«Арт-сядзіба» будзе працягваць акцыю #беларускаястужка, папулярызуючы цяпер ня толькі арнамэнт, але і бел-чырвона-белы сьцяг. «Магчыма, стужка народзіць новы хэштэг #бчбпобач, і людзі пачнуць фатаграфавацца ня толькі з Пагоняй, але і з гістарычным сьцягам, які, я перакананы, у іх таксама ёсьць», — кажа кіраўнік «Арт-сядзібы» Павал Белавус.
Дзяржаўная магілёўская фабрыка «Стужка» адгрузіла 5000 мэтраў бел-чырвона-белай стужкі, якую «Арт-сядзіба» замовіла ў прадпрыемства яшчэ летам.
«Мы зь цяжкасьцю, але пераканалі магілёўскую фабрыку „Стужка“ вырабіць партыю бел-чырвона-белай стужкі (шырынёй 35 мм)», — пісалася на старонцы «Арт-сядзібы» «Ўкантакце». Тады актывісты заклікалі ахвяраваць грошы на выпуск мінімальнай партыі стужкі.
ААТ «Стужка» — гэта дзяржаўная фабрыка. Раней «Арт-сядзіба» замаўляла ёй стужку з арнамэнтам для акцыі #беларускаястужка. Посьпех акцыі і попыт на стужку прымусіў фабрыку запусьціць яе ў шырокі розьнічны гандаль.
Кіраўнік «Арт-сядзібы» Павал Белавус сказаў Свабодзе, што год таму ў адказ на георгіеўскую стужку актывісты запусьцілі распаўсюд стужкі з арнамэнтам.
«Яе мы замовілі на магілёўскай фабрыцы „Стужка“. Мінімальная замова была 5000 мэтраў. Тады мы рыхтаваліся да першага Дня вышыванкі і вырашылі, што стужка з арнамэнтам будзе добрым крокам, каб прыцягнуць увагу да імпрэзы. Але мы не чакалі, што стужку разьбяруць за адзін дзень, што да „Арт-сядзібы“ далучацца сотні валянтэраў, якія захочуць раздаваць стужку, а фабрыка запусьціць стужку з арнамэнтам у масавы выпуск».
Пасьля наведнікі «Арт-сядзібы» сталі цікавіцца, дзе ўзяць бел-чырвона-белую стужку.
«Быў варыянт замаўляць такую стужку з Польшчы, але выходзіла задорага — мы б не маглі раздаваць такую стужку бясплатна. У выніку летам зноў зьвярнуліся на фабрыку „Стужка“ і зьдзівіліся, атрымаўшы станоўчы адказ. Але каб замовіць мінімальную колькасьць — а гэта 5000 мэтраў — трэба былі 2 тысячы даляраў. Мы зрабілі заклік у сацыяльных сетках — маўляў, робім стужку, зьбіраем грошы. Адгукнуліся Партыя БНФ, прадпрымальнік Алесь Мазанік, кіраўнік „Студальянсу“ Кірыл Атаманчык і іншыя дабрадзеі. У выніку за пару дзён мы змаглі аформіць замову. Але набліжаліся выбары, і за некалькі дзён да меркаванага дня адгрузкі замовы нам патэлефанавалі з фабрыкі і, выбачыўшыся за тэхнічныя накладкі, сказаў, што стужка будзе гатовая ў канцы кастрычніка. Праз два дні пасьля выбараў нам паведамілі, што замова запушчаная ў вытворчасьць», — распавядае Павал Белавус.
15 кастрычніка на сайце «Русь Молодая» зьявілася інфармацыя, паводле якой ідэоляг фабрыкі «Стужка» нібыта паведаміў, што ніякай замовы на выраб бел-чырвона-белай стужкі на прадпрыемства не паступала.
«Мы папрасілі пракамэнтаваць рэалізацыю дадзенай замовы намесьніка генэральнага дырэктара па ідэалёгіі ААТ „Стужка“ Дрозд Натальлю Мікалаеўну. Яна, у сваю чаргу, сказала, што гэта інфармацыйны „ўкід“ і што дадзеная замова прадпрыемствам не ажыцьцяўляецца. Паводле яе слоў, паклёп на прадпрыемства — гэта звычайная справа», — пісаў «РуМол».