Былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША, вядомы буйнамаштабнымі працёкамі сакрэтнай інфармацыі аб амэрыканскіх праграмах электроннага сачэньня, з 2013 году знаходзіцца ў Расеі, дзе яму быў дадзены часовы прытулак.
У цырымоніі ўзнагароджаньня Сноўдэн, якога ў ЗША абвінавачваюць у шпіянажы і здрадзе, удзельнічаў па відэасувязі.
Міністэрства юстыцыі і грамадзкай бясьпекі Нарвэгіі адмовілася даць яму гарантыі абароны ад экстрадыцыі ў ЗША, калі ён апынецца на тэрыторыі краіны.
Адказваючы на пытаньне вядучага цырымоніі, як такому змагару за свабоду інфармацыі як Сноўдэну жывецца ў Расеі, на адрас уладаў якой гучаць абвінавачаньні ў здушэньні свабоды слова, Сноўдэн адказаў, што пазыцыя расейскага кіраўніцтва расчароўвае яго.
«Я і раней быў настроены крытычна, і працягну і ў будучыні крытыкаваць такую пазыцыю. Гэта імкненьне расейскіх уладаў кантраляваць усё больш і больш інтэрнэт, кантраляваць тое, што людзі глядзяць, за людзей вырашаць, як ім выказваць свае пачуцьці, каханьне аднаго да аднаго — няслушна ў корані», — сказаў Сноўдэн, маючы на ўвазе ў тым ліку расейскія законы аб так званай прапагандзе гомасэксуалізму.
«Гэта няправільна ў Расеі і гэта было б няправільна ў любой іншай краіне», — удакладніў Сноўдэн.
Экс-супрацоўнік амэрыканскіх спэцслужбаў на ўдакладняючае пытаньне вядучага, што менавіта ён зрабіў для паляпшэньня сытуацыі, выказаў шкадаваньне, што сам ён нічога ня можа з гэтым зрабіць, бо ня ведае расейскую мову.
Галоўная яго мэта, па словах Сноўдэна, — у першую чаргу разабрацца з праблемамі ў яго ўласнай краіне.
Паводле Эдварда Сноўдэна, ён не зьбіраўся асесьці ў Расеі і апынуўся там чыста выпадкова.
Расея для Сноўдэна была краінай-транзытам па шляху ў Лацінскую Амэрыку, але амэрыканскія ўлады анулявалі яго пашпарт, і ён вымушаны быў перагледзець пляны.
«Я прасіў прытулак у 21 краіне. Усе яны адказалі маўчаньнем. Расея наогул у сьпісе значылася адной з апошніх краін».
Паводле Сноўдэна, адправіцца ў Расею параіў яму заснавальнік Wikileaks Джуліян Асанж, які сам быў вымушаны прасіць прытулак у пасольстве Эквадору ў Брытаніі, каб пазьбегнуць экстрадыцыі ў Швэцыю з-за абвінавачаньняў у сэксуальных дамаганьнях.
На ўдакладняльнае пытаньне, ці была парада Асанжа добрай, Сноўдэн сказаў, што хутчэй за ўсё — не.
«Думаю, ён хацеў як лепей. Ён думаў, у першую чаргу, аб маёй бясьпецы. Ён быў у нейкай ступені выдаўцом, у якога была крыніца інфармацыі. І ён хацеў абараніць гэтую крыніцу», — растлумачыў ён.