Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Associated Press распавяло пра праблемы з бясьпекай у аэрапорце Шарм-эль-Шэйха


Супрацоўнікі службы бясьпекі аэрапорта эгіпэцкага Шарм-эль-Шэйха на ўмовах ананімнасьці распавялі агенцтву Associated Press аб парушэньнях кантролю бясьпекі рэйсаў.

Паводле словаў супрацоўнікаў аэрапорта, бясьпека пакутавала з-за няспраўнага абсталяваньня і прадажнасьці службы надгляду пасажыраў. Інтраскоп аэрапорта працаваў зь перабоямі. Супрацоўнікі службы бясьпекі дакладалі пра гэта начальству, але апарат не замянялі. Адзін супрацоўнік лічыць, што рэнтгенаўская машына збаіла хутчэй з-за глупства яе апэратараў, чым з-за старасьці.

Ананімная крыніца паведаміла, што на даглядзе можна было прапусьціць сумку са зброяй або наркотыкамі за хабар каля 10 эўра. Прычынай такіх паводзінаў была нізкая зарплата супрацоўнікаў.

Пры гэтым, паводле слоў прэзыдэнта Эгіпта Абдэля Фатаба ас-Сісі, 10 месяцаў таму зь Вялікай Брытаніі прыяжджала каманда адмыслоўцаў, каб ацаніць працу службы бясьпекі ў Шарм-эль-Шэйху, і ў яе не было нараканьняў.

Аэрапорт горада Шарм-эль-Шэйх стаў аб’ектам расьсьледаваньня пасьля таго, як 31 кастрычніка над Сінайскай паўвыспай разьбіўся самалёт A321 расейскай авіякампаніі «Кагалымавія». Эгіпэцкі і расейскі бакі вядуць расьсьледаваньне крушэньня самалёта.

Пакуль не вылучалася афіцыйных вэрсій, аднак сярод іх фігуруе магчымасьць тэракту. Спэцслужбы ЗША і Вялікай Брытаніі неўзабаве пасьля трагедыі заявілі, што лічаць вэрсію падрыву найбольш верагоднай. Гэтыя краіны былі першымі, хто спыніў турыстычныя рэйсы ў Эгіпет.

У суботу МНС Расеі накіравала ў Эгіпет некалькі пустых бартоў, каб вывезьці расейскіх турыстаў і іх багаж.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG