— У Расеі больш. Краіна большая і палітыка больш адкрытая. У нас жа больш ад Савецкага Саюзу засталося. У Расеі свабадней людзі жывуць.
— У Расеі больш свабоды. Мяркуючы па навінах, менш цэнзуры там. Вось вазьміце выступленьні Клюбу вясёлых і знаходлівых. Сядзіць Пуцін і глядзіць. Дык пра яго такое завернуць. А ён сядзіць і сьмяецца. А ў нас паспрабуй што на прэзыдэнта сказаць.
— Каб мяне тут у нечым абмяжоўвалі, дык я такога не адчуваю. Адчуваю сябе цалкам свабоднай. Хоць я палітыкай не займаюся.
— У Расеі сваволі больш. Свабода там не такая, як тут. Тут іншая свабода. За адну хвіліну не адкажаш. Свабода і ўсёдазволенасьць — яны ж побач ідуць. Ня памятаю, хто сказаў: «Твая свабода канчаецца там, дзе пачынаецца свабода другога».
— Там няма свабоды. Як там няма, дык і тут няма. А дзе яе больш? Я нават і не скажу. Мне ўсё ж здаецца, што там няма свабоды і тут мне, здаецца, таксама няма свабоды.
— Я нават і ня ведаю. Мы нібыта, па ідэі, блізкія. Стараемся бліжэй да Расеі быць. Таму ня думаю, што розьніца вялікая будзе.
— У Беларусі, пэўна. Свабода — гэта ж калі добра дома, калі ёсьць магчымасьць і на прыроду паглядзець, і працу добрую знайсьці.
— У Расеі я ня жыў. Сам з Украіны. Тут больш суровыя законы. Але гэта плюс. Тут больш парадку. Тут прыгожа, прыбрана. Беларусь бліжэй да Эўразьвязу. Ва Ўкраіне свабоды больш. Мо не свабоды, а сваволі. Там алігархі ўсім кіруюць.
— Свабоду рамантыкі прыдумалі. Няма свабоды. Свабода ў дзікуноў на высьпе ў джунглях альбо ў бамжоў. Калі ў чалавека ёсьць уласнасьць, у яго няма свабоды. Якая свабода? Мы ж залежым ад законаў дзяржавы. А ў джунглях — калі ласка.
— Я сам расеец, але тут я адчуваю сябе больш камфортна, чым у Расеі. Там усё на грашах выбудавана. Тут жа прасьцей, лепш і камфортней.
— У Беларусі, відаць больш свабоды. Тут спакайней нашмат, мне падаецца.
— Усюды аднолькава. Выконвай законы і будзеш цалкам свабодны. Свабодным можна быць ведаеце дзе — на высьпе. Там ты адзін і нікога побач. Вось гэта абсалютная свабода.
— Напэўна, у Расеі больш. Там больш сваволі.
— Для вас свабода — гэта сваволя?
— Так. Дзеяньні людзей павінны быць абмежаваныя, каб не было таго, што творыцца ў пэўных месцах Расеі.