Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кастрычніцкі форум»: Эканоміка Беларусі зноў перад выбарам


«Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014 у Менску
«Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014 у Менску

Цягам 3–4 лістапада ў Менску пройдзе трэці па ліку «Кастрычніцкі эканамічны форум», у якім возьмуць удзел вядомыя беларускія і замежныя дасьледчыкі.

Пераасэнсаваньне канцэпцый, перагляд палітыкі

У рамках форуму будуць працаваць некалькі плятформаў, аб’яднаных адной праблематыкай: «Эканоміка Беларусі: ізноў перад выбарам». У які бок скіруецца Беларусь на эканамічным раздарожжы?

У першы дзень працы форуму чакаецца выступ намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Мікалая Снапкова. Ягоная прамова заплянаваная ў сэкцыі «Глябальны кантэкст: пераасэнсаваньне канцэпцый, перагляд палітыкі». Працягне дыскусію Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Пленарны даклад прадставіць дырэктар Усясьветнага банку па Ўкраіне, Беларусі і Малдове Фан Чымяо.

Пэрспэктывы разьвіцьця ўсясьветнай эканомікі і эканомік краінаў рэгіёну ацэняць міжнародныя экспэрты: намесьнік дырэктара Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Джэймс Гордан, галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаніяў ВР па Расеі і СНД Уладзімер Драбянцоў, дырэктар праграмы «Эканамічная палітыка» Маскоўскага цэнтру Карнэгі Андрэй Моўчан. Мадэратар — дырэктар Стакгольмскага інстытуту пераходнай эканомікі Торб’ёрн Бэкер.

Канцэпцыю эканамічнай трансфармацыі прадставяць: ад Беларусі — начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Кірыл Руды, ад замежных інстытуцыяў — кансультант Ўсясьветнага банку, былы прэм’ер-міністар Сэрбіі Мірка Цьветкавіч, кіраўнік сэктару макраэканомікі Ўсясьветнага банку Івайла Ізворскі, начальнік упраўленьня макраэканамічнай дапамогі генэральнага дырэктарату Эўракамісіі па эканоміцы і фінансах Хэліядора Тэмпрана-Ароё. Мадэратар — генэральны дырэктар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Павал Данэйка.

Удзельнікі «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» у 2014 годзе ў Менску
Удзельнікі «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» у 2014 годзе ў Менску

Час выходзіць зь пераходнага пэрыяду

Другі дзень будзе яшчэ больш насычаны, ён пройдзе пад лёзунгам «Лякальныя рашэньні: час выходзіць зь пераходнага пэрыяду». Адкрые форум першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі. Эстафэту падхопіць Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

Панэль «Ад стабілізацыі да фармаваньня даверу» распачне старшыня назіральнай рады дасьледчага цэнтру ІПМ Ігар Пеліпась. Свой погляд на акрэсьленую праблематыку прапануюць старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE Марэк Дамброўскі, намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Дзьмітры Калечыц, старшы рэгіянальны пастаянны прадстаўнік Эўрапейскага дэпартамэнту МВФ Бас Бакер.

«Стварэньне ўмоваў для збалянсаванага эканамічнага росту» — дыскусійная тэма панэлі № 2. Сярод выступоўцаў — кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Як Чул Кім, дэпутат Нацыянальнай рады Славаччыны, дарадца міністра фінансаў Украіны Іван Міклаш, кіраўніца прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Вольга Шчарбіна.

«Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014
«Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014

Панэль № 3 прапануе «Новы погляд на сацыяльную палітыку». Выступоўцы — старшы саветнік рэгіянальнага цэнтру ПРААН для краінаў Эўропы і СНД Бэн Слэй, намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валер Кавалькоў, намесьнік міністра фінансаў Юры Селіверстаў, навуковы супрацоўнік Інстытуту эканомікі працы IZA Мілан Водапівец.

Камэнтары па выніках выступаў зробяць кандыдат эканамічных навук, навуковы дырэктар дасьледчага цэнтру ІПМ Ірына Тачыцкая, HR-дырэктар упраўляючай кампаніі «ЗУБР Капітал» Сяргей Рабухін, кандыдат эканамічных навук, старшы дасьледчык CASE Belarus Уладзімер Валетка, генэральны дырэктар Game Stream (WARGAMING.NET) Віктар Навачадаў, эканаміст BEROC Зьміцер Крук, старшыня праўленьня Беларускага народнага банку Канстанцін Цэрэтэлі.

Беларусы дасьпелі да зьмены эканамічнага ладу

Ці сапраўды за два дзясяткі гадоў выбудоўваньня «беларускага цуду», які так і не спарадзіў абяцанага плёну, грамадзяне Беларусі прыйшлі да гатоўнасьці адмовіцца ад плянавай эканомікі і аддацца на волю рынку?

