У чарговай перадачы сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе Дзьмітры Вус распавядае, чаму ён вырашыў пайсьці на тыя выбары, як утварыўся ягоны альянс зь Міколам Статкевічам і чаму цяпер Вус лічыць сябе прыхільнікам «русского мира».
Цыганкоў: Вы бралі ўдзел у выбарах 2010 году. Ня будзе перабольшваньнем сказаць, што сярод усіх кандыдатаў у прэзыдэнты на той момант вы былі, бадай, найменш вядомы як палітык. Чаму ўвогуле вы вырашылі ісьці ў кандыдаты, якая ў вас была матывацыя?
«У Статкевіча не было грошай, а ў мяне былі ўласныя сродкі»
Вус: Па-першае, я ў 2010 годзе ішоў у дэпутаты гарадзкога савету па акрузе, дзе я неаднаразова выбіраўся дэпутатам. Але раённая вэртыкаль вырашыла па-свойму — «выбралі» прафсаюзнага работніка, якога ў акрузе ніхто ніколі ня бачыў і ня ведаў. Гэта мяне і падштурхнула ісьці кандыдатам у прэзыдэнты, каб стварыць грамадзкую думку, што выбараў у нас няма. А ўсё вырашае вэртыкаль і выбірае сама сябе. Я пайшоў на выбары, каб прымусіць уладу лічыцца зь людзьмі і ўвесьці незалежных сябраў камісіяў і падлік галасоў. За гэта мяне і пасадзілі на 5 з паловай гадоў.
Цыганкоў: У гэтыя тыдні пытаньне выбараў у 2010 годзе стала адным з самых гарачых для палітычна актыўнай грамадзкасьці. У многіх тагачасных кандыдатаў пытаюцца, ці сапраўды яны сабралі ў 2010 годзе неабходныя сто тысяч подпісаў. Ці сабрала іх ваша каманда?
Я быў першым кандыдатам у гісторыі Беларусі, які ставіў пытаньне пра чэсныя выбары.
Вус: Мы працавалі разам са Статкевічам, ён адказваў за вобласьці, я — за Менск. І я ведаю, што па Менску мы дакладна сабралі нармальныя подпісы. А што ў абласьцях? У яго там былі структуры, і, можа, там нейкія фальсыфікацыі былі па подпісах.
Цыганкоў: А як і чаму ўвогуле ў вас тады ўзьнік альянс з Статкевічам?
Вус: У яго не было фінансаваньня, а ў мяне былі ўласныя сродкі ад бізнэсу, якіх цяпер практычна не засталося. Міколу я ведаў ад 1994 году. Я быў памочнікам у Георгія Таразевіча, а Статкевіч быў старшынём у гэтай сацыял-дэмакратычнай партыі. Мы шчыльна кантактавалі, я яго даўно ведаў.
Я быў першым кандыдатам у гісторыі Беларусі, які ставіў пытаньне пра чэсныя выбары. Паглядзіце праграмы Саньнікава, Раманчука, Цярэшчанкі — яны локшыну вешалі на вушы народу, нібыта ў Беларусі ёсьць выбары. І адзіны кандыдат, які ўзьняў гэтае пытаньне, — гэта я.
«Я прапаноўваў ісьці на Макаёнка, на тэлебачаньне»
Цыганкоў: Калі вярнуцца да даты галасаваньня, 19 сьнежня — ці прымалі вы ўдзел у абмеркаваньні плянаў Плошчы?
Вус: Мы зьбіраліся, але мяне ніхто ня чуў. Я дасюль застаюся ўпэўненым, што нам трэба было ісьці на Макаёнка, на дзяржаўнае тэлебачаньне, і ў жывым эфіры распавесьці беларускаму народу пра фальсыфікацыю выбараў. Але да гэтага скептычна паставіўся і Статкевіч, і іншыя кандыдаты. Ніхто не хацеў мяне падтрымаць, яны схапілі сьцяг і павялі на плошчу Незалежнасьці. Я там пастаяў і пайшоў адтуль. Я хацеў зьвярнуцца да беларускага народу, а яны ў 30-градусны мароз хацелі стаяць там на вуліцы.
Цыганкоў: Вы атрымалі 5 з паловай гадоў, але выйшлі на волю ўжо ў кастрычніку 2011-га. Нагадайце: чаму так адбылося?
Вус: У мяне быў высокі ціск, і я мог там памерці, за кратамі. Яны ня сталі рызыкаваць, перавялі мяне ў шпіталь, каб я ў камэры не памёр.
Цыганкоў: Вы ж не напісалі прашэньня аб памілаваньні?
Я праваслаўны, як і мае дзяды і прадзеды. Мне Русь бліжэйшая, чым Польшча ці іншыя.
Вус: Так, я нічога не пісаў. Мяне спрабавалі прымусіць адміністратыўным ціскам, пазбаўлялі спатканьня з жонкай. Але я ім сказаў — я нічога не парушаў, чаго мне пісаць?
Цыганкоў: Калі перайсьці да цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі, якое ваша стаўленьне — ці трэба апазыцыйным сілам у іх удзельнічаць?
Вус: Як можна браць удзел у выбарах, якіх няма? Ёсьць вэртыкаль улады і адладжаны мэханізм. Бюлетэні ніхто ня лічыць і не захоўвае, іх праз тры дні зьнішчаюць. Гэта падман людзей і фікцыя. Гэта проста ўтрыманьне ўлады падманным шляхам.
Мы сувэрэнітэт атрымалі на халяву — і навошта яго губляць?
Цыганкоў: Для многіх стала поўнай нечаканасьцю, калі ў ліпені ў адным з інтэрвію вы заявілі, што вы за «русский мир». Што гэта для вас азначае?
Вус: Я праваслаўны, як і мае дзяды і прадзеды. Мне Русь бліжэйшая, чым Польшча ці іншыя. Я размаўляю і думаю на рускай мове, я лічу сабе ў поўнай меры рускім чалавекам. І мае дзеці, і ўсе знаёмыя — такой жа думкі.
Цыганкоў: Але ў сувязі з апошнімі падзеямі паняцьце «русский мир» успрымаецца не як веравызнаньне, а як агрэсіўнае стаўленьне да суседзяў, спроба захапіць тэрыторыі...
Вус: На Ўкраіне пражываюць 20 мільёнаў рускамоўнага насельніцтва. Януковіч увёў у 10 абласьцях рускую мову — гэта правільна было зроблена. Бо да 1922 году гэта была Расейская імпэрыя, і там не было таго паняцьця, як Украіна — на тых тэрыторыях, дзе цяпер ідуць вайсковыя дзеяньні. Таму мая думка, што ўладам Украіны трэба было больш гнутка дзейнічаць. І не закідваць тухлымі яйкамі вэтэранаў, якія ваявалі і абаранялі ад фашызму і нацызму, які ішоў з Захаду.
Цыганкоў: У 2010 годзе ніхто не здагадваўся, што ў вас такія перакананьні. Вы тады ўжо былі такім ці зьмяніліся з таго часу?
Мы сувэрэнітэт атрымалі на халяву — і навошта яго губляць? Мы за яго не змагаліся, не ваявалі.
Вус: Я не мяняўся, я быў такім. Проста гэтыя пытаньні тады ніхто не задаваў. Ад часоў Рыму пануе закон «падзяляй і ўладар». Нейкі моцны саюз Беларусі, Украіны і Расеі быў бы самадастатковым, і гэта было б небясьпечна для Захаду. Таму яны ўкладваюць грошы і ўцюхваюць моладзі эўрапейскія каштоўнасьці, каб нацкаваць брата на брата. І ў іх гэта добра атрымліваецца — дарэчы, з дапамогай вашага СМІ.
Цыганкоў: Зыходзячы з гэтага — вы за палітычную незалежнасьць Беларусі?
Вус: Канечне, як іначай? Мы сувэрэнітэт атрымалі на халяву — і навошта яго губляць? Мы за яго не змагаліся, не ваявалі.
Цыганкоў: Калі вы за «русский мир», то навошта Беларусі незалежнасьць?
Вус: А Аўстрыя? У Аўстрыі таксама размаўляюць на нямецкай мове, і там ня кажуць нічога супраць нямецкай мовы. Вы не разумееце ці няправільна пытаньні ставіце. Вось жывы прыклад — Аўстрыя і Нямеччына, дзьве розныя дзяржавы, адна адну падтрымліваюць.
Цыганкоў: З турмы нядаўна быў вызвалены Мікола Статкевіч. Ці ўдалося вам зь ім сустрэцца?
Вус: Пакуль не. Я думаю, сустрэнуся бліжэйшым часам. У нас ёсьць што абмеркаваць. Пакуль няхай ён адыдзе ад турмы — потым пагаворым.