Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе бяруць цішоткі з «Пагоняй»?


Некалі гэтым цікавілася міліцыя, а пасьля апошніх навінаў усё часьцей пытаюцца ў інтэрнэце.

У пятніцу, 16 кастрычніка, у інтэрнэце зьявілася фота чатырох хлопцаў-кадэтаў, якія з-пад формы паказваюць цішоткі з «Пагоняй». Паводле чутак, прынамсі аднаму зь іх пагражае адлічэньне. Раней зьявілася інфармацыя, што пяцёх фанатаў зборнай Беларусі па футболе судзілі за шалікі з «Пагоняй» на стадыёне — але, паводле афіцыйнай вэрсіі, яны атрымалі штрафы за лаянку і непадпарадкаваньне міліцыі. Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч нагадваў, што за адзеньне з выявай «Пагоні» міліцыя ня мае права затрымліваць людзей — у адміністрацыйным кодэксе няма такога парушэньня.

Тым часам у інтэрнэце ўсё больш людзей цікавяцца, дзе набыць цішотку з «Пагоняй».

Магчыма, найбольш такіх цішотак, а таксама іншых сувэніраў з «Пагоняй», прадае Symbal.by — кампанія, што ў свой час папулярызавала «вышымайкі», працуе і як інтэрнэтная, і як «афлайнавая» крама ў Менску, на трэцім паверсе гандлёвага цэнтру «Маскоўска-Венскі» (пр. Незалежнасьці, 58, павільён 333). У тым жа будынку, у офісе 430, на чацьвёртым паверсе месьціцца «Арт-Сядзіба», дзе таксама можна набыць такія цішоткі. Іншы «афлайнавы» пункт продажу патрыятычнага адзеньня — крама «Ў» па адрасе: праспэкт Незалежнасьці, 37а.

Цішоткі са сваімі арыгінальнымі прынтамі, у тым ліку з «Пагоняй», прапануе (і прадае праз інтэрнэт) LSTR Adzieńnie. Мноства розных відаў цішотак з «Пагоняй» мае брэнд Stigmata.

Ня толькі цішоткі, а і швэдры, магніцікі, сшыткі і альбомы з «Пагоняй» можна замовіць на belarusam.by. А гадзіньнікі з «Пагоняй» прапануе брэнд «Hvilina».

Варта адзначыць, што патрыятычнае адзеньне не абмяжоўваецца толькі цішоткамі з «Пагоняй» і «вышымайкамі». Багата адзеньня з арыгінальнымі патрыятычнымі, нацыянальна-сьвядомымі ці проста вясёлымі беларускімі прынтамі прапануюць, напрыклад, «Працуй пільна» і «Адліга», «Важная гусь» і Honar, ёсьць і дзіцячыя беларускія майкі-маляванкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG