Усе кадэты ў Віцебску штодня носяць «Пагоню» на шаўронах і кукардах. «Пагоня» ёсьць на банкноце 200 тысяч рублёў. Свабода сабрала прадметы, дакумэнты й установы, дзе сёньня афіцыйна выкарыстоўваецца «Пагоня».
Банкнота 200 тысяч рублёў
«Пагоню» можна знайсьці ня толькі на старых беларускіх рублях, але й на сучасных грошах. На банкноце ў 200 тысяч рублёў. На авэрсе — выява магілёўскага мастацкага музэя, а на рэвэрсе сярод дэкаратыўных элемэнтаў — герб Магілёва. Гэта гістарычны герб з выявай «Пагоні», атрыманы Магілёвам у 1661 годзе. Як афіцыйны герб горада ён быў адноўлены ў 2005 годзе. Сама банкнота з магілёўскай «Пагоняй» уведзена ў абарачэньне ў 2012 годзе.
Гербы Магілёва, Рэчыцы, Лепеля й Верхнядзьвінску
Прынамсі чатыры беларускія гарады маюць выяву «Пагоні» на афіцыйных гербах. Акрамя ўжо згаданага герба Магілёва, у 2009 годзе ўказам прэзыдэнта № 277 гістарычны герб з выявай «Пагоні» на чырвоным полі быў нададзены Лепелю. Яшчэ раней, у 2002-м — гораду Верхнядзьвінску, а ў 2005-м — гораду Рэчыцы й Рэчыцкаму раёну, таксама былі вернутыя гістарычныя гербы з Пагоняй. Ёсьць «Пагоня» і на гербе вёскі Ліпнішкі Івейскага раёну.
Самая вялікая адміністрацыйная адзінка ў Беларусі, якая мае «Пагоню» на сваім гербе, — Віцебская вобласьць. Яна атрымала свой стары-новы герб у 2009 годзе.
Форма віцебскіх кадэтаў
Па сеціве разыходзяцца здымкі ня толькі берасьцейскіх, а ўжо і віцебскіх кадэтаў.
Віцебская кадэцкая вучэльня створана на базе школы-інтэрнату для таленавітых дзяцей Віцебскай вобласьці ў 2011 годзе. Вучэльня месьціцца ў вёсцы Лужасна, што за 12 км ад Віцебску. Афіцыйны герб вучэльні — «Пагоня» з чырвоным крыжам унізе. Герб ёсьць на кукардах, штандарах, на ўсёй уніформе й дакумэнтах вучэльні.
Чэкі «Жыльлё» і «Маёмасьць»
Чэкі «Жыльлё» й «Маёмасьць», выдаваліся жыхарам Беларусі на пачатку 1990-х. За іх можна было прыватызаваць дзяржаўнае ці каапэратыўнае жыльлё, можна было абмяняць іх на акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Многія людзі дагэтуль не скарысталіся тымі чэкамі, і маюць іх на руках. Дзяржаўныя прыватызацыйныя чэкі з выявай «Пагоні» дагэтуль маюць афіцыйную сілу й могуць быць выкарыстаныя для пагашэньня крэдыту за жыльлё (пры ўмове, што яны былі своечасова перарэгістраваныя) ці набыцьця акцыяў прадпрыемстваў (ці можна на гэтым рэальна зарабіць — асобнае пытаньне).
Тэлевізары «Віцязь»
Ці ня самая распаўсюджаная сёньня «Пагоня» сустракаецца на ўсіх тэлевізарах гандлёвай маркі «Віцязь». Вершнік на кані — гэта афіцыйнае лёга віцебскага прадпрыемства.
Усе афіцыйныя дакумэнты 1991–1995 гадоў
Сэртыфікаты аб нараджэньні, пасьведчаньні аб шлюбе, пашпарты, дыплёмы — усе афіцыйныя дакумэнты, што выходзілі ў Беларусі да траўня 1995 году, маюць на сабе «Пагоню». Шмат у каго ёсьць фатаздымкі каля афіцыйных школьных ці ўнівэрсытэцкіх шыльдаў — напрыклад, са школьных выпускных. Тагачасныя ўсе яны з «Пагоняй».
Аўтамабільныя нумары
З 1992 па 1996 год «Пагоня» разьмяшчалася на аўтамабільных нумарах Беларусі. З 1996 году выяву «Пагоні» замяніў надпіс «Belarus», але па дызайне нумары засталіся такія самыя: чырвоныя лічбы й літары на белым фоне. І сёньня нярэдка можна сустрэць аўтамабілі са старымі чырвонымі нумарамі: нехта не замяняе іх, каб захаваць «Пагоню», але большасьць проста ўжо 20 год езьдзіць на адной і той самай машыне.
Грамадзкія арганізацыі
«Пагоню» маюць на сваіх эмблемах некаторыя грамадзкія аб’яднаньні. Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» заснавана яшчэ ў 1990 годзе — да таго, як «Пагоня» стала афіцыйным гербам. Таксама «Пагоню» можна пабачыць на эмблеме Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.