Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб адводзе ў Данбасе зброі калібрам менш за 100 мм зноў не дамовіліся


Менску завяршылася чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Сярод ключавых пытаньняў на ім абмяркоўвалі парафіраваньне пагадненьня аб адводзе ўзбраеньняў менш за 100 мілімэтраў. Але сямігадзінныя кансультацыі выніку не далі.

Па выніках перамоваў прадстаўнік АБСЭ ў Трохбаковай кантактнай групе амбасадар Марцін Сайдзік перш за ўсё выказаў журналістам сваю занепакоенасьць нядаўняй эскаляцыяй парушэньняў рэжыму прыпыненьня вагню і нагадаў бакам канфлікту аб іх абавязальніцтвах у межах менскіх пагадненьняў.

«Істотная эскаляцыя сытуацыі ў сфэры бясьпекі шкодзіць рэалізацыі важных ініцыятываў, далейшыя перастрэлкі ня вырашаць сытуацыю на месцах, як і не забясьпечаць сацыяльных, эканамічных і палітычных пэрспэктываў для насельніцтва ўсходу Ўкраіны, якое іх чакае і заслугоўвае»,— заявіў амбасадар Сайдзік.

Марцін Сайдзік
Марцін Сайдзік

Акрамя гэтага ён выказаў ініцыятыву да абодвух бакоў да 1 верасьня, да пачатку новага навучальнага года, спыніць агонь, каб дзеці маглі спакойна пачаць вучобу. Спадар Сайдзік папрасіў аб дапамозе ў рэалізацыі гэтай ідэі СМІ і асобна — расейскі прапагандысцкі тэлеканал «Лайфньюз».

Гаворачы аб выніках сёньняшняга пасяджэньня, спадар Сайдзік прызнаў, што не ўдалося дасягнуць дамоўленасьці ў справе парафіраваньня пагадненьня аб адводзе ад лініі судакрананьня ўзбраеньняў менш за 100 мілімэтраў, і падгрупа па пытаньнях бясьпекі працягвае абмеркаваньне гэтай праблемы.

Аб неабходнасьці адводу зброі да 100 мілімэтраў дамовіліся лідэры краін Нарманзкай чацьвёркі (прэзыдэнты Ўкраіны, Францыі, Расеі і канцлер ФРГ) яшчэ 23 ліпеня, і агучылі тэрмін — да 3 жніўня. Але парафіраваць пагадненьне аб адводзе ўзбраеньняў да 100 мм ад лініі судакрананьня ў Данбасе на працягу мінулага месяца так і не ўдалося. Не адбылося гэта і сёньня.

Паводле спадара Сайдзіка, падгрупа па палітычных пытаньнях сёньня абмяркоўвала закон аб адмысловым статусе некаторых раёнаў Данбасу і мадальнасьць правядзеньня там выбараў. Але аб якой-небудзь дамоўленасьці невядома.

Былі і іншыя важныя праблемы, якія сёння абмяркоўваліся. Прадстаўніца Ўкраіны ў падгрупе па гуманітарных пытаньнях Ірына Герашчанка паведаміла пасьля пасяджэньня, што мае «асьцярожны аптымізм адносна пытаньне з вызваленьнем закладнікаў», а таксама асьцярожны аптымізм — аб допуску місіі Чырвонага крыжа ў турмы ў зоне канфлікту. Паводле яе словаў, украінскі бок таксама выступіў з ініцыятывай перамяшчэньня двух інтэрнатаў з хворымі дзецьмі.

Перад перамовамі прадстаўнік Украіны ў кантактнай групе Леанід Кучма сустрэўся зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Афіцыйна паведамляецца, што яны «абмеркавалі шляхі ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе на аснове менскіх дамоўленасьцяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG