Газэта прыводзіць словы чалябінскага хакеіста Яўгена Пяроўскага, які сьцьвярджае, што перад матчам былі рэкамэндацыі. «З Уладзімерам Уладзіміравічам папрасілі згуляць больш акуратна, прасілі перад ім не падаць, не ўторкнуцца ў яго выпадкова, асабліва да абаронцаў зьвярталіся. З астатнімі — далі „зялёнае сьвятло“, сказалі гуляць па-сапраўднаму», — распавёў Пяроўскі.
Гаворка ідзе пра гала-матч Начной хакейнай лігі (НХЛ), які прайшоў у дзень нараджэньня Пуціна 7 кастрычніка. Гульня праходзіла на лядовай арэне «Шайба» у Сочы. У матчы сышліся каманды «Зоркі НХЛ», за якую выступаў расейскі прэзыдэнт, і «Зборная НХЛ». Уладзімер Пуцін закінуў сем шайбаў. Сустрэча завяршылася зь лікам 15:10 на карысьць «Зорак».
Разам у Пуціным гулялі Вячаслаў Фяцісаў, Аляксей Касатонаў, Павал Бурэ, Валерый Каменскі, Аляксандр Магільны, Аляксей Жамноў, Аляксандр Якушаў, Сяргей Макараў, міністар абароны Сяргей Шайгу. Сярод тых, хто ўвайшоў у каманду «Зборнай НХЛ» былі бізнэсоўцы Генадзь Цімчанка, Аркадзь і Барыс Ратэнбэргі, губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў.
Агенцтва ТАСС адзначае, што для Пуціна, які традыцыйна грае ў Начной лізе пад нумарам 11, гэта быў ня самы выніковы матч. У траўні ў аналягічным паядынку ён закінуў 8 шайбаў.
Начная ліга была ўтворана 15 сьнежня 2011 году з ініцыятывы Ўладзімера Пуціна. НХЛ аб’яднала аматараў хакея, якія ў вольны ад асноўнай дзейнасьці час, як правіла, па вечарах, зьбіраліся для гульні.