Аляксандар Лукашэнка 15 кастрычніка падпісаў указ № 422 «Аб прадстаўленьні інфармацыі падатковым органам замежных дзяржаў», паведамляе ягоная прэс-служба.
Дакумэнтам вызначаны ўнівэрсальны мэханізм прадстаўленьня падатковай інфармацыі падатковым органам замежных дзяржаў, зь якімі Рэспубліка Беларусь заключыла пагадненьні аб паляпшэньні выкананьня міжнародных падатковых правілаў.
У адпаведнасьці з указам беларускія фінансавыя ўстановы абавязаныя штогод прадстаўляць у Міністэрства па падатках і зборах для далейшага накiраваньня ў падатковыя органы замежных дзяржаў ідэнтыфікацыйныя зьвесткі пра замежных кліентаў (грамадзян і арганізацыі дадзенай дзяржавы), інфармацыю пра заключаныя імі дамовы, адкрытыя рахункі, рэшткі і абарачэньні сродкаў па іх, а таксама іншыя зьвесткі ў адпаведнасьці з заключанымі міжнароднымі дамовамі.
«У сувязі з тым, што ў цяперашні час пагадненьне аб паляпшэньні выкананьня міжнародных падатковых правілаў заключана Беларусьсю толькі з ЗША, фінансавымі ўстановамі будзе прадстаўляцца інфармацыя выключна ў дачыненьні да падаткаплатнікаў ЗША (амэрыканскіх грамадзян і арганізацыяў, іншых арганізацыяў, кантроль над якімі ажыцьцяўляецца амэрыканскімі грамадзянамі)», — гаворыцца ў камэнтары да ўказу.
Беларускія фінансавыя ўстановы таксама надзяляюцца правам у аднабаковым парадку закрыць рахунак у выпадку адмовы кліента прадставіць такую інфармацыю ў падатковыя органы.
Указ уступае ў сілу пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня.