сын жыў у Расеі, дзе парушаюць правы чалавека. Я хачу, каб ён быў свабодным чалавекам. Кінуць яго я не магла. Мне ня трэба свабода бяз сына».

Ірына Калмыкова прабыла ў Беларусі тры месяцы. З дапамогай неабыякавых людзей яна зьняла хату ў Гарадзенскай вобласьці, дзе пражыла з 26 кастрычніка 2015 па 25 студзеня 2016 году. Даведаўшыся, што з Расеі адпраўлены загад затрымаць Ірыну, яна з сынам нелегальна перасякла спачатку беларуска-расейскую мяжу, а потым — расейска-ўкраінскую. Цяпер жанчына ў Кіеве, дзе ў яе знаёмыя і сваякі. Кажа, што цягам сутак атрымала ў Фэйсбуку безьліч віншаваньняў з тым, што яна вырвалася на свабоду:

«Калі б я ў паніцы ня кінулася зь Беларусі праз Расею ва Ўкраіну, мяне б арыштавалі. Я заўсёды гэта ведала, не хацела заставацца ў Беларусі — гэта недэмакратычная краіна, і ў любы момант мяне там маглі схапіць. Ва Ўкраіну мы з Русланам трапілі нелегальна. Ды і ўцякаць было цяжка. Я літаральна паўзла з сынам па сьнезе, па сумётах. Да гэтага ў нас ужо былі тры спробы выехаць зь Беларусі на транспарце, але кожны раз нас не прапускалі празь мяжу, таму што ў Руслана няма пашпарта. Я нават зьвярталася па пашпарт у Менску ў амбасаду Расеі, але там мне дапамагчы не змаглі, нават не запатрабавалі з Расеі пацьверджаньне грамадзянства, карацей, адмыслова затрымлівалі працэдуру, чакалі майго арышту».

Ірына Калмыкова — вядомая ў расейскай дэмакратычнай супольнасьці актывістка. Вось як яна ацэньвае цяперашнюю сытуацыю ў Расеі:

«Я як грамадзянка не магу маўчаць і пагаджацца з тым, што цяпер адбываецца ў Расеі. Маўчаць — значыць пагаджацца. А я ня згодная. Таму я брала ўдзел у шэрагу адзіночных пікетаваньняў, праводзіла акцыі непакоры — у тым ліку ў падтрымку Надзеі Саўчанкі, у падтрымку Ўкраіны, таксама ў падтрымку арыштаванага ў Расеі прадпрымальніка. Я ўдзельнічала ў палітычных галадоўках, у выніку якіх атрымала два інсульты. Неаднаразова мяне зьбівалі і штрафавалі. У выніку маёй актыўнасьці супраць мяне ўзбуджаная крымінальная справа, паводле якой мне пагражае да 5 гадоў зьняволеньня. Закон у Расеі забівае тых, хто гаворыць праўду.

Эканоміка Расеі трымалася выключна на здабычы нафты і газу. Пасьля санкцыяў і падзеньня цаны на энэрганосьбіты стан эканомікі няўхільна пагаршаецца. Для таго, каб адвесьці ўвагу людзей ад эканамічных праблемаў, Пуцін пачаў арганізоўваць войны, маўляў, грошы ідуць на вайну. Насамрэч, гэта ўсё для таго, каб утрымацца ва ўладзе. Пуцін — злачынца, які захапіў уладу. А людзі проста маўчаць, а значыць — пагаджаюцца. А маўчаць — таму што баяцца. А хто не маўчыць, як я, тых за краты. Калі б я засталася, то апынулася б за кратамі, а мой сын — у дзіцячым доме. Я гэтага не хацела».

Ірына Калмыкова кажа, што яе паплечнікі па змаганьні альбо зьехалі з Расеі, альбо трапілі за краты:

«Уладзімер Іонаў, якому 76 год, таксама зьехаў ва Ўкраіну. У яго такі ж самы артыкул, як і ў мяне. Ільдару Дадзіну прысудзілі тры гады зьняволеньня. Марк Гальперын — пад сьледзтвам, суду яшчэ не было. Вось што здарылася з намі. І што мы рабілі? Адзіночныя пікеты. Мы не падрывалі, не падпальвалі, ня кралі. Проста стаялі з плякатамі. Але нас лічаць злачынцамі і нашыя злачынствы расцэньваюцца як асабліва цяжкія — таму тэрмін даюць вялікі, да 5 год».

Акцыя ў падтрымку Калмыковай і яе палечнікаў, супраць якіх заведзеная крымінальная справа.
Акцыя ў падтрымку Калмыковай і яе палечнікаў, супраць якіх заведзеная крымінальная справа.

Сын Ірыны Руслан — цяпер мусіць вучыцца ў 7 клясе, але з-за перасьледу прапусьціў тры месяцы вучобы. Аднак Ірына Калмыкова лічыць, што ва Ўкраіне ён зможа «дагнаць» сваіх аднагодкаў:

«Ён прапусьціў тры месяцы вучобы. Зразумела, што цяпер нам будзе цяжка, трэба будзе даганяць. Але што зробіш? Гэта нашмат лепш, чым дзіцячы дом. На шчасьце, ва Ўкраіне ў мяне шмат знаёмых, якія змогуць займацца зь ім, каб ён добра скончыў гэты навучальны год».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG