Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былых палітвязьняў бяруць на «прафіляктычны ўлік»


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

У якім статусе будуць пасьля вызваленьня нядаўнія палітвязьні Мікалай Статкевіч, Юры Рубцоў, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка?

Усе яны пасьля вызваленьня мусяць зьявіцца ў органы міліцыі па месцы жыхарства, каб стаць на прафіляктычны ўлік. Пра гэта іх папярэдзілі ў месцах зьняволеньня, калі давалі даведку аб вызваленьні. Ці сталі ўжо яны на ўлік?

Зь Мікалаем Статкевічам пагутарыць не ўдалося: ён быў заняты — даваў чарговае інтэрвію. Па зьвесткі наконт ягонага далейшага статусу карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да жонкі Марыны Адамовіч. Спадарыня Марына паведаміла, што ў даведцы аб вызваленьні яе мужа было пазначана, што за ім будзе ўсталяваны прафіляктычны ўлік, і гэта ўжо пацьвердзілі ў РУУС Ленінскага раёну Менску.

«Учора мы былі ў РУУС, дзе нам пацьвердзілі, што Міколу паставілі на прафіляктычны ўлік цягам 8 год, на час зьняцьця судзімасьці. І нам патлумачылі, што праз 4 гады можна зьвяртацца ў суд пры добрых паводзінах наконт зьмены тэрміну. Але сам улік для яго азначае, што на 8 год зь яго ня зьнятая судзімасьць. То бок гэтае вызваленьне рэальна вызваленьнем назваць яшчэ нельга. Папярэдзілі, што калі будзе тры любыя адміністрацыйныя парушэньні цягам году — прыкладам, дарогу ня там перайшоў ці хуткасьць перавысіў на аўтамабілі — дык будзе пераведзены пад прэвэнтыўны нагляд. А гэта ўжо больш сур’ёзна. Там трэба быць у доме ў пэўны час, да цябе прыходзяць з праверкамі... А Міколу з абмежаваньняў ёсьць тое, што калі будзе зьяжджаць куды больш як на 30 дзён, дык трэба інфармаваць міліцыю».

Паводле Марыны Адамовіч, вялікі тэрмін прафіляктычнага ўліку для Мікалая Статкевіча тлумачыцца тым, што ён быў асуджаны за злачынства, якое лічыцца цяжкім.

Гомельскі актывіст Юры Рубцоў паведаміў, што ягоны тэрмін прафіляктычнага ўліку — 2 гады. Гэтак былому палітвязьню сказалі сёньня ва ўправе міліцыі. «Але папярэдзілі, што калі будзе за год тры адміністрацыйныя парушэньні, дык могуць і зноў пасадзіць», — кажа Юры Рубцоў.

Юры Рубцоў
Юры Рубцоў

Умовы прафіляктычнага ўліку для Рубцова такія самыя, як і ў Мікалая Статкевіча: абмежаваньняў у знаходжаньні па-за домам няма, але пры зьмене месца жыхарства ці ад’езьдзе больш як на 30 дзён трэба інфармаваць міліцыю.

Былы палітвязень Мікалай Дзядок у міліцыю не хадзіў, бо яго пра гэта не папярэджвалі. Другога з вызваленых з-за кратаў анархістаў — Ігара Аліневіча — у Фрунзенскім РУУС Менску ўжо паставілі на прафіляктычны ўлік на 5 год. Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 год зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Гэтым цяжкім абвінавачаньнем Ігар Аліневіч і тлумачыць тое, што яго паставілі на такі працяглы ўлік. А Мікалай Дзядок, кажа Ігар, вызваляўся з адбыцьця пакараньня паводле 411 артыкула, які ня лічыцца цяжкім.

5 гадоў прафіляктычнага ўліку атрымалі і актывісты з Бабруйску Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка, якія былі асуджаныя на 7 год зьняволеньня кожны паводле артыкула аб хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйнага будынка. «У нас быў цяжкі артыкул, таму і досыць даўгі тэрмін прафіляктычнага ўліку — па 5 гадоў. Але гэта не нагляд, гэта толькі ўлік — толькі трэба інфармаваць, калі едзеш куды больш як на месяц. Яшчэ сказалі, каб праінфармаваў, куды ўладкуюся працаваць. А праз палову тэрміну нагляду яго можна будзе зусім зьняць, калі ўсё будзе добра», — паведаміў былы палітвязень Яўген Васьковіч. Пра ўмовы ўліку былому палітвязьню паведамілі ў міліцыі сёньня, 25 жніўня.

Арцём Пракапенка, які наведаў міліцыю наконт уліку ўчора, 24 жніўня, дадаў да аналягічных зьвестак: «Папярэдзілі, што калі што якое, дык могуць з уліку перавесьці пад нагляд».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG