На 13 студзеня Нацбанк усталяваў наступныя курсы замежных валютаў: 19 234 беларускія рублі за даляр ЗША, 20 951 — за эўра і 251,04 беларускага рубля за адзін расейскі. Асноўныя валюты падаражэлі да беларускага рубля ў параўнаньні з курсамі на 12 студзеня: даляр і эўра вырасьлі на 1%, расейскі рубель — на 0,33%.
З пачатку году беларускі рубель няспынна падае да даляра і эўра. Яшчэ 1 студзеня за даляр Нацбанк прапаноўваў 18 569 рублёў, за эўра — 20 300. Расейскі ж рубель каштаваў тады 255,33 беларускага рубля.
За 2015 год беларускі рубель значна абясцэніўся да замежных валютаў: на 56% да даляра, на 40% да эўра і на 23% да расейскага рубля. Інфляцыя за год склала 12%, але некаторыя тавары і паслугі падаражэлі на 20–30%. На 2016 год эканамісты прагназуюць працяг падзеньня.