Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пляцы Волі ў Менску пратэставалі пэнсіянэры

абноўлена

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» правялі несанкцыянаваны пікет супраць адпісак чыноўнікаў дзяржаўных адміністрацыйных устаноў, праваахоўных органаў, судоў і пракуратуры.

Каля дзесятка чалавек сталага веку выйшлі на пляц Волі ў Менску з плякатамі «Патрабуем ад чынавенства выкананьня Канстытуцыі краіны», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак», «У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам патрэбныя ў жыцьці». Яны таксама трымалі ў руках тэкст Канстытуцыі Беларусі.

Актывісты ініцыятывы зьвярталіся ў Менгарвыканкам з заявай аб правядзеньні пікету, але намесьнік старшыні Ігар Карпенка забараніў акцыю на падставе таго, што ў гэты час у гэтым жа месцы перадвыбарчы пікет праводзяць кандыдаты ў прэзыдэнты. Ніякага іншага пікету ў гэты час насамрэч не праходзіла. Пратэстоўцы прыйшлі на плошчу бесьперашкодна. За ўдзельнікамі акцыі сачылі шматлікія супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, але не перашкаджалі.

Як паведаміла Свабодзе юрыст ініцыятывы Тамара Сяргей, да пратэсту людзей змушаюць дзеяньні кіраўнікоў вышэйшых дзяржаўных органаў, якія не разглядаюць скаргі па сутнасьці і накіроўваюць заяўнікам шматлікія адпіскі, парушаючы канстытуцыйныя правы грамадзян:

Пікет пэнсіянэраў: Лукашэнка не дае рады сваім абавязкам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00
Наўпроставы лінк

«Кіраўнік краіны Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка мае намер чарговы раз узначаліць нашу дзяржаву. Мы неаднаразова зьвярталіся яго. А менавіта — 41 раз зьвярталіся да кіраўніка дзяржавы ў справе аднаўленьня нашых канстытуцыйных правоў. Мы не атрымалі ад яго адказу. Гэткім чынам, нашы канстытуцыйныя правы падчас ягонага кіраваньня застаюцца парушанымі і дагэтуль. А менавіта — канстытуцыйнае права на адказ па сутнасьці на нашы звароты ў дзяржаўныя органы. Выходзіць, што гэты чыноўнік не спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі. Ён не абараняе нашы канстытуцыйныя правы. А калі ён не бароніць нашы канстытуцыйныя правы, што абавязаны рабіць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, то ці мае ён права займаць такую высокую пасаду? Таму цяпер мы зьвяртаемся асабіста да кіраўніка краіны і зьвяртаемся да беларускага народа з заклікам вучыцца і абараняць свае правы».

Як паведамілі актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах», штуршком для правядзеньня пікету сталася тое, што іх чарговы раз адмовіўся прыняць кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Косінец.

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» таксама спрабавалі трапіць у будынак прэзыдэнцкай адміністацыі, каб дамагчыся прыёму кіраўніком адміністрацыі. Аднак іх перапынілі па дарозе невядомыя асобы ў цывільным, а з будынка да пратэстоўцаў ніхто ня выйшаў.

Як паведаміла Тамара Сяргей, актывісты ініцыятывы бліжэйшым часам будуць зьвяртацца ў суд з пазовам да намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму Ігара Карпенкі, а таксама публічна зьвернуцца да кандадата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пра сустрэчу з выбарнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG