Наша цела ўтрымлівае больш чым 70% вады. Вада зьяўляецца асноўным кампанэнтам кожнай клеткі ў нашым целе, а таксама запаўняе і прастору паміж нашымі клеткамі, зьяўляецца асноўным інгрэдыентам крыві і лімфатычнай вадкасьці. Вада абсалютна неабходная для належнага функцыяваньня клетак, тканак і органаў. Вада ў нашым целе выдаляе адыходы жыцьцядзейнасьці арганізму — праз ныркі (у выглядзе мачы) або праз скуру (пот).
Здароваму даросламу чалавеку патрэбна ў сярэднім, 1.5-2 літры вады штодзень.
Паводле ЮНІСЭФ, ў мінулым годзе 768.000.000 чалавек, у асноўным бедныя, ня мелі доступу да чыстай вады.
Бясьпечнасьць вадаправоднай вады
Урад лічыць ваду «бясьпечнай для здароўя», калі яна адпавядае пэўным стандартам. Пітная вада з-пад крану ўтрымлівае (у нізкіх канцэнтрацыях) таксыны, такія як пэстыцыды, а таксама рэшткі мэдыкамэнтаў, прамысловага забруджваньня і цяжкіх мэталаў. Наша вадаправодная вада таксама зьмяшчае хлёр, які дадаецца, каб забіць бактэрыі.
Стандарты, якім павінна адпавядаць вада, можна падзяліць на наступныя катэгорыі: стандарты аховы здароўя, эстэтычная стандарты, тэхнічныя стандарты і стандарты мераў засьцярогі.
Стандарты аховы здароўя датычацца хімікатаў і мікраарганізмаў (бактэрыяў), канцэнтрацыя якіх не павінна перавышаць максымальна дазволеную. Прыклады гэткіх хімічных рэчываў: сьвінец, медзь, нітраты, нітрыты, фтарыд. Лішак гэтых рэчываў у нашай пітной вадзе зьяўляецца абсалютна шкодным для нашага здароўя!
Эстэтычная стандарты тычацца характарыстык вады, якія не ўяўляюць непасрэдную небясьпеку для здароўя, але раздражняюць вочы спажыўца. Напрыклад, калі вада мае дрэнны колер, каламуць, яўную прысутнасьць жалеза або дрэнны смак.
Тэхнічныя стандарты рэгулююць такія парамэтры якасьці вады як яе кіслотнасьць, наяўнасьць кіслароду, хлярыду і амонію.
Стандарты мераў засьцярогі маюць на мэце кантроль за рэчывамі, шкоднымі для навакольнага асяроддзя, такімі як пэстыцыды і фасфаты.
Якая вада самая лепшая?
Найлепшая вада, несумненна, — гэта вада з прыродных крыніцаў. Яна таксама называецца «крынічная вада», або «калодзежная вада» Крынічная вада фільтруецца натуральным чынам, яна ўзбагачаецца кіслародам і мінэраламі ад прыроды. Гэтая вада не ўступае ў кантакт з нашым забруджаным асяродзьдзем. Акрамя таго, яна надзвычай багатая мінэраламі, такімі як магнiй, сера і кальцый.
Яшчэ адной цікавай характарыстыкай калодзежнай вады зьяўляецца тое, што яна слабашчолачная. Узровень pH крынічнай вады вагаецца прыкладна паміж 7.3 і 7.5, у залежнасьці ад крыніцы. Вадаправодная вада мае pH паміж 6.8 і 7.0. Слабая шчолачнасьць — гэта пазытыўна. Большасьць штодзённых напіткаў (кава, гарбата, сок, малако) і прадуктаў харчаваньня зьяўляюцца кіслотнымі, і для балянсу неабходная крыніца шчолачы.
Чаму ня трэба піць каву з плястыкавых кубкаў
БФА — гэта скарачэньне для «Бісфенол А». Бісфенол А ўяўляе сабой хімічнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў вытворчасьці плястыкавых кантэйнэраў і бутэлек. Азначэньне БФА часам можна знайсьці і на ўнутраным баку мэталічнай бляшанкі, або кардоннай ўпакоўкі. БФА зьяўляецца плястыфікатарам. Калі не дадаваць плястыфікатар пры вырабе плястыкавых бутэлек, яны атрымаюцца занадта моцнымі і ня гнуткімі, так што ламаюцца пры падзеньні. Праз гэтыя плястыкавыя ўпакоўкі мы можам праглынуць БФА разам з нашай ежай або напоямі.
Апошнім часам у мэдыі ўсё часьцей прасочваюцца нэгатыўныя паведамленьні пра БФА (Бісфенол А). БФА зьвязваецца з праблемамі фэртыльнасьці, павышанай рызыкі раку прастаты і грудзей, і нават атлусьценьня. Чаму такая сувязь? У якасьці прычыны прапануецца тэорыя, што БФА паводзіць сябе ў чалавечым арганізме як эстраген (жаночы палавы гармон) і можа парушыць эндакрынную сыстэму. У 2010 годзе Эўрапейскае ведамства па бясьпецы харчовых прадуктаў (EFSA) зрабіла агляд навуковых даследваньняў у галіне патэнцыйнай шкоды БФА. EFSA прыйшла да высновы, што колькасьць БФА, якую мы атрымліваем з плястыкавых бутэлек і кантэйнэраў для ежы, занадта малая для таго, каб мець разбуральны эфэкт на наша здароўе. Тым ня менш, на ўсялякі выпадак EFSA забараніла выкарыстаньне BPA у дзіцячых бутэлечках.
Як даведацца, ці ўтрымлівае бутэлька БФА? На плястыкавых бутэльках з кодам PET і трохвугольным значком «утылізацыя» БФА няма. Код PC (полікарбанат) азначае, што БФА ў прадукце ёсьць.
Дарэчы, важны момант: БФА вылучаецца толькі пры награваньні! Калі ваш плястыкавы посуд не падвяргаецца ўзьдзеяньню высокіх тэмпэратур (сонечнае сьвятло, мікрахвалевая печ і г. д.), то не турбуйцеся пра дрэнная ўзьдзеяньне БФА або іншых пластыфікатараў. З гэтага вынікае наступная парада: ня піце каву ці гарбату з плястыкавых кубкаў!
Фільтры
Хатнія фільтры маюць сэнс. Яны спрыяюць памяншэньню долі хлёру ў вадзе, а таксама цяжкіх мэталаў (напрыклад, сьвінец і медзь) і пэстыцыдаў. Да таго ж, яны могуць лепей адфільтраваць рэшткі мэдыкамэнтаў, чым прамысловыя фільтры.
Мінэральная вада
Што тычыцца мінэральнай вады, то, як вынікае з яе назвы, яна ўтрымлівае павышаную колькасьць мінэралаў. Хоць мінэральная вада тыпу «Есентукі» і «Нарзан» і прадаецца свабодна ў крамах, яе не варта піць без рады лекара-тэрапэўта. Асабліва гэта тычыцца людзей з хранічнымі захворваньнямі сэрца, нырак і страўнікавага тракту.