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

Дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык на падставе дадзеных апытаньняў міжнародных і незалежных нацыянальных сацыялягічных службаў прааналізаваў настроі беларусаў за апошнія чвэрць стагодзьдзя і прыйшоў да высновы: людзі дасьпелі да зьмены эканамічнага ладу. Калі ў 1990 годзе Беларусь без варыянтаў была ў «карычневым» сэктары прыхільнікаў татальнай дзяржаўнасьці, то на мяжы стагодзьдзяў адчувальна «пачырванела» да ўзроўню сумневаў, а яшчэ празь дзясятак гадоў упэўнена «пажаўцела», галасуючы за павелічэньне долі прыватнай уласнасьці ў прамысловасьці і бізнэсе.

Але ці дастаткова волі толькі жыхароў краіны, калі вышэйшыя ўлады ня бачаць падставаў штосьці мяняць у сваёй эканамічнай палітыцы? Гэты дыспарытэт плянуецца абмеркаваць на «вялікім кастрычніцкім эканамічным форуме», як яго жартам называюць арганізатары. Цяпер фармуюцца базавыя «зыходнікі», якія стануць асновай для дыскусіяў пра пільна неабходныя рэформы, зразумелыя людзям і карысныя для краіны.

Першы, найважнейшы выклік на парадку дня — выхад з рэцэсіі

Дасьледчык Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук кажа, што хоць новы «дызайн эканамічнай палітыкі» і зьніжае традыцыйныя пагрозы макрастабільнасьці, але набіраюць актуальнасьці іншыя выклікі:

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

«Група выклікаў, зьвязаных адной прычынай, — гэта спадчына мінулых памылак эканамічнай палітыкі. За кошт працяглага пэрыяду фінансавай нестабільнасьці, памылак у манэтарнай палітыцы ў папярэднія гады ў нас вельмі няўстойлівы і высокі ўзровень інфляцыйных чаканьняў. Апроч таго, традыцыйна высокая і якраз устойлівая рэальная і фінансавая далярызацыя. Плюс за мінулыя пэрыяды дабрабыту сёньня расплочваемся нізкім узроўнем міжнародных рэзэрваў і адносна высокім узроўнем дзяржаўнага доўгу. Вядома, у параўнаньні з Грэцыяй ён зусім малы, але ў прыцэле таго, чаго б хацелася, усё ж высокі.

Першы, найважнейшы выклік на парадку дня — выхад з рэцэсіі, у якой мы знаходзімся. Гэты працэс зь вялікай доляй імавернасьці будзе досыць працяглы, і нават пасьля таго, як мы з рэцэсіі выйдзем, можна будзе казаць: перадумоваў для хуткага росту, для якой бы там ні было экспансіі ня будзе. Найперш з-за прыгнечанасьці інвэстыцыйнага попыту і захаваньня дыспарытэту паміж натуральнай і грашовай працэнтнай стаўкай. Другі тэзіс выцякае зь неэфэктыўнасьці манэтарнай палітыкі. Гэта азначае, што мы ўразьлівыя, не абароненыя ад зьнешніх шокаў. Любыя новыя вонкавыя працэсы пакідаюць нас сам-насам з гэтымі ўзрушэньнямі. Дастатковага арсэналу, каб абараніць нашу макраэканамічную стабільнасьць ад новых сур’ёзных шокаў, у нашым распараджэньні няма».

Сёлета эканоміка Беларусі зазнала ці не найбольш адчувальны зьнешні шок, выкліканы абвалам расейскага рынку — сыравіназалежную эканоміку дабілі заходнія санкцыі за агрэсію ва Ўкраіне і расейскія захады ў адказ на гэта. Па шэрагу пазыцыяў беларуская прысутнасьць на расейскім рынку скарацілася на траціну і нават больш. Пастаўкі прадукцыі такой стратэгічнай галіны, як машынабудаваньне, зьнізілася з больш як 20% да 2%. Між тым, як адзначае старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE Belarus Уладзімер Валетка, на рынку працы Беларусі такая дыспрапорцыя ніяк не адбілася — экспартнаарыентаваныя тавары працягваюць штампавацца на склад. Як удакладняе экспэрт, пры цяперашнім раскладзе гаварыць пра эфэктыўнасьць вытворчасьці можна толькі ў выпадку 40-працэнтнага скарачэньня працаўнікоў шэрагу апрыёры стратных заводаў-гігантаў:

Уладзімер Валетка
Уладзімер Валетка

«У шэрагу сэктараў у нас назіраецца значнае — на дзясяткі працэнтаў — падзеньне экспарту. Але як рэагуе на гэта рынак працы, ці зьмяншаецца занятасьць? Не! Гэта значыць, што ў нас рынак працы ў прывілеяваным стане, калі занятыя — гэта, па сутнасьці, староньнія назіральнікі за тым, што адбываецца ў эканоміцы, якая макрасытуацыя, якая зьнешняя сытуацыя, выкліканая падзеньнем збыту і стратай траціны рынку экспарту ў Расеі. Гэта мэтанакіраваная палітыка ўраду. Але, па сутнасьці, гэта рэакцыя і на нашы з вамі жаданьні, жаданьні занятага працаўніка.

Людзі ня хочуць рызыкаваць, губляць працу, гатовыя задавальняцца меншым. У сярэднім гэта, напэўна, адпавядае мэнталітэту, запытам сярэдняга работніка на працоўным рынку. Пры гэтым трэба разумець, што будуць наступствы, бо парушаецца эканамічная лёгіка: калі попыт на працу і занятасьць застаюцца стабільнымі незалежна ад попыту на прадукцыю, гэта прыводзіць да нэгатыўных вынікаў. Адзін зь іх — стагнацыя ў стварэньні эфэктыўных прадукцыйных працоўных месцаў. Дзеля гэтага патрэбныя інвэстыцыі. Але калі мы захоўваем лішкавую занятасьць, то робім простую рэч, якая дрэнна ўплывае на эканоміку: мы пераразьмяркоўваем наш створаны дабаўлены кошт, скіроўваючы яго не на капітал, а на працу. У першую чаргу за кошт прыбытку».

У прыватызацыі беларускі бізнэс у бальшыні сваёй па-за гульнёй

Згаданыя інвэстыцыі могуць прыйсьці з прыватызацыяй фінансаваёмістых прадпрыемстваў. Але ці ўяўляюць гэтыя прадпрыемствы практычны інтарэс для патэнцыйных прэтэндэнтаў? У сваёй большасьці яны фізычна і маральна састарэлі, няздольныя рэагаваць на сучасныя тэндэнцыі на рынках збыту. Навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Ірына Тачыцкая перакананая, што прыватызацыяй, якая робіцца толькі дзеля самога працэсу, структурныя праблемы эканомікі Беларусі ня вырашыш.

Дзеля гэтага неабходная маштабная перабудова ўсёй прамысловай палітыкі. Шэраг неэфэктыўных прадпрыемстваў правільней зьліквідаваць, як гэта зрабілі краіны Балтыі, чым трымаць на датацыях, спрабуючы захаваць іх на плыву. Да таго ж у цяперашняй сытуацыі чакаць прыватызацыі ды інвэстыцыяў складана: мясцовыя ня маюць такіх сродкаў, а замежнікаў палохае аб’ектыўна не найлепшы імідж дзяржавы:

Ірына Тачыцкая
Ірына Тачыцкая

«Калі казаць не пра некалькі чалавек, а пра беларускі бізнэс увогуле, то, хутчэй за ўсё, гэты варыянт адпадае. Можам нават казаць, што паводле азначэньня: калі зірнуць на каэфіцыент узроўню жыцьця ў Беларусі, ён вельмі нізкі. Адпаведна, гэта сьведчыць, што мы ўсе аднолькава небагатыя. І як, пры ўсіх абмежаваньнях, якія існуюць на карыстаньне банкаўскімі інструмэнтамі, рабіць інвэстыцыі? Дзе, уласна кажучы, я вазьму гэтыя грошы? Значыць, беларускі бізнэс у бальшыні сваёй па-за гульнёй. Калі паглядзім з пазыцыі замежных інвэстараў, расейскіх у прыватнасьці, — наколькі камусьці цікавыя нашы актывы, якія нікога не прыцягваюць? Пра гэта сьведчаць і апошнія спробы прадаць „Гродна Азот“.

Зь іншага боку, наколькі ў цэлым праблема прыватызацыі будзе вырашаць пытаньне росту эфэктыўнасьці? Найперш з гледзішча таго, што нам усё ж патрэбная крыху іншая эканоміка таксама. Добрае дыскусійнае пытаньне, бо сама па сабе прыватызацыя нічога не вырашае без распрацоўкі правільнай прамысловай палітыкі, якая давала б прынамсі бачаньне таго, якой мы хочам бачыць эканоміку Беларусі заўтра, пасьлязаўтра ці празь пяць дзён. Калі зыходзіць з гэтага, то наша палітыка прыватызацыі, палітыка прыцягненьня непасрэдных замежных інвэстыцыяў, пра што ўжо нават надакучыла гаварыць, павінна быць з гэтым зьвязаная».

Кастрычніцкі эканамічны форум будзе працаваць у Менску 3–4 лістапада. Арганізатары — Дасьледчы цэнтар ІПМ у супрацы зь Беларускім эканамічным дасьледча-адукацыйным цэнтрам BEROC ды Цэнтрам сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE Belarus і пры ўдзеле Асацыяцыі эўрапейскага бізнэсу. Канфэрэнцыя «Эканоміка Беларусі: ізноў перад выбарам» праводзіцца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці, Усясьветнага банку, Міжнароднага валютнага фонду і Праграмы разьвіцьця ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG