Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч адказала на крытыку Лукашэнкі: Ніякай ідэі, абы ўтрымаць уладу


Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2015 па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч у нядзелю, 25 кастрычніка, у эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква» пракамэнтавала крытыку прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў свой адрас. Пра гэта піша Lenta.ru

«Калі Лукашэнка павіншаваў мяне, хай ня першы, я была рада, таму што зразумела, усё-ткі ён палітык. І раптам вось гэты камэнтар», — сказала беларуская пісьменьніца.

Яна выказала меркаваньне, што віншаваньне Лукашэнкі з прысуджэньнем ёй Нобэлеўскай прэміі было зроблена таму, што набліжаліся выбары кіраўніка беларускай дзяржавы.

«Тут поўна было розных камісій міжнародных, і перад сваім народам трэба было трымаць твар, а цяпер ён вольны», — заявіла яна.

Паводле словаў пісьменьніцы, яна ніколі не крытыкавала беларускі народ, а толькі палітычныя рашэньні прэзыдэнта.

«Я б сказала, што не пра гэта трэба сёньня прэзыдэнту гаварыць. Народ чакае рэформаў, у народзе назапасілася энэргія. А ў нас наогул ніякай ідэі. Толькі б утрымаць уладу. Калі гэта абраза беларускага або рускага народа, то я ня ведаю, дзе і ў якім часе мы жывем», — дадала Алексіевіч.

Раней у нядзелю Лукашэнка ў час ўзнагароджання ў Менску кампазытара Віктара Дробыша параўнаў музыку з Алексіевіч, падкрэсьліўшы, што Дробыш, будучы далёка ад роднай зямлі, ніколі не саромеўся называць сябе беларусам, «у адрозьненьне ад асобных нашых творцаў, творчых асоб, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія яшчэ не пасьпелі атрымаць яе, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну». Прэзыдэнт таксама заявіў: «Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая ёсьць. І калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць ты, перш за ўсё, дрэнны сын».

Верагодна, кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на выказваньні пісьменьніцы за мяжой, у прыватнасьці на сустрэчы з заходнімі журналістамі ў Бэрліне 10 кастрычніка. Тады Алексіевіч папярэдзіла Эўропу пра тое, што Лукашэнка «гандлюецца, каб набіць сабе цану ў адносінах з Расеяй, і зноў адвернецца ад Эўропы, калі атрымае расейскія грошы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG