Гэта самацытата, якая часта прыходзіць на памяць шмат гадоў.
У Кіеве зімовае сонца прыгравае так, як у маім мазырскім дзяцінстве. Міма праходзіць маладая жанчына з двума дашкалятамі. Малыя шнякаюць між сабой летувішкай. Я быццам не рэагую на гэта, і гэта таксама важна, мая нерэакцыя — таксама цёплае месца сьвядомасьці.
Відаць, у Празе ці ў Маскве ці ў Варшаве я б неяк адрэагаваў, і жанчына радасна адрэагавала б ў адказ. Мы б пазналіся як свае. Тут гэта не прыходзіць у галаву, як на віленскай вуліцы не прыйшло б у галаву рэагаваць на ўкраінскую мову мінакоў. Тут і так усе свае.
Радзіма — гэта калі няма адчуваньня, што ты не ў сябе, ня дома, што дадому трэба яшчэ кудысьці ехаць, ляцець, дабірацца. Тут перамяшчэньні лякальныя — у межах свайго сьвету. Як выйсьці ў краму ці зьезьдзіць у «Логвінава», ці забраць з садка дзяцей.
На кіеўскай вуліцы прыгравае мазырскае сонца, дзеці шчабечуць па-літоўску, я ведаю, што заўтра, праехаўшы закінутыя пяціпавярховікі Чарнобыльскай пушчы, буду ў сябе ў менскім двары разграбаць сьнег пасьля Эмы. І мне нікуды ня трэба, мне добра, як бывае толькі ў сябе, у сваім сьвеце, у сваім доме.
г. Кіеў
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.