Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дадрукоўваем і замаўляем новыя кнігі». Як кнігарні зрабілі «нобэлеўскія» стэнды — фотарэпартаж


У «Акадэмкнізе
У «Акадэмкнізе

Адразу пасьля навіны пра Нобэлеўскую прэмію, якую прысудзілі Сьвятлане Алексіевіч, менскія кнігарні арганізавалі стэнды зь яе кнігамі. Прадаўцы кажуць, што пакупнікі набываюць усе кнігі Алексіевіч спрэс. Шмат якія кнігарні цяпер робяць дадатковыя замовы, а выдавецтва «Логвінаў» дадрукоўвае наклад празь вялікі попыт.

Парайце што-небудзь з Алексіевіч, але не пра Ўкраіну

На ўваходзе ў аддзел мастацкай літаратуры «Акадэмкнігі» выкладзеныя ўсе кнігі Алексіевіч, якія ёсьць цяпер. Вісіць і абвестка, што тут прадаюцца кнігі нобэлеўскага ляўрэата. Таваразнаўца кажа, што стэнд зрабілі адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў Нобэлеўскай прэміі. І адразу зьявіліся пакупнікі, якія набывалі менавіта Алексіевіч.

У «Акадэмкнізе» ёсьць кнігі Алексіевіч на ўсіх мовах, акрамя беларускай
У «Акадэмкнізе» ёсьць кнігі Алексіевіч на ўсіх мовах, акрамя беларускай

«Ёй заўжды цікавіліся, але ня так, як цяпер, — кажа кансультант з „Акадэмкнігі“. — Зараз зрабілі дадатковыя замовы па ўсім, што магчыма».

У кнігарні ляжаць кнігі Алексіевіч і на расейскай, і на нямецкай, і на чэскай мовах. Нават на кітайскай зьявіцца неўзабаве. Беларускамоўнае выданьне таксама было, але ўсё разышлося. Абяцаюць, што «Час сэканд-хэнд» па-беларуску тут зьявіцца на наступным тыдні — гэтае выданьне ўжо замовілі.

Пакуль размаўляем з кансультантам, падыходзіць пакупніца і просіць параіць «што-небудзь добрага з Алексіевіч».

— Усе цікавыя, усе добрыя, — кажа кансультант. — Вазьміце «Час сэканд-хэнд». Гэта яе апошняя.

— Гэта пра падзеі ва Ўкраіне? — перапытвае пакупніца.

— Не, кніга выдадзена ў 2013 годзе. Тады крызісу ва Ўкраіне не было. Гэта пра наш час, — адказвае кансультант.

Параўнальна зь іншай мастацкай літаратурай кнігі Алексіевіч нятанныя — ад 170 да 250 тысяч. Новыя, што замовіла «Акадэмкніга», будуць яшчэ даражэйшыя.

«Гэтыя кнігі ляжаць з 2013 году, кошт на іх стары. На новыя будзе вышэйшы», — кажа кансультант.

Даведалася пра Нобэля Алексіевіч з навінаў па АНТ

Пытаемся ў адной з пакупніц «Акадэмкнігі», якая набыла кнігу Алексіевіч, што яна ведае пра пісьменьніцу.

«Я чытала „Ў вайны не жаночы твар“, — кажа Ірына. — Зараз набыла „Цынкавыя хлопчыкі“. Я выкладчыца і набыла, што таньнейшае. Потым па чарзе ўсе прачытаю».

У «Акадэмкнізе»
У «Акадэмкнізе»

Ірына кажа, што даведалася пра ўзнагароду пісьменьніцы ўчора з навінаў тэлеканалу АНТ.

«А чацьвёртай гадзіне дня ўключыла навіны, і гэта было першай навіной. Я была вельмі шчасьлівая. Потым было і па расейскім тэлебачаньні».

Па словах Ірыны, гэтую падзею яна абмяркоўвала і ў сям’і, і з калегамі.

«Першая беларуская пісьменьніца атрымала Нобэлеўскую прэмію. Гэта вялікая падзея ня толькі для нашай краіны, але й для сьвету».

Дзяржаўныя сеткі зьвяртаюцца да «Логвінава»

У кнігарні «Логвінаў» адразу ў двух месцах стаяць стэнды з кнігамі Алексіевіч. Літаральна праз паўгадзіны пасьля абвесткі Нобэлеўскага камітэту пра ўзнагароджаньне Алексіевіч у кнігарню прыйшоў мужчына. Ён набыў тры асобнікі — усё, што знайшлі на паліцах.

Наклад «Час сэканд-хэнд» дадрукоўвалі літаральна ўначы
Наклад «Час сэканд-хэнд» дадрукоўвалі літаральна ўначы

Учора таксама было некалькі асобнікаў на расейскай мове, але й іх усе набылі. Усе аўтарскія правы на кнігі Алексіевіч належаць расейскаму выдавецтву «Время». У яго кнігарня таксама замовіла новыя кнігі.

«Учора ўсё разьмялі, — расказаў Павал Касьцюкевіч, арт-дырэктар кнігарні „Логвінаў“. — Друкавалі ўсю ноч новыя кнігі».

У 2013 годзе выдавецтва «Логвінаў» выпусьціла пераклад на беларускую мову апошняй кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Яна й без таго карысталася попытам, але такога, як учора, яшчэ не было.

Пакуль кніга Алексіевіч у кнігарні «Логвінаў» — самая папулярная ў пакупнікоў
Пакуль кніга Алексіевіч у кнігарні «Логвінаў» — самая папулярная ў пакупнікоў

На зьдзіўленьне выдавецтва, замовы на беларускі варыянт кнігі робяць дзяржаўныя кніжныя сеткі.

«Мы нават вельмі зьдзіўленыя, што камэрцыйная жылка перамагла нейкія страхі».

З такім попытам «Логвінаў» разьлічвае дадрукаваць яшчэ вялікі наклад. Іхняе выданьне Алексіевіч — адзінае ў Беларусі прынамсі за апошнія 10 год.

«Пытаюць замежнікі, але ў нас толькі па-расейску»

У «Цэнтральнай кнігарні» стэнды з кнігамі Алексіевіч не стаяць, як у папярэдніх крамах, на ўваходзе. Але кансультанты адводзяць у аддзел беларускай і мастацкай літаратуры, дзе выстаўлены яе кнігі.

У аддзеле беларускай літаратуры кнігі Алексіевіч — на «ваеннай паліцы»
У аддзеле беларускай літаратуры кнігі Алексіевіч — на «ваеннай паліцы»

Як і ў іншых месцах, тут кажуць, што пытаць ад учора сталі значна больш. Але рабіць адмысловы стэнд у аддзеле беларускай літаратуры не зьбіраюцца. А таму кнігі Алексіевіч стаяць побач зь літаратурай пра вайну і шыльдай пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

«Разумееце, кніга і без таго стаіць на відным месцы», — кажа кансультант.

А вось у аддзеле мастацкай літаратуры Алексіевіч выставілі на галоўную стойку й павесілі абвестку, што тут прадаюцца кнігі Нобэлеўскага ляўрэата — «савецкай і беларускай пісьменьніцы».

У суседнім аддзеле «Цэнтральнай кнігарні» больш дбаюць пра беларускага Нобэля
У суседнім аддзеле «Цэнтральнай кнігарні» больш дбаюць пра беларускага Нобэля

Яшчэ ўчора тут было пяць розных кніг Алексіевіч. Сёньня засталіся толькі тры — «У вайны не жаночы твар» і «Цынкавых хлопчыкаў» раскупілі напярэдадні.

«Прыходзяць і пытаюць замежнікі, — кажуць у аддзеле. — Вельмі шмат людзей цяпер цікавіцца. Але ў нас ёсьць толькі ў расейскім выданьні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG