Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя: Усе кадэты ўжо ў вучэльні. Кадэты: Аднога не хапае

абноўлена

Вучні кадэцкай вучэльні ў Ястрамблі, якія сфатаграфаваліся з старажытным беларускім гербам "Пагоня" пад вайсковай формай
Вучні кадэцкай вучэльні ў Ястрамблі, якія сфатаграфаваліся з старажытным беларускім гербам "Пагоня" пад вайсковай формай

Кадэты з фота з «Пагоняй» — адны з найлепшых па пасьпяховасьці на курсе, — распавёў Свабодзе намесьнік дырэктара вучэльні Анатоль Гібеж. Паводле аддзелу адукацыі Брэсцкага аблвыканкаму, дырэктара кадэцкай вучэльні Аляксандра Калько ніхто не звальняў.

«Цяпер усе яны знаходзяцца ў вучэльні, бацькі прывезьлі хлопчыка, якога забіралі дадому. Адзінае парушэньне — гэта нестатутная форма, майку гэтую не паводле статуту надзелі. Ніхто не забіраў дакумэнты, з хлопцамі будзе праведзеная тлумачальная размова».

Аднак на пытаньне, адкуль узялася інфармацыя пра адлічэньне і чаму самі хлопцы казалі пра адлічэньне, намесьнік дырэктара нічога не адказаў і паклаў слухаўку.

Дырэктар Брэсцкага абласной кадэцкай вучэльні Аляксандар Калько
Дырэктар Брэсцкага абласной кадэцкай вучэльні Аляксандар Калько

Дырэктар вучэльні адмовіўся даваць камэнтар карэспандэнту Свабоды без дазволу ад берасьцейскага Ўпраўленьня адукацыі. За панядзелак Упраўленьне ня дала ні афіцыйнага дазволу, ні адмовы ў размове з дырэктарам.​

Упраўленьне адукацыі: Калі напіша заяву — будзем разьбірацца

Як распавяла Свабодзе галоўны спэцыяліст Упраўленьня адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму Тацяна Чанава, усе чатыры хлопцы з фота працягнуць вучобу:

«Ніхто дырэктара не звальняе, ніхто адносна навучэнцаў ніякіх адлічэньняў не рабіў. Навучэнец захварэў, на выходныя зьехаў да бацькоў, — кажа Чанава і дадае, што той навучэнец ужо вярнуўся да вучобы. — Чаму ён мусіць пераводзіцца? Ён можа перавесьціся толькі па заяве бацькоў. На сёньняшні дзень заявы ад бацькоў няма ні пра адлічэньне, ні пра перавод, ні пра што іншае, наколькі мне вядома з раніцы. У выпадку, калі зьявіцца, будзем размаўляць. Ніякага ціску на навучэнцаў ня чыніцца. У сувязі з чым? Што яны форму надзелі не як трэба?»

​Паводле яе словаў, ніякіх пытаньняў па вучэльні Ўпраўленьне на сёньня ня мае, а пачне разбор хіба ў выпадку, калі на самой справе зьявіцца заява пра перавод навучэнца.

У прэс-службе Міністэрства адукацыі Свабодзе паведамілі пра падрыхтоўку афіцыйнай заявы з нагоды чутак пра вучэльню ў Ястрэмбелі.

Вучні: Аднаму прапанавалі перавесьціся — фактычна адлічэньне

Тры вучні кадэцкай вучэльні таксама распавялі Свабодзе, што дырэктара не звальняюць. Падобна, што тром з чатырох хлапцоў на фота дазволілі вучыцца далей. Але аднаму, які размаўляў са Свабодай, прапанавалі перавесьціся ў іншую школу, кажа адзін вучань.


Паводле інфармацыі аднаго з вучняў, увечары таго ж дня, калі было апублікаванае фота, да хлопцаў, якія зьняліся на ім, прыходзіла міліцыя. Іншы кажа, што з хлопцамі размаўлялі супрацоўнікі КДБ.

