Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што пасылкі з таварамі з-за мяжы, якія заказваюць праз інтэрнэт-крамы, абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасьці.
Ацэначны кошт такіх пасылак наўмысна заніжаецца, сказаў Мясьніковіч на пасяджэньні маніторынгавай групы па разглядзе праектаў указаў прэзыдэнта Беларусі і законаў у Савеце Рэспублікі.
За першае паўгодзьдзе сёлета жыхары Беларусі атрымалі з-за мяжы 4 мільёны 400 тысяч пасылак з таварамі.
«Яны ацэньваюцца ў 5 даляраў, 10 даляраў... Хоць на самай справе фактычны кошт цалкам іншы, таму бюджэт недаатрымлівае ПДВ, пошліны. Я ня супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падробка фактычнага кошту. Гэта дазваляе ўцякаць ад мытных пошлін, плацяжоў і гэтак далей», — цытуе БелТА Мясьніковіча.
Раней Мясьніковіч прапаноўваў увесьці ПДВ на такія пасылкі з таварамі, але з гэтым не пагадзіўся Нацбанк, бо праграмнае забесьпячэньне не дазваляе зрабіць гэтага.
«Я лічу, што гэта няправільны падыход. Буду на гэтым настойваць. Бо калі мы прыходзім у краму, на касе прабіваюць ПДВ, і праграмнае забесьпячэньне спрацоўвае. Кожны пакупнік сплачвае падатак. У нас ёсьць рэгістрацыя на кожную пасылку. Пры яе ўручэньні цалкам можна гэтае пытаньне вырашыць», — заявіў Мясьніковіч.
Паводле старшыні Савету Рэспублікі, такія пасылкі абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасьці. «І, вядома, гэта вялікія страты для бюджэту», — падкрэсьліў ён.
Паводле Мясьніковіча, Эўразійская эканамічная камісія ўжо абмяркоўвае пытаньне ўвядзеньня падатку на падобны інтэрнэт-гандаль. Гаворка ідзе пра прагрэсіўную шкалу падатку на пасылкі з таварамі з інтэрнэт-крамаў, якія паступаюць у ЭАЭС звонку.