«Масавае і сыстэматычнае парушэньне заканадаўства Беларусі пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў не дае падставы прызнаць іх вынікі сапраўднымі». Такую скаргу на паседжаньні Цэнтравыбаркаму агучыў Ігар Лялькоў, які прадстаўляе ў ЦВК кандыдатку ў прэзыдэнты Тацяну Караткевіч.
Спадар Лялькоў на працягу 20 хвілінаў выклаў дзясяткі фактаў парушэньня заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчага працэсу. Па яго словах, гэтыя скаргі робяць нявартымі даверу вынікі ўсёй кампаніі, таму кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч заклікае прызнаць вынікі галасаваньня несапраўднымі па ўсёй Беларусі.
Ігар Лялькоў нагадаў, што наўмысна сфальсыфікаваны падлік, згодна з артыкулам 192 Крымінальнага кодэксу, прадугледжвае для вінаватых у гэтым асобаў пакараньне да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Пасьля гэтага старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дала слова кожнаму з кіраўнікоў абласных і менскай гарадзкой выбарчых камісіяў.