Афіша:
У Менску пачынаецца двухдзённы чэмпіянат Эўропы па канькабежным спорце. Плянуецца ўдзел 70 спартоўцаў з 22 краінаў.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы каля Менску запрашае дзяцей і дарослых на мерапрыемства «Cпорт, гульні і забавы ў беларускай вёсцы». Ад 13.30 да 15.30.
У Берасьцейскім акадэмічным тэатры драмы (Берасьце, вул. Леніна, 21) пачынаецца Міжнародны фэстываль клясычнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары», у якім возьмуць удзел музыканты з Расеі, Украіны, Італіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Чылі, Літвы, Казахстану. Фэстываль патрывае да 12 студзеня.
У першым сёлетнім выпуску Зоны Свабоды — штотыднёвай аналітычнай перадача журналістаў Радыё Свабода на тэлеканале Белсат — пра тое, хто здабыў беларускую незалежнасьць і як беларусы да яе ставяцца. Перадачу вядзе Аляксандар Лукашук. У ёй таксама ўдзельнічаюць Аляксандра Дынько, Франак Вячорка і Сяргей Навумчык. Глядзіце перадачу а 20.00. Белсат трансьлюецца са спадарожнікаў ASTRA 4А і ASTRA 1KR.
У гісторыі:
1769 ― на загад Кацярыны Другой у Расеі ўведзеныя першыя папяровыя грошы: асыгнацыі.
1848 ― нарадзіўся Якуб Наркевіч-Ёдка, мэдык і прыродазнаўца, адзін зь першаадкрывальнікаў радыё. У сваім маёнтку ён стварыў мэтэаралягічную станцыю, вывучаў атмасфэрную электрычнасьць і прыдумаў прыладу для бяздротавага прыёму электрамагнітных сыгналаў.
1897 — у Беларусі праводзіўся перапіс насельніцтва. У Менску тады жыло крыху больш за 90 тысяч чалавек, у Віцебску — 66 тысяч, у Горадні — 47 тысяч, у Берасьці — 46,5 тысячы, у Магілёве — 43 тысячы, у Гомелі — каля 37 тысяч.
1906 — нарадзіўся Андрэй Александровіч, беларускі дзіцячы пісьменьнік, крытык.
1951 ― Афіцыйна адчынены будынак штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку
У памяці:
1921 ― памёр Павал Чайка, беларускі вайсковец, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
1966 — у Менску быў забіты беларускі пісьменьнік Ігар Хадановіч.
Цытата:
«Ой, зіма,
Зіма,
Зіма!
Весялей цябе
Няма!
Горка,
Санкі,
Гоман,
Сьмех.
Сіні вечар.
Белы сьнег.
Усе дзеці
На каньках.
Колькі
Радасьці ў вачах!»
Пятрусь Броўка, «Зіма».