Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто аддаў дзіця ў беларускую клясу — той герой


Прэм’ера рубрыкі «За ці супраць», тэмай якой было сьцьвярджэньне, што «Кожнае дзіця ў Беларусі мусіць вучыцца па-беларуску» выклікала гарачую дыскусію.

Ня будзем хаваць: выбар тэмы для рубрыкі тлумачыўся пачаткам новага навучальнага году. Але пры гэтым мы разумеем, што праблема беларускамоўнага навучаньня — адна з найбольш вострых.

З больш як сямідзесяці выказваньняў дыскусіі прывяду два — дыямэтральна супрацьлеглыя.

Першы — ад ананіма пад нікам БР, даю на мове арыгіналу:

«Даже сама постановка вопроса абсурдна — „Должен ли каждый ребёнок учиться по-белорусски“. Уже они считают, что каждый ребёнок что-то там должен какому-то сморчку из Праги. Имеет право — да. Конституцией закреплено. Вот, например, в Могилёве 100 % детей, родители которых изъявили желание обучать своего ребёнка по-белорусски, учатся по белорусски. Это и есть демократия».

Выглядае, што маецца на ўвазе Ялінка Салаўёва — адзіная беларускамоўная вучаніца ў больш як 350-тысячным Магілёве. Яна, маўляў, і складае гэтыя самыя «100%».

Адказам на такую цынічную заўвагу могуць быць словы іншай удзельніцы дыскусіі, Алы з Горадні:

«Нядаўна размаўляла з чалавекам, які распавёў, што да 1996 яго дзеці вучыліся па-беларуску, а потым іх паставілі перад фактам, што яны будуць вучыцца па-руску. Тады ніхто не пытаў. А зараз — гэта „выбар бацькоў“. Каб у бацькоў быў выбар дзяржава ПАВІННА стварыць роўныя умовы для усіх грамадзян. Неабходна, каб у кожным раёне былі школы як рускія, так і беларускія. Тады няхай бацькі выбіраюць».

У кнізе «Дзевяноста пяты», якая днямі выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды», я прыводжу цытату з тагачаснага інтэрвію дэпутата Менскага гарсавету Алеся Бяляцкага, які распавёў пра новую адукацыйную практыку, уведзеную адразу пасьля ўсталяваньня «роўнасьці моў» у выніку «рэфэрэндуму»-95.

Калі бацькі хаця б трох школьнікаў выказвалі жаданьне вучыць дзяцей па-расейску — уся кляса, усе іншыя 20 вучняў пераводзіліся на расейскую мову. У тым ліку — і вучні 4-5 клясаў, якія папярэднія гады навучаліся па-беларуску. Аднак ніякага зваротнага правіла, на карысьць тых бацькоў, хто жадаў вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, не было: нават калі б ня тры, а дваццаць тры сям’і хацелі даць сваім дзецям беларускамоўную адукацыю — жаданьне трох «рускамоўных» пераважала б.

І — пачынаючы з 1995-га — пра які «свабодны выбар» можна казаць?

Радыё Свабода і далей будзе адсочваць лёс беларускамоўных вучняў, распавядаць пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца іх бацькі. Цалкам зразумела: кожны, хто ў цяперашніх умовах аддаў сваё дзіця ў беларускамоўную клясу, зрабіў грамадзянскі ўчынак.

У гэтым — на маё перакананьне — ёсьць нават гераізм. Бо калі мы пагаджаемся, што выхад на Плошчу, пад дубінкі, патрабуе самаадданасьці — дык ня меншай ахвярнасьці вымагае штодзённае адстойваньне правоў сваіх дзяцей, супрацьстаяньне абыякавасьці альбо нават агрэсіўнасьці чыноўнікаў, неразуменьню ды кпінам іншых бацькоў.

І ўсё гэта — ня дзень, ня месяц, і нават не адзін год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG