Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ялізаўская гута: у чаканьні банкруцтва


Ялізаўская гута
Ялізаўская гута

Беларуска-аўстрыйскае прадпрыемства «Шклозавод «Ялізава» просіць правесьці працэдуру банкруцтва. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы са спасылкай на эканамічны суд Магілёўскай вобласьці, неплацежаздольнасьць заводу набыла ўстойлівы характар. Чыстыя страты — больш за 360 мільёнаў рублёў. Кошт актываў заводу, якімі ён мог бы пакрыць крэдыторскую запазычанасьць, удвая меншая, чым доўг перад крэдыторамі. Агульная запазычанасьць, паведамляе прэзыдэнцкая «СБ Беларусь сегодня», перавышае палову трыльёна рублёў.

У студзені эканамічны суд мае прыняць рашэньне, ці ёсьць падставы прызнаваць Ялізаўскую гуту банкрутам.

Банкруцтва шклозаводу ягоны генэральны дырэктар Аляксандар Шнэк абвяргае. Прызнае, што прадпрыемства апынулася ў цяжкіх эканамічных умовах, аднак рэсурсы, каб адолець цяжкасьці, па яго словах, ёсьць. Кіраўніцтва краіны зацікаўленае ў захаваньні брэнду Ялізаўскага шклозаводу, пераконвае Аляксандар Шнэк.

Калектыў прадпрыемства разьлічвае на дзяржаўную дапамогу, кажа ён, паказваючы прадпрыемства журналісту. Сёлета Аляксандру Лукашэнку накіравалі калектыўны ліст, які падпісала бальшыня працоўных шклозавода. Сярод іх быў і кіраўнік прадпрыемства. Лукашэнка двойчы наведваў Ялізаўскую гуту — у 2002 і 2006 гадах.

Пасёлак у нас невялікі і нам у найгоршым выпадку давядзецца некуды зьяжджаць. Тут няма іншай магчымасьці знайсьці сабе занятак.

«Для чаго мы пісалі? Каб завод працаваў і праца была, — немудрагеліста аргумэнтаваў неабходнасьць звароту да прэзыдэнта адзін з працоўных. — Пасёлак у нас невялікі і нам у найгоршым выпадку давядзецца некуды зьяжджаць. Тут няма іншай магчымасьці знайсьці сабе занятак».

«Кіраўніцтва краіны гарантуе, што прадпрыемства будзе працаваць, — дадае Аляксандар Шнэк. — Гэта самае галоўнае, што хацелі людзі, хаця зрабіць тое будзе складана. Мы адзначылі сто год, адзначым і сто пяцьдзесят, калі дажывём і, калі нас запросяць на гэты юбілей ялізаўскія хлопцы. Цяжкасьці ёсьць, і мы іх пераадолеем разам».

З трох шклоплавільных пячэй працуе адна

Пасьля ўступленьня Беларусі ў мытны саюз, тлумачыць сытуацыю Аляксандар Шнэк, на мясцовы рынак пачалі паступаць танная расейская шклотара, зь якою беларускаму прадпрыемству канкураваць няпроста. Рынак перанасычаны прадукцыяй шклозаводаў, кажа суразмоўца.

Тым ня менш у кастрычніку шклозавод спрацаваў з прыбыткам. Знойдзены новы пэрспэктыўны партнэр ва Ўкраіне. Пакрысе прадукцыя зь Ялізава адваёўвае сабе месца на расейскім рынку. Мясцовая шкляная прадукцыя прадаецца ў краіны Балтыі і Польшчу.

Прадукцыя прадпрыемства
Прадукцыя прадпрыемства

Асобныя прадпрыемствы лікёра-гарэлачнай беларускай індустрыі не трымаюцца плацёжнай дысцыпліны, наракае кіраўнік Ялізаўскай гуты. Паводле яго некаторыя заводы галіны не разьлічваюцца за набытую прадукцыю. Даводзіцца даваць адтэрміноўку. Цяпер прадпрыемства працуе пад заказ. На складзе — месячны запас прадукцыі, што дапушчальна, адзначае кіраўнік ялізаўскага прадпрыемства.

Прадукцыя прадпрыемства ў кантэйнэрах відаць з пасёлка
Прадукцыя прадпрыемства ў кантэйнэрах відаць з пасёлка

Тэрыторыя прадпрыемства ўпарадкаваная. Абапал праезнай завадзкой дарогі — кантэйнэры з прадукцыяй.

Аляксандар Шнэк паказвае пляцоўку, на якую прызямляўся гелікоптэр з кіраўніком дзяржавы. Ля прахадной тры дзясяткі ровараў, на якіх прыехалі ялізаўцы на працу.

Транспарт працаўнікоў
Транспарт працаўнікоў

З трох шклоплавільных пячэй цяпер задзейнічаная ў вытворчасьці — адна. Яна працую на поўную магутнасьць. Вытворчая лінія сучасная. Яна ўкамплектаваная машынамі, вырабленымі ў некалькіх краінах. Прадпрыемства мае зьніжку на набыцьцё газу, тысячу кубамэтраў купляюць ужо не за 320 даляраў, а за 180.

Гэтак выглядаюць слоікі пасьля фармоўкі на канвэеры
Гэтак выглядаюць слоікі пасьля фармоўкі на канвэеры

Па словах Аляксандра Шнэка, давялося на прадпрыемстве правесьці аптымізацыю. Канкрэтную лічбу звольненых кіраўнік заводу не назваў, пры гэтым адзначыў: чвэрць калектыву да аптымізацыі складалі людзі пэнсійнага і перадпэнсійнага веку. На месца звольненых прыйшла моладзь. Маладыя спэцыялісты — завадзкія гадаванцы. Сярэдні заробак на прадпрыемстве, па словах Аляксандра Шнэка, больш за 6 мільёнаў рублёў.

За гадзіну чаканьня гутаркі з кіраўніком шклозаводу на прадпрыемства заехалі дзьве вялікія фуры з латвійскімі нумарамі. Па словах жыхароў Ялізава, раней ля прахадной машын было не прапхнуцца.

Пляцоўка перад будынкам адміністрацыі і прахадной. Наплыву пакупнікоў у няпросты для прадпрыемства час няшмат
Пляцоўка перад будынкам адміністрацыі і прахадной. Наплыву пакупнікоў у няпросты для прадпрыемства час няшмат

«А што з заводам, дык незразумела», жыхары Ялізава

Само Ялізава выглядае дагледжаным паселішчам. Многае, што ў ім некалі было на балянсе шклозаводу. Непатрэбнае прадпрыемству перададзена ў камунальную ўласнасьць. У некалькіх месцах пасёлку банэрамі нагадваюць, што ў 2013 годзе шклозаводу было 100 год.

Банэр нагадвае пра стогадовы юбілей шклозаводу
Банэр нагадвае пра стогадовы юбілей шклозаводу

Жыве ў Ялізаве больш за тры тысячы чалавек. Ля шклозаводу некалькі дзясяткаў цагляных і панэльных двухпавярховікаў. Прыватныя сядзібы займаюць большую частку пасёлка. Ранкам вуліцы бязьлюдныя.

Бязьлюдныя вуліцы Ялізава
Бязьлюдныя вуліцы Ялізава

Рэдкія мінакі гутарыць з журналістам ахвоты ня мелі. Тыя, хто пагаджаўся, не хавалі: шклозавод пасёлку патрэбны. Безь яго ён зьнікне. Некаторыя пасялкоўцы запэўнівалі: прадпрыемства праходзіць працэдуру банкруцтва.

«Судовыя ідуць цяжбы. Прызначаны новы дырэктар па банкруцтве і пройдзе працэдура самога банкруцтва, — выказваецца адзін зь мінакоў. — Тут цяпер толькі адзін цэх працуе. У ім вырабляюць шклатару — бутэльку, слоікі. Печкі спынілі. Патрэбнае фінансаваньне. Газ дарагі, электраэнэргія дарагая. Усё ад гэтага залежыць. Ды й сыравіна дарагая».

Ялізаўскі пэйзаж. На даляглядзе — шклозавод
Ялізаўскі пэйзаж. На даляглядзе — шклозавод

Людзі і цяпер пакрысе зьяжджаюць, дадае яшчэ адзін жыхар Ялізава — былы працаўнік шклозаводу.

«А так, што ў нас тут: школа, дзіцячы садок і больш працы і няма. Я сам працаваў на заводзе, пад скарачэньне падпаў. Цяпер у школе працую за два мільёны, і дачка вучыцца платна. Як хочаш, так і выжывай. Бацькі дапамагаюць. А што з заводам, дык незразумела. Абяцаюць, што нешта зьменіцца. Настрой кепскі. Пажыць яшчэ хочацца, а працы няма. Дужа цяжка. Нехта спрабуе зьехаць. Сем’і распадаюцца».

Непадалёк ад заводзкай прахадной — невялікі рынак. Пяцёра гандляроў сумуюць. Іх пакупнікі на закупы не сьпяшаюцца. Адна з гандлярак, зьбіраючы тавар, прызнаецца: за ўвесь дзень прадала толькі некалькі пар шкарпэтак. У людзей няма грошай. У шапіках з продажам сытуацыя падобная:

Рынак без пакупнікоў
Рынак без пакупнікоў

«Пакупніцкая здольнасьць дужа зьменшылася. Слабавата набываюць тавар. Раней праз крызіс гандаль упаў, а цяпер яшчэ ў два разы, — даводзіць сытуацыю гандлярка. — Цяпер жа ў нас завод не працуе амаль што. Адзін цэх. Там ня пяць дзён працуюць, а чатыры, таму і заробкі ўпалі. А завод — банкрут. Яны вінаватыя многа грошай. Кантракт сканчаецца ў людзей, і яго не падаўжаюць. Некаторыя зьяжджаюць у Расею, некаторыя ў Асіповічы ды ў Менск. Тут жа многа моладзі жыве. Дужа шмат беспрацоўных».

Выжываем за кошт пэнсіянэраў

У крамах вялікага наплыву пакупнікоў таксама няма. Толькі пад вечар гандаль ажывае. Набыўшы неабходнае, людзі сьпяшаюцца па хатах. Толькі школьнікі нетаропка сунуцца з заняткаў. Вуліцы жывуць іхным гоманам.

Паводле наступнага суразмоўцы, на заводзе цяпер працуе крыху болей за сто чалавек. За апошнія дзесяць год, як ён запэўнівае, звольнілі ў некалькі разоў болей.

«Тут за кошт пэнсіянэраў бальшыня жыве. Што тут моладзі рабіць? — дае ацэнку мясцоваму жыцьцю жыхар Ялізава. — Адзінкі на заводзе працуюць. Ды й у калгас ужо не ўладкавацца. Неяк прыяжджаў Лукашэнка, дык яму на плошчы перад заводам пытаньне задалі пра працу. Ён адказаў: „Няма працы — дык у калгас“. А цяпер і туды не ўладкуесься. Жыві, як хочаш. А тут яшчэ засуха — ні грыбоў, ні ягад табе. Акрамя таго, што закупныя цэны зь мінулага стагодзьдзя».

Як сьцьвярджаюць на прадпрыемстве, цяпер на ім працуе прыкладна 550 чалавек.

Ялізаўская школа
Ялізаўская школа

І ўсё ж жыхары Ялізава спадзяюцца, што шклозавод акрыяе і ўсім ахвотным знойдзецца на ім праца. Ня хочуць верыць, што ён паўторыць лёс яшчэ адной гуты з Магілёўскай вобласьці, якая месьцілася ў пасёлку Глуша. Там за савецкім часам выраблялі малочную бутэльку і да сёньня ад тамтэйшага шклозаводу не засталося ні знаку.

Дужа ня хочацца ехаць на заробкі ў Расею, прызнаецца маладая жанчына, якой ужо давялося працаваць на ялізаўскай гуце. Яна таксама падпала пад скарачэньне і цяпер працуе ў калгасе.

Тут больш няма працы. У калгас ня ўсе гатовыя ісьці. Вось і едуць на Расею.

«Тут больш няма працы. У калгас ня ўсе гатовыя ісьці. Вось і едуць на Расею. Дужа шмат людзей, якія працуюць у калгасе, кажуць: „Калі адкрыецца завод, адразу ідзём туды“. Людзі ведаюць, што праца на месцы. Адпрацавалі сваё — і дома. А не ад ранку да ночы на працы».

У 2002 годзе пакет акцыяў Ялізаўскага шклозаводу набывала аўстрыйская кампанія «АТЕС Holding GmbH», якая рэканструявала прадпрыемства. Яно вырабляе шкляную тару для харчовай прамысловасьці.

Адным з уладальнікаў кампанія «АТЕС Holding GmbH» быў бізнэсовец Аляксандар Мураўёў. Ён пад вартай. Яго затрымалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, калі зьбіраўся выляцець у Вену. Мураўёў — фігурант гэтак званай справы «Мотавела». Яму інкрымінуюць вывад капіталу за мяжу ды нанясеньне стратаў інтарэсам акцыянэраў таварыства «Мотавела», якое ўваходзіла ў склад кампаніі. У 2014 годзе банкрутам прызналі Гомельскі шклатарны завод, які кантраляваў таксама Аляксандар Мураўёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG