Намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Новы Час» Аксана Колб распавяла Радыё Свабода, што наступны нумар газэты будзе прысьвечаны Аляксею Каралю:
«Нашае грамадзтва страціла перадусім годнага, шчырага, добрага чалавека. Для кожнага, хто зь ім працаваў і яго ведаў, — гэта страта, якую не кампэнсаваць
Я працавала зь ім з 1995 года, але незалежна ад таго, колькі хто ні быў побач — дзесяць, пятнаццаць ці дваццаць гадоў — усе мы знойдзем словы, якія зараз вельмі цяжка падбіраць. І наступны нумар газэты будзе прысьвечаны нашаму Каралю.
Спадзяемся, што мы здолеем вытрываць гэтую страту і працягнуць нашую працу, захаваць газэту, якой ён вельмі ганарыўся».
У суботу, 12 верасьня 2015 года, спынілася сэрца Аляксея Караля — гісторыка, палітоляга, галоўнага рэдактара газэты «Новы Час».
Яму было 70 гадоў. У апошні час сп. Кароль змагаўся з ракам лёгкіх, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у працы рэдакцыі і грамадзкім жыцьці Беларусі.