«Мікіта не вярнуўся. І, хутчэй за ўсё, ужо ня вернецца».

«Мікіта не вярнуўся, — кажа адзін з навучэнцаў. — І, хутчэй за ўсё, ужо ня вернецца. Мне здаецца, калі б вярнуўся, потым ягоб выгналі пры малейшай заўвазе».

«Перавод у іншую навучальную ўстанову — гэта адлічэньне, проста мякка сказана», — дадае другі.

Іншы ўдакладняе мэханізм разьвітаньня з вучнем:

«Чалавеку даюць папярэджаньне і прапануюць, каб не было праблемаў, сысьці, калі ён ня хоча далей навучацца, выконваць статут і правілы ўнутранага распарадку. Бяруць на сябе ўсе пытаньні з бацькамі, міністэрствам і звычайнай школай. Там сілай ніхто не трымае нікога, але і не выганяе. За курэньне, алькаголь ці нешта больш сур'ёзнае, натуральна, адлічваюць, ну, ці за самавольнае адлучэньне, напрыклад. А калі чалавек груба сябе паводзіць або калі ёсьць некалькі такіх дробных «залётаў», зь ім праводзіцца гутарка, дзе прапануюць альбо апамятацца, альбо не трапаць нэрвы, набрацца мужнасьці і сысьці».

Сярод выкладчыкаў, сьцьвярджае адзін з вучняў, настрой амаль аднолькавы, большасьць кажа: «Ідыёты, няма мазгоў». Адзін вучань распавядае, што выкладчыкі кажуць, што «так рабіць нельга», іншы — што «ў нас ёсьць дзяржаўныя сымбалі, якіх трэба прытрымлівацца».

Як распавядае адзін з навучэнцаў, кадэты ў адзін голас кажуць, што на фота няма нічога благога — тое нашая гісторыя. Іншы кажа, што стаўленьне сярод вучняў неадназначнае, ды дадае:

«Па-мойму, яны нічога такога не зрабілі, за што іх можна адлічваць. Хіба замест камуфляжнай майкі пад кіцелем апынулася асабістая, за што можна пазбавіць звальненьня і паставіць нарад па-за чаргой».

«Дырэктар сказаў, што рашэньне будзе прынятае пасьля вакацыяў, яны скончацца 2 лістапада», — кажа іншы навучэнец.

Чуткі пра адлічэньне, пэтыцыя, акцыя ў падтрымку

У пятніцу, 16 кастрычніка, па сацсетках пачало разьлятацца вірусным чынам фота, на якім чатыры хлопцы паказваюць цішоткі з «Пагоняй» з-пад вайсковай формы. Адзін з гэтых хлапцоў распавёў Свабодзе пра сваё стаўленьне да палітыкі, нацыянальнай сымболікі і вучобы. «Нам па 16 год, узрост хоць і малы, але мы любім сваю краіну», — казаў ён.

На наступны дзень зьявілася інфармацыя, што адзін з хлопцаў, які і выклаў фота, адлічаны з вучэльні. Іншыя навучэнцы казалі, што адлічэньне пагражае ўсім чатыром. Пазьней зьявіліся чуткі, што са сваёй пасады звольнены дырэктар вучэльні.

Брэсцкая абласная кадэцкая вучэльня. Дырэктар вучэльні Аляксандар Калько
Брэсцкая абласная кадэцкая вучэльня. Дырэктар вучэльні Аляксандар Калько

У сеціве распачалася акцыя салідарнасьці з кадэтамі пад хэштэгам #пагоняпобач. Пад пэтыцыяй у абарону хлопцаў да Мінадукацыі набралася больш за паўтары тысячы подпісаў. У панядзелак прэс-службы Міністэрства адукацыі і абласнога ўпраўленьня адукацыі не адказваюць на тэлефонныя званкі.

У падтрымку кадэтаў выказалася і нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Аўтар здымку выдаліў свой акаўнт «УКантакце», зьмяніўшы да таго ж імя на ім. Яго тэлефон недасяжны з суботы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG