Вандроўнік Аляксандар Гойшык распавёў Свабодзе пра сваё 85-дзённае падарожжа і бараду як кантакт з домам.
«Проста я раптам зразумеў, што ёсьць час і ёсьць грошы. Я займаюся фрылансам, таму я не прывязаны да нейкага канкрэтнага месца, я вольны», — тлумачыць Аляксандар простую прычыну свайго падарожжа. Пра сваю вандроўку на 268 машынах празь 15 тысяч кілямэтраў ён кажа як пра падрыхтоўчы этап да кругасьветнага падарожжа.
Чаму б тады не паехаць на пляжы, пытаем:
«У кожнага свой адпачынак. Для мяне пляжы — гэта два-тры дні, пасьля гэтага я пачынаю сябе там адчуваць няёмка».
Падарожжа было спантаннае, за выключэньнем першага этапу: квіткі на самалёт да Кіргізстану (каб не марнаваць час на дарогу да цікавых яму мясьцін) Аляксандар зь сябрам набыў загадзя, а далей было невядома, ці не абмяжуецца падарожжа адной краінай. Маршрут па Кітаі дык наагул вызначыўся па мапах і спадарожнікавых здымках.
«Мы прыляцелі з Масквы ў Бішкек, восем дзён вандравалі зь сябрам па Кіргізстане, аб’ехалі ўвесь, наведалі Ісык-Куль, Сан-Кёль, Таш-Рабат і гэтак далей. Пасьля сябра вярнуўся назад, а я паехаў далей ва Ўзбэкістан. У Кіргізстане я быў другі раз, ва Ўзбэкістане — трэці. Там правёў недзе 12 дзён, езьдзіў да сяброў, там Ташкент, Бухара, Самарканд, Хіва... Адтуль у Таджыкістан, Душанбэ».
«Думаў, правяду там усяго два дні і паеду далей у Кітай, а аказалася, што калі я прыехаў, у іх набліжалася галоўнае мусульманскае сьвята Ўруза-Байрам, канец посту Рамадан. Мне сказалі, што ўсё будзе зачынена, усе будуць гуляць тры дні, ты нават ня зможаш адсюль выехаць».
У Сярэдняй Азіі, распавядае Аляксандар, спыняецца ці ня кожная другая машына, але ўсе думаюць, што вандроўнік гатовы заплаціць, а калі чуюць «бяз грошай», упадаюць у нядоўгі ступар. Тым ня менш падвозяць, нават калі паварочваюць праз 300 мэтраў — адчуваецца гасьціннасьць. Але, кажа вандроўнік, адчуваецца і спэцыфічны грамадзкі лад. Ён адзначае дзьве краіны, дзе адчуваецца, што «нешта ня так»: Таджыкістан і Ўзбэкістан.
«Таджыкістан — краіна з найгоршым узроўнем жыцьця, але на кожным кроку партрэты Рахмона, іхнага Вялікага Брата, ягоныя лёзунгі, выказваньні. Толькі ў Туркмэністане хіба такое ёсьць, так па Сярэдняй Азіі не распаўсюджана. Ну, і ёсьць Узбэкістан, дзе хоць і няма прэзыдэнта на кожным кроку, але адчуваеш на сабе, што такое паліцэйская дзяржава. Кожныя 40 кілямэтраў блёкпост на дарозе, цябе высаджваюць, правяраюць заплечнік, перапісваюць твае дакумэнты. На ўваходзе ў мэтро двойчы правяраюць заплечнік. Нейкая параноя! Склалася ўражаньне, што ў іх лінія фронту з „Ісламскай дзяржавай“ недзе за Ташкентам».
«Ва Ўзбэкістане будзеш ты з барадой ці не, цябе правяраюць, але з барадой удвая больш правяраюць. Хоць вахабіт, які ганяе ў кепцы, шортах, з завушніцай — гэта нейкі новы трэнд у вахабізьме. Усё роўна: „Ага, з барадой? Давай сюды!“ Але ў падарожжы няма часу і асаблівага жаданьня галіцца. Едзеш — барада расьце. Можна сказаць, барада — гэта такі кантакт з домам, бо ведаеш: як прыедзеш, яе зголіш, таму яе беражэш».
Пасьля Сярэдняй Азіі Аляксандар месяц вандраваў па Кітаі, аб’ехаўшы яго з захаду на ўсход.
«А ў Кітаі аўтаспын выдатны, там за няпоўныя суткі, за 22 гадзіны, праехаў 1400 кілямэтраў, што для мяне абсалютны рэкорд. Там трэба пільней рыхтавацца, стопіць толькі на аўтастрадах, нікуды не зьяжджаючы, а то завязуць у якую вёску — будзеш дзень выбірацца».
У постсавецкіх краінах Сярэдняй Азіі беларусу не дзівіліся: у Кіргізстане ці ня кожны другі казаў, што служыў у Беларусі, у Таджыкістане — што працавалі зь беларусамі на будоўлі ў Маскве. У Кітаі ж чалавек зь белай скурай выклікаў зьдзіўленьне.
«Рэагавалі на „белага містэра“ актыўна. Бывалі дні, калі па 40 разоў на дзень усе фоткаліся. Паліцыянты нават падыходзілі фоткацца. Яны вельмі цікаўныя да любога некітайца. А Беларусь... Хіба адзін чалавек сказаў пра БАТЭ — ня ведаю, адкуль ён гэта ведаў».
Аляксандар не валодаў кітайскай мовай, таму карыстаўся загадзя падрыхтаванымі карткамі з надпісамі па-кітайску — маўляў, такія лёгка адшукаць праз інтэрнэт. Дапамаглі і мабільныя праграмы-перакладчыкі.
«Але асноўная частка — гэта мова жэстаў. Навучыўся так, што магу цяпер, напэўна, з марсіянамі жэстамі размаўляць! А з ангельскай там вельмі складана, там вельмі мала людзей размаўляюць па-ангельску. Але гэта не праблема: калі людзі хочуць табе дапамагчы ці ты ім цікавы, можна паразумецца».
«Пра палітыку яны ўвогуле нічога ня кажуць. Партрэты Мао шмат дзе вісяць, але яны рэальна яго паважаюць, лічаць яго вялікім чалавекам. Не магу гэтага ацэньваць, я ж госьць, турыст. А каб былі партрэты сучасных кіраўнікоў — хіба толькі ў адным месцы бачыў. Нейкай несвабоды я там не адчуў. Заблякаваныя Google і Facebook — дык у іх ёсьць свае аналягі, Baidu ёсьць, свой фэйсбук. Яны не адчуваюць сябе нейкімі абмежаванымі, прызвычаіліся, і ўсё ОК. Людзі, якія там працуюць, зарабляюць даволі добрыя грошы, а хто размаўляе па-ангельску, дык добра працуе. Добра ў тым сэнсе, што адзін тыдзень адпачынку на год, яны рэальна выкладваюцца».
Аляксандар кажа, што ў дарозе ніводнага разу не адчуваў сябе ў небясьпецы:
«Калі многа вандруеш такім чынам, маеш пэўны досьвед. Калі думаеш галавой, ніякіх сытуацыяў не дапускаеш. Самае важнае, што трэба з сабой браць, гэта галаўны мозг. Безумоўна, робіш нейкія памылкі, але павінен зразумець і прааналізаваць, каб такога не дапускаць. А так былі хіба сытуацыі, зьвязаныя з тым, што там іншы сьвет, усё па-іншаму функцыянуе».
«Калі прыехаў на мяжу Таджыкістану і Кіргізстану, аказалася, што яна двухбаковая толькі для таджыкаў і кіргізаў. Сказалі: прабачце, ня можаце праехаць. У нас на Палесьсі таксама такое ёсьць... Давялося праехаць дадатковыя паўтары тысячы кілямэтраў, каб перасекчы мяжу. Ці ў Кітаі вось ёсьць дзьве мяжы, унутраная і зьнешняя. Перасякаеш зьнешнюю мяжу, дзе толькі мытны кантроль. Пасьля да ўнутранай мяжы, дзе пашпартны кантроль, 150 кілямэтраў. Іх можаш праехаць толькі на таксі, ніяк інакш».
«Трапляў і ў паліцыю, калі ў Кітаі хацеў у адным месцы пралезьці ў музэй. Але яны не агрэсіўныя, спакойныя. Сказалі, нельга так рабіць, і адпусьцілі. Гэта быў адзіны такі раз, у астатнім кантакты з паліцыяй былі самыя пазытыўныя. Паліцыянты мне спынялі рэйсавыя аўтобусы, саджалі мяне бясплатна ў іх, за свае грошы сялілі ў гатэлі. Ва Ўзбэкістане ніякіх праблемаў з паліцыяй не было, але яны настырныя і іх шмат, нібы палове краіны няма чым сябе заняць, дык яны пайшлі ў паліцыю».
З Кітаю — праз Сыбір і Далёкі Ўсход Расеі. Там давялося ў тым ліку сустрэцца зь цікавымі расейскімі беларусамі:
«На Дальнім Усходзе я паспрабаваў, што такое чыгунка-стоп, калі праехаў 300 кілямэтраў у грузавым цягніку разам з машыністам у лякаматыве. Гэта не зусім легальна, але там ніхто гэтага не правярае. Справа ў тым, што была ноч, дарога глухая, мне сказалі, што калі застацца на дарозе, можна павітацца зь мядзьведзем, таму завезьлі на чыгуначную станцыю. Наколькі я чытаў, там гэта распаўсюджана, бо рэальна глуха, далёка ад любой цывілізацыі. Таму там людзі больш шчырыя, адкрытыя».
Ужо пасьля размовы ў студыі, у ліфце Аляксандар выдыхае і кажа:
«Ведаеш, калі так доўга вандруеш, губляеш адчуваньне радзімы. Радзіма становіцца ў цябе ў заплечніку. Забаўна пасьля такога вяртацца».