Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.
***
Дарагі містэр Прэзідэнт!
Ад лорда Б., паліттэхнолага і эсквайра, мэмарандум.
Сучасная дэмакратыя перажывае глыбокі крызіс, і зразумела чаму: стрэсу і расходаў ад выбараў кожныя пяць гадоў вышэй галавы, а вынік той самы, і народ губляе энтузіязм. Рэстаўрацыя манархіі — эфэктыўны выхад, але лепш яна працуе не ў першым, а ў наступных пакаленнях. Таму ў вашым канкрэтным выпадку мы прапануем радыкальна іншы інавацыйны падыход, які гарантуе як якасьць працэсу і высокую заангажаванасць электарату, гэтак і надзейны і прадказальны прыблізна да 1/1000 вынік.
Карацей кажучы, выбары адзінага прэзідэнта павінна стаць сьвятам, якое заўсёды з электаратам. Выбары павінна стаць нечым блізкім, родным, свойскім, што суправаджае жыццё кожнага чалавека ад пупавіны да дамавіны, і калі не кожны Божы дзень, дык прынамсі штотыдзень.
Дзеля гэтага прапаную вам сумясціць прэзідэнцкія выбары з розыгрышам у спортлато, якое транслюецца па тэлебачанні кожную нядзелю, у прайм-тайм. Я прапаную штотыдзень выбіраць прэзідэнта адкрыта, публічна, у выніку непрадузятага і таемнага галасавання.
Прыблізны сцэнар падаю ніжэй.
ПРЫБЛІЗНЫ СЦЭНАР РОЗЫГРЫША ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ Б.
Вядучы: Добры вечар, добры вечар, дарагія нашы выбарнікі! Сёння мы разыгрываем спортлато і прэзідэнта Рэспублікі Б. Сёння знойдуцца тыя, каму пашанцуе ў «5 з 36», і тыя каму пашчасціць ў «адным з аднаго». Але будуць і тыя, я ўпэўнены ў гэтым, каму фартуна ўсміхнецца двойчы: і тут, і там! Да лататрона, дарагія выбарнікі!
Буйным планам лататрон, на якім разыгрываецца пяць шароў з трыццаці шасці.
Вядучы: Пераможныя нумары на экране вашых тэлевізараў! Тыражная камісія, у вас ёсць заўвагі?
Тыражная камісія: У тыражнай камісіі заўваг няма!
Вядучы: А цяпер выбары прэзідэнта! Таго, хто падчас галасавання ў сваім выбарчым бюлетэні правільна пазначыць імя будучага прэзідэнта, чакае шыкоўны прыз — трохпакаёвая кватэра на адной з вуліц горада і шар з лагатыпам прэзыдэнта! Не ведаю як у вас, а ў мяне мурашкі па целе ад хвалявання!
Буйным планам лататрон, на якім разыгрываецца адзін шар з імем будучага прэзідэнта Рэспублікі Б.
Вядучы: Так, у нас ёсць новы гарант спортлато, то бок, канстытуцыі, а таксама... шэсць мільёнаў пераможцаў, якія правільна ўгадалі імя будучага гаранта! Фантастыка! Тыражная камісія, у вас ёсць заўвагі па выбарах прэзідэнта?
Тыражная камісія: У тыражнай камісіі заўваг няма!
Вядучы: Так, паколькі кватэра ў нас адна, а пераможцаў шмат, дык вызначым пераможцу, шаноўныя выбарнікі, па дадатковым пытанні аб працэнце падтрымкі дзеючага прэзідэнта. Які працэнт падтрымкі, тыражная камісія?
Тыражная камісія: У тыражнай камісіі заўваг няма!
Вядучы: Ды што вы адно і тое ж талдычыце, шаноўная камііся?! Працэнт галасавання які, пытаюся?!
Тыражная камісія: У тыражн...
Вядучы: А-а, дарагія выбарнікі, няважна, мне тут і без іх паведамілі, што працэнт падтрымкі, пам-пам — 92.245484 %! Тых хто, ўгадаў працэнт падтрымкі прэзідэнта да дзесяцітысячнай, атрымаюць па два мільёны тутэйшых рублёў на нос, але ўсіх васьмі лічбаў, як мне тут падказваюць, не адгадаў ніхто... Але, шаноўныя тэлегледачы, не варта адчайвацца, ёсць і плюс, Джэк Пот як, дарэчы, і працэнт падтымкі Прэзідэнта, зноў расце! Сустрэнемся роўна праз тыдзень, на чарговых 128-х выбарах, прысвечаных Дню выбараў, дзе мы ізноў выбярэм Прэзыдэнта і разыграем ужо дзве кватэры!
Гучыць гімн, усе ўстаюць!
Паважаны прэзыдэнт!
Апісаная перадача можа ісці ў жывым эфіры, але першыя сто-дзьвесце выпускаў мы рэкамэндуем зрабіць у запісе, а потым паўтараць, бо розніцы ўсё-адно ніхто не заўважыць, а кошты знізяцца.
Наша фірма гатова распрацаваць неабходныя праекты дэкрэтаў і забяспечыць рэгулярную пастаўку шароў розных памераў і формаў, на якіх можа быць змешчана ваш логатып (герб) і адрас (назва краіны).
Шчыра Ваш
Лорд Б.
Ад рэдакцыі: І адрас, і арыгінал гэтага звароту захоўваецца ў надзейным месцы, і калі што, нічога нікому ня будзе. Прысылайце свой ліст, і мы яго абавязкова перадамо куды трэба (на кароткіх і сярэдніх хвалях і ў Інтэрнэце). Адрас svaboda@rferl.org