Верагодна, праціўнікам акцыі ў твітэры нагадалі, што трэба весьці актыўнасьць па хэштэгах акцыі. Актывізаваліся з паведамленьнямі на #студентыпротив, але маўчаць на #студэнтысупраць.
Дзяўчын, якія разгарнулі плякаты, доўга спрабавалі затрымаць. Яны хадзілі, узяўшыся пад локці, сябры акружылі іх, за колам хадзілі людзі ў цывільным. У выніку дзяўчаты зь сябрамі селі ў маршрутку і зьехалі, людзі ў цывільным засталіся ні з чым.
Акцыя скончылася, дыван застаўся. Абышлося без затрыманьняў
Удзельнікі акцыі разышліся, перадае карэспандэнт Свабоды. Дыван, на які выклікалі рэктара, застаўся ляжаць перад зачыненым уваходам у галоўны корпус БДУ. Па выніках акцыі было складзена два адміністрацыйныя пратаколы, затрыманых няма. Агулам у акцыі ўзялі ўдзел 100-120 чалавек без уліку СМІ і міліцыі.
Па заканчэньні акцыі праціўнікі студэнцкага маршу выступілі з заявай пра "напады баевікоў" на актывістаў БРСМ і студэнцкага саюзу.