Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мама на Манбляне» — шматдзетная маці зьдзяйсьняе мару дзяцінства і рыхтуецца ўзьняцца на найвышэйшую гару Эўропы


Тацяна Гацура-Яворская
Тацяна Гацура-Яворская

Схадзілі з мужам у кіно на «Эвэрэст», а цяпер уся сям’я Гацураў-Яворскіх выпраўляе маму Тацяну на Манблян.

«Я баюся холаду і вышыні таксама, — распавядае Тацяна Гацура-Яворская, шчасьлівая, як сама кажа, маці чатырох дзяцей, праваабаронца і грамадзкая актывістка. — Самая вялікая рызыка — не лавіна, а выпрабаваць сябе, паглядзець на сябе збоку».

Ужо празь некалькі дзён Тацяна ляціць у Жэнэву, адтуль дабіраецца да Шамані і наступным ранкам пачынае ўзыходжаньне разам з альпіністамі з украінскага клюбу.

«Пайду са сьцяжком сваім», — Тацяна раскладае на кухонным стале маленькі бел-чырвона-белы сьцяжок. — Ён заўжды са мной. Я ў 15 год прыехала са Стоўпцаў у Менск на сваю першую акцыю, і тады мне яго падарылі».

Паводле графіку альпіністы маюць праходзіць па 700 мэтраў уверх удзень і спыняцца начаваць.

«Там ёсьць нейкія месцы начлегу, у якіх можна схавацца ад ветру, — распавядае Тацяна. — Шэсьць дзён будзем ісьці ўверх і чатыры ўніз».

«Я была знаёмая з Мікалаем Бандалетам, які пасьля загінуў у Нэпале, хадзіла ў іх клюб», — распавядае Тацяна.

Мікалай Бандалет — адзін з самых вядомых і дасьведчаных беларускіх альпіністаў. Разам зь сябрам Сяргеем Белавусам загінуў пры ўзыходжаньні на пік Тулагі ў Нэпале ў 2011 годзе.

«Думка ў мяне такая была даўно, але пасьля Мікалай загінуў, і неяк гэта ўсё адклалася».

Імпульс быў нечаканы, найхутчэй для мужа Тацяны Ўладзімера, які запрасіў жонку схадзіць на фільм «Эвэрэст».

«Насамрэч, ён проста хацеў мяне ў кіно звадзіць, — сьмяецца Тацяна, але менавіта пасьля фільму яна пачала рэалізоўваць мару дзяцінства.

«У Беларусі я не знайшла такіх клюбаў, зь якімі я была б упэўненая, што яны дасьведчаныя і зь імі можна ісьці ў такія вандроўкі. Але знайшла ва Ўкраіне, — кажа Тацяна, — Гэтая каманда не аднойчы ўздымалася на Эвэрэст, яны робяць складаныя ўздымы».

Уздым у групе альпіністаў каштуе 640 эўра. Дадаткова трэба заплаціць за візу, начлег у Шамані і іншыя свае выдаткі.

Дзяўчына выкладае на падлогу ўнушальныя аб’ёмы неабходнай экіпіроўкі — кошкі, ледаруб, страхоўка, каска, пуховыя рукавіцы, спальнік, тэрмабялізна...

«Вось ліхтарык, — Тацяна надзявае яго на лоб. — Тут і SOS уключаецца, калі што».

Цёплы пухавік Тані дала яе касмэтоляг.

«Мяне зьбіралі „ўсім сьветам“, — працягвае дзяўчына. — Вось хлапец, які ўздымаўся на Эльбрус, пазычыў мне свой мэмбранны касьцюм. Гэта з ангельскага войска, ён не прапускае ваду і вецер».

Асаблівы гонар і самае вялікае грашовае ўкладаньне — «падвойныя» альпійскія боты. У «лёгкім» боце, які хаваецца ўнутры, можна хадзіць і спаць. А ўздымацца на гару трэба ў «цяжкім». Тацяна кажа, што ёй пашанцавала набыць у Менску боты адзінай фірмы, у якіх альпіністы уздымаюцца на Эвэрэст. Каштавалі 7 мільёнаў. Іх падарыў на дзень народзінаў муж Тацяны Ўладзімер, якому ідэя ўздыму ня надта даспадобы і за Тацяну ён шчыра хвалюецца.

«Калі ўсё самой купляць — гэта капец. Усё каштуе вельмі вялікіх грошай», — але тыя, хто ведае Тацяну, да яе ідэі паставіліся і з увагай, і з пагавай. І нават тыя, хто ня ведае. Так, незнаёмая дзяўчына Алеся «падарыла» ёй сваю зьніжку ў краме спартовага адзеньня.

Тацяна на зімовы ўздым ідзе ўпершыню. Раней найвышэйшым дасягненьнем быў трэкінг на ўкраінскую Гавэрлу, у які выправіліся летам разам зь дзецьмі. Праўда, самая высокая гара ўкраінскіх Карпат больш як у два разы ніжэйшая за Манблян.

Манблян, што ў перакладзе з францускай азначае «белая гара», мае 4810 мэтраў вышыні. Суворыя альпінісцкія сайты пішуць, што гэта ня самы складаны маршрут, але патрабуе вельмі добрай фізычнай падрыхтоўкі, трываласьці і ўменьня абыходзіцца з «кошкамі» і ледарубам.

Зімовае ўзыходжаньне адмыслова цяжкае. Цяпер максымальная тэмпэратура на гары ад −15 удзень да −25 ўначы. Моцны сьнегапад і вецер. Тацяна распавядае, што на вышыні кожныя 100 грам успрымаюцца як кіляграм. «Нават абгортку з шакалядкі здымаюць, каб пазбавіцца лішняй вагі», — прыводзіць яна прыклад.

Тацяна ведае, што калі надвор’е сапсуецца зусім, уздым адкладуць.

«Я не лічу, што ёсьць вялікая рызыка, — кажа Тацяна. — Гэта Эўропа. У страхоўку уваходзіць верталёт, які цябе мусіць выратаваць пры патрэбе. Я іду з дасьведчанымі людзьмі. Самая вялікая рызыка — гэта лавіна. Дарэчы, сёньня было паведамленьне, што два чалавекі каля Шамані загінулі ў лавіне». Рыхтавацца да ўзыходжаньня Тацяна пачала за некалькі месяцаў. Ведала, што ёй патрэбная кардыёнагрузка, сталыя трэніроўкі, а норма прабегу для альпіністаў — 11 кілямэтраў.

«Калі я пачала пра гэта чытаць, спужалася спачатку, бо трэба нібыта спэцыяльныя боты для зімовага бегу, трэба бегавую дарожку напракат браць, адмысловую вопратку набываць... Усё патрабавала нейкіх новых укладаньняў, — кажа Тацяна. — Я пачала думаць, а як людзі 50-60 год таму ўздымаліся, у іх нічога не было, але яны без вось гэтых ботаў рабілі тое самае. Першы чалавек узьняўся на Эвэрэст у 1953 годзе і ён ня меў усіх гэтых прыладаў!»

Дапамагла кніга шматразовага чэмпіёна сьвету па бегу Гордана Піры «Бегайце хутка і бяз траўмаў».

«Там ён пасьмяяўся з усіх гэтых наваротаў, красовак для бегу, напульсьнікаў, — распавядае Тацяна. — Я бегала ў сваіх звычайных красовачках. Пачала з трох кілямэтраў. Праз сем тыдняў я ўжо спакойна па перасечанай мясцовасьці бягу 10 кілямэтраў».

Кантралявала свой стан праз звычайны тэлефон з GPS і праграмай Runkeeper.

«Яна мне ўсё нармальна лічыла, рабіла трэкі — карацей, абышлася без усіх прыбамбасаў са звычайнай мабілкай. Усё нармальна, бягу, у мяне нармальны сардэчны рытм, я за ім сачу, нічога сабе не пасадзіла».

Дзеці Тацяны, а іх чацьвёра — ад трох да 15 год, да жаданьня мамы ставяцца спакойна.

«Калі мама хоча, хай ідзе», — заяўляе 12-гадовы Альгерд.

«Мы ведаем, што наша мама экстрэмальная, — кажа 9-гадовая Рагнеда — лазіць па вульканах, па гарах. Яна можа».

«Камусьці дастаткова самарэалізавацца ў мацярынстве, і гэта клясна. Мне недастаткова, хаця я шчасьлівая мама. Мне хочацца яшчэ ў іншых якасьцях сябе паспрабаваць, — адказвае Тацяна на пытаньне, няўжо хочацца яшчэ большага экстрыму, чым гадаваньне ў Беларусі 4-х дзяцей:

„Я ведала, што ты такое пытаньне задасі, але я так і ня ведаю, як на яго адказаць. Мне гэта цікава. Цікава пераадолець сябе. Таксама я разумею, я ня тое, што ганюся за маладосьцю і хачу яе ўхапіць за хвост. Але мне ўжо 35, і я разумею, што ў 45 мне будзе цяжэй прабегчы 11 кілямэтраў. А значыць, будзе складаней кудысьці ўзьняцца. Ня тое, каб я перажываю моцна наконт гэтага, але ёсьць свае законы“, — тлумачыць Тацяна.

„Калі ў цябе ёсьць мара, то лепш не адкладаць, а паспрабаваць зрабіць“, — кажа Тацяна Гацура-Яворская. — Бо пасьля будзе складаней. У мяне ёсьць мара зь дзяцінства, хачу яе зьдзейсьніць. Пайду, паспрабую».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG