Спэцыяльная назіральная місія АБСЭ прыйшла да высновы, што страляніна па мястэчку Сартана пад Марыюпалем у асноўным вялася з ўсходняга напрамку, дзе праходзіць лінія судакрананьня ўкраінскіх вайскоўцаў і сэпаратыстаў, паведамляецца ў апошняй справаздачы назіральнікаў.
Яны вывучылі 11 варонак ад снарадаў у Сартане і прыйшлі да высновы, што яны зьявіліся ад разрываў 122-мм або 152-мм артылерыйскіх снарадаў, ужываньне якіх забаронена Менскімі дамоўленасьцямі.
У выніку абстрэлу ў Сартане загінулі тры чалавекі, яшчэ шэсьць атрымалі раненьні. Таксама супрацоўнікі місіі агледзелі 25 разбураных дамоў.
У Панцеляймонаўцы Данецкай вобласьці, якая знаходзіцца пад кантролем сэпаратыстаў, на адрас сябраў місіі АБСЭ, якія прыехалі агледзець мястэчка пасьля абстрэлаў, гучалі пагрозы. Напярэдадні паведамлялася, што падчас канфлікту паміж назіральнікамі АБСЭ і сэпаратыстамі «ДНР» у Яленаўцы (Данецкая вобласьць) адзін зь іх закінуў у машыну місіі артылерыйскі снарад, які не разарваўся.
Сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны зноў абвастрылася ў жніўні. Кіеў і сэпаратысты абвінавачваюць адзін аднаго ў эскаляцыі канфлікту і абстрэлах кантраляваных тэрыторыяў. Лідэры Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны дамовіліся правесьці сустрэчу ў Бэрліне ў панядзелак, каб абмеркаваць сытуацыю ў Данбасе.