Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Павал Дабравольскі, зьбіты АМАП: «Моцна білі па галаве нагамі»


Журналіст tut.by: АМАПаўцы мяне зьбівалі нагамі па галаве, твары і сьпіне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:11 0:00

25 студзеня ў будынку суду Фрунзенскага раёну Менску людзі ў цывільным на працягу 20 хвілін зьбівалі журналіста tut.by Паўла Дабравольскага і актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка. У Шыціка разьбітае брыво, у Дабравольскага гематомы на твары і целе, разарваныя куртка і штаны.

— Лічу, што дзяржава мусіць даць прававую ацэнку гэтым дзеяньням і паступіць па-чалавечы. Напэўна, пакараць тых, хто іх зьбіваў, — заявіў Радыё Свабода заснавальнік tut.by Юры Зісер.

Павал Дабравольскі знаходзіўся ў судзе па рэдакцыйным заданьні tut.by і асьвятляў суд над графіцістамі. Падчас суду актывісты Павал Сяргей і Максім Шыцік разгарнулі расьцяжку з надпісам «Не палітычным перасьледам!» і выкрыквалі «Мастацтва — не злачынства!».

Міліцыя выштурхнула іх з залі суду.

Пра тое, што адбывалася пасьля, у офісе tut.by Радыё Свабода распавялі Павал Дабравольскі і Максім Шыцік.

— Я прыехаў у суд Фрунзенскага раёну ў 11.40. але трапіць ня змог бо была вялікая чарга ахвочых падтрымаць людзей, — кажа Павал Дабравольскі. — Калі мне сказалі, што ня пусьцяць (у залю — РС.), я застаўся звонку. Амаль адразу з залі паседжаньняў вырваліся людзі, якія выцягнулі адтуль тых, хто трымалі плякаты. Я адразу ўключыў відэа на мабільным тэлефоне, стаў здымаць. Калі іх заштурхалі ў калідор, я пабег туды і атрымалася, што трапіў у пастку — сьпераду быў АМАП, а ззаду дзьверы закрыў нейкі чалавек. Мяне заштурхалі ў пакой 5 на 5 мэтраў, гэта быў суседні кабінэт з заляй суду.

20 хвілін нас зьбівалі, вырвалі ў мяне з рук журналісцкае пасьведчаньне. Я ня бачыў, што адбывалася пазьней, бо мяне паклалі тварам на падлогу, моцна білі па галаве нагамі. Усё гэта суправаджалася хамскімі пагрозамі, — расказвае Павал Дабравольскі.


— Я ведаў, што будзем даставаць расьцяжку, але ня ведаў, які будзе надпіс, — працягвае актывіст Максім Шыцік. — Першапачатковая мэта была — прыцягнуць увагу да гэтай праблемы і праблемы палтізьняволеных. Хацелі іх падтрымаць.

Пасьля таго, як хлопцы дасталі расьцяжку, судьдзя зрабіла ім папярэджаньне і папрасіла пакінуць залю:

— Супрацоўнік міліцыі пачаў Пашу (Паўла Сяргея — РС) выцягваць, пасьля падляцелі супрацоўнікі ў калідоры, яго выштурхнулі, зьявіліся супрацоўнікі АМАПа, рукі за сьпіну, павялі ў кабінэт і пачалі калашмаціць.

Максім кажа, што ўдары былі настолькі хуткія, што ён не пасьпяваў за імі сачыць.

— Пасьля я заўважыў, што хтосьці ў нас лішні. Я разумеў, што гэты хлапец журналіст, але ня ведаў, зь якой мэтай ён тут апынуўся, думаў, што ён хацеў засьняць на відэа. Ён паказваў пасьведчаньне, што працуе журналістам, але ім (тым, хто зьбіваў — РС) — было побаку. Яго сталі зьбіваць нават мацней, чым нас. Я сьцякаў крывёй, а яны білі нагамі па сьпіне і па галаве.

Абодва хлопцы кажуць, што іх зьбівалі 5-6 чалавек моцнага целаскладу ў цывільным адзеньні. Пасьля праз задні ўваход у будынку суду іх адвезьлі ў Фрунзенскі РУУС. Там на іх склалі пратаколы і праз 2-3 гадзіны адправілі ў суд. У РУУС стаўленьне да іх было нармальным

Павал Дабравольскі
Павал Дабравольскі


— Мне напісалі, што я мацюкаўся і напаў на амапаўцаў, — кажа Павал Дабравольскі. — Яны падрабязна казалі, на каго канкрэтна, якім чынам я напаў, хаця гэта няпраўда. Гэта афіцыйная вэрсыя, якую судьдзя не аспрэчвала, і якую занесьлі мне ў прысуд. Мне далі слова, але тое, што я казаў, прапусьцілі паўз вушы.

Супраць Паўла ў судзе сьведчылі два сьведкі, адзін зь якіх, па словах Дабравольскага, удзельнічаў у ягоным зьбіцьці.

Максіма Шыціка абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі і дробным хуліганстве. Абодва атрыма штраф па 45 базавых велічыняў, 9 450 000 беларускіх рублёў.

Заснавальнік tut.by Юры Зісер забраў Паўла Дабравольскага і Максіма Шыціка з будынку Фрунзенскага РУУС і адвез у офіс tut.by.

​Юры Зісер падкрэсьліў, што Максім не зьяўляецца супрацоўнікам tut.by, але яны не маглі кінуць яго ў сытуацыі, калі хлапцу была патрэбная дапамога:


— Я ня бачыў, што зь ім адбывалася. Забраў з РУУС і прывез у офіс, каб ён прыйшоў у сябе і мог сустрэцца з журналістамі. Ён распавёў, што ён стаў здымаць, як забіраюць тых, хто разгарнуў расьцяжку, і яго забралі разам зь імі. Ён сьцвярджае, што яго там білі. Нанесьлі 30 удараў на працгяу 20 хвілінаў. Прычым нагамі. Ссадзіны я бачыў. Я не судмэдэкспэрт, каб ацэньваць шкоду. Заўтра гэтым зоймецца судмэдкэспэртыза. Цікава атрымаць камэнтар МУС, каб яны пракамэнтавалі, як была справа зь іхнага пункту гледжаньня. Яны бачылі, што гэта быў журналіст, у яго быў бэдж...

Мы мусім разумець, дзе мы жывем. Лічу, што дзяржава мусіць даць прававую ацэнку гэтым дзеяньням і паступіць па-чалавечы, напэўна, пакараць тых, хто іх зьбіваў. Але спачатку трэба разабрацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG