«Паважаная Сьвятлана, ад імя Рады БНР шчыра віншую Вас з атрыманьнем Нобэлеўскае прэміі!
Я ганаруся, што Нобэлеўская Рада дала ўзнагароду Вам, пісьменьніцы зь Беларусі — гэтаксама, як ганаруся Васілём Быкавым, Адамам Міцкевічам, Маркам Шагалам, Міхалам Клеафасам Агінскім і ўсімі іншымі геніяльнымі творцамі, якіх дала чалавецтву наша зямля», — піша Івонка Сурвіла ў сваім віншаваньні.
«Упершыню беларуска стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Гэта вельмі важная і радасная падзея для Беларусі і беларусаў усяго сьвету. Для тых людзей у замежжы, хто яшчэ нічога ня ведае пра Беларусь — а такіх ёсьць шмат — гэта найлепшым чынам распавядзе пра нашую краіну.
Я зь вялікім захапленьнем чытала Вашыя творы ў перакладах на францускую і ангельскую мовы. Спадзяюся, што калі-небудзь прачытаю іх і па-беларуску. Ганаруся Вамі — і адначасна спадзяюся, што Вы самі нікому не дазволіце назваць Вас расейскай пісьменьніцай. Посьпехаў Вам і здароўя!» — гаворыцца ў віншаваньні старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.