Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Графіціст» Максім Пякарскі: У міліцэйскай управе вісіць сьцяг ДНР


Belarus - graffiti Belarus should be Belarusian, Courtesy
Belarus - graffiti Belarus should be Belarusian, Courtesy

25 студзеня ў Менску пачнецца суд над «графіцістамі», якія ўлетку напісалі на будынках гораду і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама запэцкалі фарбай сацыяльную рэкляму з выявай міліцыянта.

Максіма Пякарскага ў выніку будуць судзіць паводле артыкула аб апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці, Вадзіму Жаромскаму да гэтага абвінавачаньня дададзенае хуліганства ў складзе групы, Вячаславу Касінераву інкрымінаванае псаваньне маёмасьці. Пры гэтым з Максіма Пякарскага зьнялі абвінавачаньне ў хуліганстве з асаблівым цынізмам, якое максымальна караецца 6 гадамі пазбаўленьня волі.

Вэбдызайнэр Максім Пякарскі ў размове з карэспандэнтам Свабоды падзяліўся меркаваньнем пра прычыны зьмены абвінавачаньня.

— Улады вырашылі, што цяжка будзе даказаць у нашых дзеяньнях нейкі цынізм, калі нашы малюнкі нікому не пашкодзілі і не заклікалі да экстрэмізму, што вырашыла і экспэртыза. Дый што потым рабіць з новымі палітвязьнямі, калі давядзецца саджаць нас, як вымагаў той артыкул? Зноў адпускаць праз памілаваньне? Але мы нават не прызнаём віны і па артыкулах, якія яны ўсё ж пакінулі — пра пашкоджаньні ад графіці. Якія пашкоджаньні бэтоннаму плоту ці старому будынку вайсковай часьці, на якіх і да нас былі малюнкі? І гэта ж ня люднае грамадзкае мейсца, таму ніякага парушэньня грамадзкага парадку з нашага боку не было. Відавочна, што ў самым горшым выпадку за нашы малюнкі можа быць адміністрацыйная адказнасьць, але зусім не крымінальная. Але разгарнулі супроць нас вельмі жорсткую кампанію, трэба было неяк апраўдаць наш арышт, апраўдаць усе патрачаныя грошы. Адны экспэртызы абышліся амаль у 80 мільёнаў.

— Адкуль у вас дадзеныя пра кошт экспэртызаў? Ад сьледчых? І ўвогуле, якія ў вас уражаньні пра людзей, якія вас затрымлівалі і вялі вашу справу? Няўжо яны шчыра лічылі вас злачынцамі за гэтыя надпісы?

Там працуюць нават ня столькі прыхільнікі цяперашняга беларускага рэжыму, колькі людзі прарасейскіх поглядаў

— Пра вынікі экспэртызаў мы даведаліся з матэрыялаў справы, мы ж зь ёй знаёміліся. Экспэртызы былі і па малюнках, і па адбітках пальцаў, і па фарбе ды гэтак далей. Усяго каля 20 экспэртыз. Склалі кошты, і атрымалася такая сума — 80 мільёнаў. Што да стаўленьня да нас опэраў з управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і супрацоўнікаў Сьледчага камітэту — яны паводзілі сябе вельмі нахабна і вельмі жорстка. Казалі нават гэтак, што мы нібыта сваімі дзеяньнямі зьбіраліся ледзь не сарваць прэзыдэнцкія выбары 2015 году. Успрымалі нас як экстрэмістаў, вельмі жорсткіх радыкалаў, якія нібыта хочуць тут арганізаваць свой Майдан. Гэта ў іх такі «пункт» — пра Майдан. Асабліва ў галоўнай управе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС. Там працуюць нават ня столькі прыхільнікі цяперашняга беларускага рэжыму, колькі людзі прарасейскіх поглядаў. У іх у будынку на Рэвалюцыйнай вуліцы ў адным пакоі на сьцяне я бачыў сьцяг ДНР. То бок не трафэй нейкі, а як сымбаль вісіць гэты сьцяг. Ня дзіва, што да беларускай мовы там ставіліся вельмі адмоўна, і да нашых графіці — як да варожых. Адразу нам казалі, што мы ня хутка выйдзем на волю, гадоў па 8 кожнаму абяцалі. Відаць было, што марылі на нас выслужыцца і не чакалі, што пойдзе гэткая хваля салідарнасьці з намі і прыйдзецца пасьля арышту вызваляць пад падпіску.

Гісторык паводле адукацыі Вячаслаў Касінераў, старэйшы з «графіцістаў», згадаў пра тое, як яго хворага ў кайданках ахоўвалі міліцыянты.

Я быў пасьля апэрацыі на сківіцы, пад абязбольвальным, але яны паўгадзіны абмяркоўвалі, як лепш мяне прыкаваць кайданкамі да ложка

— З кантактаў з опэрамі я зразумеў іх мэты — не дазволіць ніякіх зьменаў, ніякай грамадзкай актыўнасьці, каб не было як на Майдане. Яны шчыра вераць, што гэта найгоршае зло, кажуць, што не дапусьцяць, каб тут зьявіліся нейкія „новыя Леніны“, якія ўчыняць рэвалюцыю. А што да канвойных ды іншых звычайных міліцыянтаў, дык іх нічога не цікавіць, акрамя свайго заробку. Гэтыя людзі — проста „гопнікі“ ў пагонах, то бок службоўцы з мэнталітэтам вулічных хуліганаў, для якіх нічога ня варта нават забіць, калі ёсьць адпаведная інструкцыя. За два дні пад канвоем каля мяне зьмянілася каля 20 канвойных, я зь імі размаўляў, чуў іх размовы паміж сабой. Пра тое, як нейкага бамжа зьбілі, як кагосьці палкай аддубасілі і гэтак далей — адсюль склалася агульнае ўражаньне. Такі выпадак ужо са мной: я быў пасьля апэрацыі на сківіцы, пад абязбольвальным, але яны паўгадзіны абмяркоўвалі, як лепш мяне прыкаваць кайданкамі да ложка. У іх інструкцыя, а на чалавечыя пакуты можна не зьвяртаць увагі.

— Вы ў сваіх графіці заклікалі да таго, каб Беларусь стала беларускай. Пасьля арышту і сьледзтва, пасьля гэтага брутальнага адказу на вашы дзеяньні з боку беларускіх уладаў ваша пазыцыя неяк зьмянілася?

— Не, пазыцыя наша засталася трывалай, ніхто з нас не разгубіўся, не пайшоў на саступкі. Можна сказаць нават, што ва ўмовах сучаснай Беларусі мы ацэньваем такую жорсткасьць да нас як пэўную адзнаку важнасьці нашых дзеяньняў. Пакуль выглядае гэтак, што калі на цябе не заведзеная крымінальная справа і цябе не зьбіваюць міліцыянты, значыць, ты для іх нічога ня варты. Хацелася б, каб адзнакі даваліся людзям іншым чынам, але ў нас пакуль гэтак. Таму мы робім сваю справу, як рабілі, ніхто не адрокся ад сваіх ідэалаў і меркаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG