Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хутка буду апошнія чаравікі грызьці», — апытаньне ў Гомелі


«Пяць гадоў таму Лукашэнка абяцаў, што ў 2015 годзе сярэдні заробак беларуса наблізіцца да 1000 даляраў. Наколькі ваш заробак наблізіўся да гэтай лічбы? Ці паўплывае гэта на тое, як вы будзеце галасаваць на выбарах?» Адказваюць жыхары Гомеля.

Наўпроставы лінк


Будаўнік: «Не, цяпер усіх скарачаюць і амаль напалову зрэзалі заробак — маю 200 даляраў. Мой адзін голас на выбарах нічога ня зьменіць. Я проста не пайду галасаваць».

Жанчына сярэдніх гадоў: «Заробак наагул упаў. У нас на сям’ю з чатырох чалавек — я з мужам і двое дзяцей — 7 мільёнаў на месяц».

Малады айцішнік: «Наблізілася яшчэ ў мінулым годзе й стала 1000 даляраў. Я айцішнік. На выбары — як настрой будзе. Гэта ж у нейкую школу трэба ісьці. Калі будзе настрой, то схаджу, ня будзе — не пайду».

Будаўнік са шматгадовым стажам: «Нінаколькі — нават менш стала. І пяцісот даляраў няма — 200 даляраў заробак. На выбары я наагул не пайду».

Мэдычка: «Не, ня блізка. Крыху павялічылася — цяпер прыкладна 250 даляраў. Я ў мэдыцыне працую. Абавязкова пайду на выбары, але пакуль ня вызначылася, за каго галасаваць».

Малады працаўнік аховы: «Упаў на 150 даляраў. Я цяпер зарабляю толькі 100 даляраў, раней — 250. У мяне юрыдычная адукацыя, і я не хаджу на выбары, бо найлепшы пратэст — там не зьяўляцца. Я байкатую ўсіх кандыдатаў. Калі на выбары ня прыйдзе ніхто, то выбары будуць ануляваныя, і гэтыя кандыдаты ў бліжэйшыя дзесяць гадоў ужо ня змогуць балятавацца».

Аўтарамонтнік: «Заробак зьменшыўся напалову, цяпер ён 150 даляраў. Увесь час галасаваў супраць усіх. І цяпер супраць. А за каго там галасаваць?»

Прыбіральшчыца: «Заробак такі прыбіральшчыца, канечне, не атрымлівае — толькі 3 мільёны. Але ўсё адно пайду галасаваць за Лукашэнку. А за каго галасаваць? Як патлумачыць, чаму — мірнае неба над галавою».

Апэратар шпалернай фабрыкі: «Паўплывае. Мяркуючы па цэнах, заробак упаў. За тры апошнія гады ён не зьмяніўся — менш за 5 мільёнаў».

Спэцыяліст са стажам: «Чатырыста даляраў. Я не хаджу на выбары».

Пэнсіянэрка: «Я ўжо на пэнсіі. Пэнсія была ў эквіваленце большая, цяпер — меншая».

Машынабудаўнік, выпускнік палітэхнічнага каледжу: «Працы няма. Заробак 600 тысяч беларускіх ужо паўгода. Няма за што жыць — хутка буду апошнія чаравікі грызьці. Не стрымаў слова. Канечне, паўплывае на галасаваньне — я супраць усіх. Толькі па тэлевізары кажуць: мы — за моладзь! А моладзь заганяюць у ж... Моладзь альбо ў турмы садзяць, альбо маладыя — рабы ў нашай дзяржаве. А я не хачу быць рабом у сваёй дзяржаве. Я скончыў Мазырскі палітэх і паўгода атрымліваў заробак 600 тысяч пры мінімальным заробку мільён 600 тысяч. Я патэлефанаваў на «гарачую лінію». Мне на «гарачай лініі» сказалі: «Ты хочаш зьнікнуць, у лесе каб закапалі?» Так і сказалі на той «гарачай лініі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG