Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя футболу пра заўзятараў з «Пагоняй»: Яны не злачынцы


Узаемаадносіны футбольных заўзятараў і міліцыі абмяркуюць на сустрэчы старшыні Беларускай фэдэрацыі футбола Сяргея Румаса зь міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.

Пра гэта паведаміў 28 кастрычніка на сустрэчы з журналістамі першы намесьнік старшыні БФФ Сяргей Сафар’ян.

Падставай для сустрэчы стаў інцыдэнт 12 кастрычніка на «Барысаў-арэне» падчас адборачнага матчу чэмпіянату Эўропы Беларусь — Македонія. У перапынку міліцыянты затрымалі і даставілі ў Барысаўскі РАУС трох заўзятараў. На наступны дзень іх аштрафавалі на 1,8 млн рублёў кожнага. Паводле заўзятараў, праваахоўнікі прычапіліся да шалікаў з выявай «Пагоні», паведамляе БелаПАН.

Пазьней кіраўнік МУС Шуневіч заявіў, што нашэньне сымболікі з гербам «Пагоня» не зьяўляецца падставай для пакараньня. Фэдэрацыя футболу вырашыла ўзяць інцыдэнт на кантроль.

«Аднак гэта не азначае, што мы можам паўплываць на гэтую сытуацыю, — заявіў Сафар’ян. — Быў ліст у наш адрас, але там замест інфармацыі па сутнасьці ёсьць незадавальненьне нашымі дзеяньнямі, што мы не падтрымліваем МУС, і паўторана, што заўзятары былі нецьвярозыя і парушалі грамадзкі парадак. У такім выпадку ўзьнікае пытаньне, як нецьвярозыя праз кардоны міліцыі трапілі на стадыён, хто іх туды прапусьціў. Наколькі мы ведаем, гэтае рашэньне будзе абскарджвацца», — адзначыў прадстаўнік БФФ.

Паводле Сафар’яна, фэдэрацыя мае прапанову, «якую МУС пакуль не пачула і ня хоча чуць». Таму пасьля вяртаньня з адпачынку Сяргей Румас сустрэнецца зь міністрам, каб пазьбягаць такіх сытуацый.

«Мы не зацікаўленыя ў тым, каб супраць заўзятараў ажыцьцяўляліся нейкія неадэкватныя або незаслужаныя дзеяньні, — падкрэсьліў ён. — Зь іншага боку, мы не падтрымліваем тую частку заўзятараў, якія, знаходзячыся на футбольных матчах, парушаюць грамадзкі парадак».

Сафар’ян нагадаў пра адборачны матч Беларусь — Украіна, калі фанаты абедзьвюх зборных прасьпявалі вядомую нецэнзурную прыпеўку пра прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

«Я ня памятаю, каб там кагосьці бралі, масава выводзілі, хаця там некалькі соцень можна было вывесьці з сэктара за ўжываньне нецэнзурнай лаянкі, і, напэўна, у судзе ня ўзьнікла б пытаньняў, за што іх вытурылі. Але, наколькі я памятаю, тады ніводнага судовага разбору не было. Вось такая непасьлядоўнасьць у дзеяньнях выклікае пытаньні, і мы прапануем, каб абодва бакі ведалі, што ёсьць нейкі трэці бок, які будзе ацэньваць гэтую сытуацыю аб’ектыўна, не аддаючы прыярытэту таму ці іншаму боку. Будуць даваць паказаньні не прадстаўнікі АМАП у судзе, а людзі, якія не зацікаўлены займаць чыйсьці бок», — заявіў Сафар’ян.

Прадстаўнік фэдэрацыі адзначыў, што трэба павялічваць колькасьць заўзятараў на трыбунах і паляпшаць стаўленьне міліцыі да заўзятараў.

«Яны не злачынцы», — адцеміў Сафар’ян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG