Авіякампанія «Белавія» плянуе выконваць чартэрныя рэйсы ў Эгіпет у штатным рэжыме. На 10 лістапада ў «Белавія» заплянаваныя два чартэрныя рэйсы ў Хургаду.
Пра гэта паведаміла прэс-служба авіякампаніі.
Кіраўніцтва і служба авіяцыйнай бясьпекі авіякампаніі «Белавія» правялі працоўныя сустрэчы з кіраўнікамі Міжнароднага аэрапорта Шарм-аш-Шэйх, прадстаўнікамі эгіпецкіх спэцслужбаў, паліцыі і арміі. Падчас інспэктаваньня правераныя працэдуры па аглядзе транспарту, пасажыраў, багажу і ручной паклажы, якія ўяжджаюць на тэрыторыю аэрапорта.
Паводле беларускага боку, цяпер у аэрапорце Шарм-аш-Шэйх працуе шматслаёвая працэдура праверкі.
«На дадзены момант шэраг дзяржаў, у тым ліку сяброў Эўразьвязу, правялі інспэкцыі, аказалі садзейнічаньне для паляпшэньня працэдур агляду і высока ацанілі ступень бясьпекі аэрапортаў Шарм-аш-Шэйх і Хургада. У поўным аб’ёме працягваюць выконвацца рэйсы і ажыцьцяўляцца перавозка пасажыраў у абодвух напрамках з Германіі, Італіі, Баўгарыі, Бэльгіі, Аўстрыі, Вугоршчыны, Грузіі, Украіны, Саудаўскай Арабіі, Кувэйта, Туніса і інш. У той жа час авіякампаніі Вялікабрытаніі і Расеі спынілі ўвоз турыстаў і ажыцьцяўляюць толькі вываз іх з Эгіпту», — паведамляе «Белавія».
«Самастойна пераканаўшыся ў забесьпячэньні бясьпекі ў цяперашні час на высокім узроўні ў Міжнародным аэрапорце Шарм-аш-Шэйха, ААТ «Авіякампанія „Белавія“ плянуе выкананьне чартэрных рэйсаў у Эгіпет у штатным рэжыме», — распавёў намесьнік генэральнага дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец.
У Расеі і Эгіпце працягваецца расьсьледаваньне прычын катастрофы 31 кастрычніка над Сынайскай паўвыспай аэробуса расейскай авіякампаніі «Кагалымавія», калі загінулі 224 чалавекі. Сярод асноўных вэрсіяў — тэракт.