Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Key Detail: як беларус размалёўвае цэлыя дамы па ўсёй Эўропе


Малюнкі архітэктара Андрэя могуць пужаць ці зачароўваць, у кожны зь іх ён укладае свой сэнс. Key Detail распавёў Свабодзе, як і навошта ён займаецца манумэнтальнам сюррэалістычным вулічным мастацтвам.

На сьценах дамоў у розных гарадах Эўропы можна пабачыць некалькі дзясяткаў малюнкаў у пазнавальным стылі: яскравыя «кіслотныя» фарбы, страшнаватыя, але па-свойму прывабныя вобразы людзей ці антрапаморфных жывёлаў, часам налёт містыкі ці кібэрпанку. Іх малюе беларус, вядомы як Key Detail, у звычайным жыцьці — архітэктар Андрэй. Апошнімі гадамі ён усё больш увагі надае творчасьці на вуліцах, і, як распавядае Свабодзе, плянуе прысьвяціць гэтаму сваю будучыню.

"Authority", Пляўэн, Нямеччына
"Authority", Пляўэн, Нямеччына
"Bon appetit", Цьвікаў, Нямеччына
"Bon appetit", Цьвікаў, Нямеччына

"Fall In Love", Гале-на-Заале, Нямеччына
"Fall In Love", Гале-на-Заале, Нямеччына

"Childhood", Баранісі, Італія
"Childhood", Баранісі, Італія

Яго малюнкі могуць быць невялікімі, стрыт-арт звыклых маштабаў, а могуць займаць цэлыя сьцены шматпавярховых дамоў. Маўляў, гэта «залежнасьць», бяз гэтага ня можа. Малюнкі на самай справе ёсьць па ўсёй Эўропе: Бэльгія, Грэцыя, Італія, Польшча, Францыя...

«Больш за ўсё ў Нямеччыне, дзе маю нямала сяброў і знаёмых, — распавядае Key Detail. — У гэтай краіне вялікая частка грамадзтва праяўляе цікавасьць да мастацтва, што робіць магчымым ладзіць велізарную колькасьць фэстываляў, выставаў і рознага кшталту мерапрыемстваў, ад невялікіх лякальных да буйных урбаністычных праектаў. У большасьці выпадкаў гэтыя мерапрыемствы падтрымліваюцца мясцовымі ўладамі. У апошні час мая творчасьць у Беларусі менш плённая, чым у Эўропе. Але мае працы можна знайсці і ў Менску, ды большасьць зь іх, на жаль, ужо не існуе. Маляваў вялікую сцяну ў горадзе Рагачоў, спадзяюся, гэтая праца ўсё яшчэ жывая».

Key Detail кажа, што ў свае працы заўсёды ўкладае сэнс, намагаецца не зацыклівацца на адной тэме, а раскрываць розныя пытаньні, што яго цікавяць. Размаляваць цэлую сьцяну ён можа досыць хутка і лёгка, бо мае багата досьведу і практыкі. Ды заўсёды трэба прасіць дазвол:

«У Беларусі абавязковае ўзгадненьне эскізу з абыякавымі чыноўнікамі. У Нямеччыне, напрыклад, гэта нашмат прасьцей, бо практычна ўсе будынкі ў прыватнай уласнасьці. Таму дастаткова абраць цікавую табе сьцяну і дамовіцца наўпрост з домаўладальнікам, якому, як правіла, гэта будзе цікава, без усялякіх папярэдніх узгадненьняў эскізу. Але і ў тым, і ў іншым выпадку сярод людзей трапляюцца выключэньні».

"The Creator", Гале-на-Заале, Нямеччына
"The Creator", Гале-на-Заале, Нямеччына
"Time", Рагачоў, Беларусь
"Time", Рагачоў, Беларусь

Некаторыя вулічныя мастакі зарабляюць на жыцьцё выключна творчасьцю, сярод іх ёсьць камэрцыйна пасьпяховыя. Славуты брытанец Banksy нават здолеў адкрыць тэматычны «парк-жудзік» Dismaland, гэткі скажоны «Дыснэйлэнд». Key Detail ня бачыць у гэткай камэрцыялізацыі нічога благога:

«Вулічнае мастацтва ўжо ёсьць модным і легкатраўным камэрцыйным прадуктам для буйных кампаній і тых людзей, якія на гэтым умеюць зарабляць грошы. Да нашай краіны гэта пакуль яшчэ не дайшло. На жаль ці на шчасьце, я на гэтым не зарабляю. Але думаю, гэта нядрэнна, калі людзі плоцяць табе не за тое, што ты можаш зрабіць, а за тое, што ты хочаш зрабіць, то бок купляюць мастацтва, а не рамяство».

"Dualism", Вольштын, Польшча
"Dualism", Вольштын, Польшча

Мастак ня лічыць, што варта ставіць манумэнтальны росьпіс «на канвэер», цалкам размалёўваць Менск ці іншыя гарады:

«Ня варта перанасычаць гарадзкую прастору вялікімі цяжкавагавымі вобразамі — атрымаецца хаос. Я ўпэўнены, што гэта будзе колькасьць, а ня якасьць. Дастаткова некалькі такіх сьцен у кожным раёне, для пэўнага калярыту. Гэта тое, што тычыцца роспісу вялікіх фасадаў. А наконт незалежнага і паўсядзённага стрыт-арту, хацелася б бачыць яго паўсюдна і часта, прычым у розных формах».

Паглядзець больш работ Key Detail можна на Behance, а таксама на яго Flickr, Facebook і Instagram.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG