Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: праграма Караткевіч абцякальная і папулісцкая


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Перадвыбарчая праграма Тацяны Караткевіч наўмысна рабілася дастаткова абцякальнай, бо яе каманда разумее, што ў грамадзтва на постсавецкай прасторы няма належнай палітычнай культуры, перакананы экспэрт.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі, камэнтуючы перадвыбарчую праграму Караткевіч.

«Сапраўды, гэтая праграма робіць уражаньне папулісцкай. Разам з тым відавочна, што складальнікі праграмы пазьбягалі адназначных адказаў на важныя пытаньні, якім чынам ладзіць рэформы. Там няма тэзаў пра прыватызацыю, пра сумленныя выбары. Фактычна сыходзіць Караткевіч ад пытаньня пра геапалітычны выбар, бо шматвэктарнасьць — гэта тое, што і сёньняшняя ўлада кажа. Таму сапраўды праграма досыць абцякальная», — адзначыў ён.

Але, на думку Класкоўскага, такая «абцякальная» перадвыбарчая праграма была выбрана наўмысна, з разьліку на спэцыфіку беларускага электарату.

«На постсавецкай прасторы няма належнай дэмакратычнай культуры, як у заходніх грамадзтвах, дзе, напрыклад, сапраўды канкуруюць левыя і правыя, кансэрватары і лібэралы, і выбаршчык усё ж такі глядзіць на канкрэтныя тэзы, ён параўноўвае, што рабілі адны пры ўладзе, што рабілі іншыя. А тут акрамя Лукашэнкі, а перад гэтым камуністаў, ніякіх іншых уладаў ня ведаюць, і таму большасьць электарату (і гэта, я думаю, характэрна ня толькі для Беларусі, але і для Расеі, і для іншых постсавецкіх краінаў), як той казаў, „галасуе сэрцам“. І я думаю, што стаўка ідзе менавіта на тое, што Караткевіч — гэта сьвежы твар, у адрозьненьне ад іншых апазыцыйных лідэраў ці так званых спарынг-партнэраў, ці Лукашэнкі, які ўжо 21 год у тэлевізары», — кажа аналітык.

З пункту гледжаньня Класкоўскага, каманда Караткевіч даволі спрытна выкарыстоўвае ўсялякія інфармацыйныя нагоды.

«Гнуткае рэагаваньне на сытуацыю, выступы на тэлебачаньні, наглядная агітацыя — вось менавіта на гэтыя моманты, я думаю, будзе рабіць стаўку каманда Караткевіч, а не на тэзы праграмы», — лічыць экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG