Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч выступіць 19 кастрычніка на дыскусіі ў Эўрапейскім фондзе за дэмакратыю ў Брусэлі, потым прадставіць вынікі выбараў 22 кастрычніка ў Цэнтры Вільсана ў Вашынгтоне, ЗША. У анонсах абедзьвюх імпрэзаў Караткевіч называецца адзіным апазыцыйным кандыдатам на выбарах.
Тацяна Караткевіч адмовілася нешта сказаць Свабодзе пра гэтыя выступы, не тлумачачы і прычын свайго маўчаньня.
Брусэльская дыскусія мае назву «Праз тыдзень пасьля беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў: Апазыцыйны кандыдат распавядае сваю гісторыю». Мовы дыскусіі — ангельская і расейская. Камэнтаваць выступ будзе дэпутат Эўрапарлямэнту Пятрас Аўштравічус, мадэратарам выступіць Эндру Рэтман з інтэрнэт-часопіса EUobserver.
Анонс кажа, што Караткевіч, першы ў Беларусі кандыдат-жанчына, заняла другое месца на выбарах, у якіх АБСЭ адзначыла «сур’ёзныя недахопы».
«Караткевіч падзеліцца досьведам сваёй цяжкой выбарчай кампаніі, а таксама палітычнымі плянамі, — абяцае анонс. — Ва ўмовах абмежаваньняў і перашкодаў ад канкурэнтных палітычных групаў яна наведвала да пяці гарадоў на дзень. Яна раскажа пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў краіне».
Выступ у Вашынгтоне завецца «Даклад кандыдата ад апазыцыі Тацяны Караткевіч па беларускіх выбарах 2015 году». Выступіць маюць сама Караткевіч, лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і былы амбасадар ЗША ў Беларусі Кенэт Яловіц. Анонс абяцае дыскусію наконт палітычнага клімату ў Беларусі падчас выбараў.
«Хоць выбары былі рэзка скрытыкаваныя з боку АБСЭ, спадарыня Караткевіч выкарыстоўвала сваю кандыдатуру, каб абмеркаваць праблемы „чаркі і скваркі“ з грамадзянамі па-за звычайнымі апазыцыйнымі асяродкамі», — сьцьвярджаецца ў анонсе.